Трагедыя «У тумане»
На адкрыцці кінафэсту «Лістапад» была нарэшце паказаная кінастужка Сяргея Лазніцы «У тумане», зробленая паводле аднайменнага твору Васіля Быкава. Пасля Канскай
прэм’еры і прызоў на міжнародных кінаагледзінах доўгачаканую стужку пабачылі ў Беларусі.
Фільм Лазніцы — найлепшая экранізацыя Быкава. І гэта высокая трагедыя з падставовым беларускім характарам у цэнтры.
Фільм пачынаецца сцэнай, знятай адным кадрам. Патыліцы людзей, якіх вядуць на шыбеніцу, пабітыя галовы, каржакаватыя целы, фатум. Тлум беларускай вёскі, але петлі ўжо ладзяцца, спакойна і будзёна;
вось цягнік прыйшоў — людзі спускаюцца па сходах, хлопчык чысціць боты жаўнеру, занудлівы голас нешта чытае пра вялікую Германію і падбухторшчыкаў; на плошчы мяснік выставіў тушы. Людзей
павесілі — закадравым хрустам. Камера спынілася.
Мы бачым лес — і пераплеценыя галіны, восеньская трава ў кадры. З глыбіні лесу вырастаюць коннікі — камера рухаецца ўверх, каб паказаць тых, хто набліжаецца — і гэты
манументальны рух пераўтварае звычайны беларускі лес у амаль метафізічныя дэкарацыі, прымушае праваліцца ў карціну — і не адрываць вачэй ад экрана.
Сюжэт стужкі, што ідзе за аповесцю Быкава, лаканічны і просты. Два партызаны Бураў і Войцік прыходзяць, каб пакараць смерцю абходчыка Сушчэню, які — у гэтым усе перакананыя — выдаў
сваіх сяброў. Сушчэня гасцей чакае. Але герой ані ў чым не вінаваты: нацысты адмыслова пакінулі яго ў жывых, каб спляжыць — і каб чалавека забілі свае ж. Бурава падстрэльваюць у гушчарніку
паліцаі — і Сушчэня нясе свайго няздзейсненага забойцу на спіне. Войцік думае толькі пра сваю шкуру, але і ён ловіць кулю. Сушчэня застаецца сам-насам з памерлымі партызанамі — і
адзіны чын, каб давесці сваю праўду, — зрабіць сабе смерць.
У кожнага з герояў ёсць папярэдняя гісторыя. Сушчэня (Уладзімір Свірскі) адмаўляецца супрацоўнічаць з нацыстамі, і бязвінны вырачаны на грамадскае зганьбаванне. Бураў (Уладзіслаў Абашын), які
сумняваецца ў выраку Сушчэні, сышоў у партызаны, калі спаліў забраны паліцаямі аўтамабіль. Прыстасаванец Войцік (Сяргей Колесаў) ужо аднойчы загубіў людзей, ратуючы сябе.
Але ясныя і акрэсленыя героі — гэта не толькі тыпы: «святога; чалавека, які сумняваецца, і злачынцы», як казаў у гутарцы Лазніца. Рэжысёр, які пачынаў дакументалістам,
зрабіў фільм, дзе за штодзённай дакладнасцю хаваецца веліч антычнай трагедыі.
Толькі замест дэкламацый тут — сціслыя фразы, а замест хору — музыка гукаў: застрашальны шум гадзінніка, закадравы клёкат крумкачоў, што сабраліся над целам і махаюць крыламі
(Лазніца ўвогуле адмовіўся ў карціне ад музыкі).
Беларуская хатка — гэта антычная сцэна, а лес — гэта Аід.
Пры гэтым кадры ані на каліва не губляюць сваёй фактурнай рэальнасці, але дзякуючы светлавому майстэрству аператара Алега Муту і гукавой партытуры Уладзіміра Галаўніцкага набываюць метафізічнае
вымярэнне.
Вось шараговая сцэна: Бураў крадзецца, каб падпаліць машыну. Чорныя, тлустыя галіны дрэваў лезуць у кадр: душа прагне помсты. Дзесьці то вые, то захлынаецца кашлем сабака, каб звягліва распачаць зноў
— напружанне то сціскаецца, то завісае перад вырашальным дзеяннем. Чырвоны колер лютасці б’е полымем. А калі Бураў крочыць да партызанаў, то перасякае счарнелую і ледзяную пашу
— тэрыторыю мёртвых, пекла. Папярэдняя стужка Лазніцы «Шчасце маё» таксама абапіралася на іншасветную і міфалагічную прастору — старанна замаскаваную пад чарнушную
расійскую рэчаіснасць, — але не мела такіх герояў і такіх маральных канфліктаў.
Быкаўскія героі, Быкаўскія пейзажы (ствараюць настрой і адлюстроўваюць душу), Быкаўскія разважанні і ўспаміны герояў увасобіліся ў фільме — пераканаўчым, як першыя каляровыя фатаграфіі.
Гукавое жыццё карціны, дзе сам стаіш перад выбарам, мае толькі адну недасканаласць — празмерную рускую мову фільму.
У абсалютнай сімфоніі гукаў мова, на якой гавораць героі, — гэта збой такту. Мова, увогуле, адмысловы чыннік стужкі, тым болей, калі гутарка ідзе пра шэдэўр. Мова — гэта і лексіка,
і сэнс, і мелодыя зыкаў, і адценні, і акцэнты, якія мусяць спрацаваць.
Калі на рускай мове з акцэнтам гаворыць нямецкі афіцэр, сыграны Уладам Івановым, — руская мова апранаецца ім як дагледжаны мундзір і цалкам на сваім месцы. Шокава-праўдзіва гучыць загад на
павешанне (знойдзены Лазніцаю сапраўдны дакумент), хаця з лёгкім акцэнтам было б праўдзівей.
Калі нейкія прахадныя, не самыя важныя фразы кідае на рускай мове Войцік, гэта таксама яму да твару — ахайнага і паголенага. Але калі эмацыйны градус расце — руская мова ў ягоных
вуснах пачынае фальшывіць.
Інтанацыі герояў у карціне — паміж дакументальнасцю і экзістэнцыйным пафасам, што збіваецца на дэкламацыі, — і руская мова, узятая з перакладаў Быкава, выдае сцішана-пластыкавыя
зыкі, што, зрэшты, заўважаць толькі ў Беларусі. Калі б мова Бурава вагалася б ад чыстае беларускае да трасянкі — у залежнасці ад сітуацыі — гэта толькі спрацавала б на ягоны вобраз.
Занадта стэрыльнае рускае вымаўленне паліцаяў і вясковых жанчын. І зусім не пасуе руская мова галоўнаму герою — Сушчэню. Толькі на вяршыні ягонае споведзі ўвогуле не зважаеш на мову.
Правільная руская мова разбурае рэальнасць дасканалае стужкі, але гэта адзіная трэшчынка ў дыяменце.
Знятая на нямецкія грошы інтэрнацыянальная карціна «У тумане» — гэта самы беларускі фільм апошняга часу. І не толькі таму, што гэта экранізацыя Быкава, зробленая з удзелам
«Беларусьфільму» і з мясцовымі творцамі ў групе (рэжысёр Сяргей Лазніца, галоўны акцёр Уладзімір Свірскі, гукааператар Уладзімір Галаўніцкі — з Беларусі).
Карціна дае вобраз беларускага героя. Сушчэня, сыграны Уладзімірам Свірскім, — гэта чалавек сумлення, здольны на маральны выбар у амаральных умовах. Ягоная адмова ад хаўрусу са злом
працінае. Гэта герой трагедыі, хаця аповесць «У тумане» — бадай, сама песімістычны і змрочны твор Быкава. У трагедыі герой гіне, але перамагае духоўна. Стрэл, што прагучаў
у тумане, — гэта не смерць. Катарсіс, слёзы «страху і спачування» — гэта пачатак новага жыцця.