Тыя ж і граф Фрэдра
У Купалаўскім тэатры адзначылі юбілей слыннага польскага драматурга Аляксандра Фрэдра. Падзея, якая адбылася на гэтым тыдні дзякуючы супрацы дырэкцыі тэатру імя Янкі Купалы, Амбасады Польшчы ў Беларусі і выдавецтва “Логвінаў”, мела ўнікальны характар.

На рэпетыцыі. Фота kupalauski.by/fredra/
“Цёмна, людзі… Глуха, людзі… Заскуголіў цюцька ў будзе... Як Міцкевіч нам прарочыў, штосьці будзе, штосьці будзе…” Акторкі Кацярына Алейнікава і Крысціна Казак у строях “кісейных паненак” спускаюцца з чорнай ажурнай галерэі. Дзіва што не забываюць у цэйтноце вывучаны тэкст — прабірацца трэба проста па галовах “галёркі”, якая вісіць на парэнчах. 22 кастрычніка Купалаўскі тэатр, які, паводле ўсіх афішаў, даваў старую добрую “Паўлінку”, сабраў яшчэ адзін нечаканы аншлаг.
Нарэшце па-беларуску
Пачнём з таго, што ўпершыню з моманту адкрыцця мадэрнізаванага будынку на Энгельса шырокая публіка мела магчымасць пазнаёміцца з “тэатральнай кухняй” — рэпетыцыйнай залай тэатра, у якую трапляюць са службовага ўваходу. Аснашчаная складаным з выгляду светлагукавым абсталяваннем, прасторная і густоўна-строгая, у спалучэнні з венскімі крэсламі ды іншым старасвецкім рэквізітам, яна ўяўляе сабою актуальнае сёння яднанне “вінтажу” і “хай-тэку” і па антуражы можа пазмагацца з моднымі апошнім часам творчымі кластэрамі, якія арганізуе ў Мінску прадпрымальная моладзь.
Па-другое, упершыню на айчынных тэатральных падмостках ішла гаворка пра камедыёграфа Аляксандра Фрэдру (1793–1876) — класіка польскай літаратуры, 220-годдзе якога сёлета шырока адзначаюць у Польшчы. На жаль, да гэтага года слыннага аўтара на беларускую мову не перакладалі. Граф Фрэдра нарадзіўся ў Галіцыі і ўсё сваё доўгае жыццё пражыў паміж Львовам і раскошнай сядзібай Бэнькава Вішня, якую спраектаваў сам. Напісаў больш за два дзясяткі п’ес, якія цяпер складаюць залаты фонд польскай літаратуры. Дзве самыя знакамітыя — вершаваныя “Помста” і “Дзявочыя зарокі” — сёлета пабачылі свет у выдавецтве “Логвінаў”. “Помсту” пераклаў Андрэй Хадановіч, а “Дзявочыя зарокі” — Марыя Мартысевіч. І толькі 22 кастрычніка можна было пабачыць ўрыўкі з гэтых перакладаў у выкананні актораў-купалаўцаў.
Як адрозніць ямб ад харэя
Пасля прывітальных прамоваў галаўрэжа купалаўцаў Мікалая Пінігіна і польскага амбасадара Лешака Шарэпкі вядоўца Лявон Баршэўскі перадаў слова перакладчыкам. Кожны прадставіў “сваю” п’есу, а потым гледачы маглі параўнаць, а як жа гэта выглядае ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Ігара Пятрова. Забягаючы наперад, скажам, што пастаноўка атрымалася арыгінальнай, густоўнай і далікатнай цытатай з тэатру ХІХ стагоддзя, дакладным адчытаннем фірмовай фрэдраўскай іроніі. Аздабляла вечарыну музыка тагачасных кампазітараў у выкананні трыё “Вытокі” пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова. “Для мяне гэтая вечарына — яднанне літаратуры, тэатру і музыкі, сапраўдная творчая лабараторыя. Адно захапленне — назіраць за гэтай “адкрытай рэпетыцыяй”, дзе на сутыку розных відаў мастацтва нараджаецца яркае відовішча”, — прызналася нам па заканчэнні імправізаваных спектакляў загадчыца літчасткі Купалаўскага Вольга Бабкова.
“Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца” — гэты “гімн каханню”, па словах перакладчыцы Марыі Мартысевіч, Фрэдра ствараў аж сем гадоў — у сувязі з асабістай мілоснай драмай. Драматург дабіваўся рукі каханай Соф’і Скарбэк, нешчаслівай у першым шлюбе. Таму п’еса ў нечым аўтабіяграфічная — яна “пра каханне, якое не прыносяць нам на сподачку: да кахання трэба дарасці, яго трэба заслужыць, за яго трэба пазмагацца”. Галоўны герой Густаў (пародыя на Густава з Міцкевічавых “Дзядоў”) — баламут, сталічны франт, аматар начных пагулянак — сватаецца да ціхай вясковай паненкі Анелі. Ён мяркуе, што правінцыйная панна з радасцю стане яго жонкай, але выяўляецца, што Анеля, разам з кузінай-“фемістікай” Кларай, дала зарок ніколі не выходзіць замуж. І гэта ў ХІХ стагоддзі! Але разумны і прадпрымальны Густаў знаходзіць арыгінальнае выйсце з няпростай сітуацыі…
“Фрэдра навучыў мяне таму, што пяці- і шасцістопны ямб — гэта дзве вялікія розніцы”, — пажартавала Мартысевіч. Таксама яна прызналася, што, каб падабраць ключ да перакладу, глядзела аматарскія відэа на ютубе. П’есу “Дзявочыя зарокі” вельмі любяць польскія рэжысёры, у тым ліку ў школьных тэатрах. Менавіта яе персанажаў часта пераапранаюць у сучасныя касцюмы, бо Фрэдра апярэдзіў сваю эпоху: праблема адносін паміж мужчынамі і жанчынамі ў п’есе выявілася актуальнай і ў наш час. Таму перакладчыца вырашыла адпрэчыць прапанову рэдактара Лявона Баршчэўскага стылізаваць пераклад пад тэатр Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які працаваў у адну эпоху з Фрэдрам, а зрабіла “сучасны пераклад сучаснай мовай”: “Канешне, слова “тэлефон” там няма, але ёсць іншыя неспадзяванкі”.
“Помста” таксама “крыху аўтабіяграфічная: пасля доўгачаканага шлюбу з Соф’яй граф Фрэдра атрымаў у валоданне жончын замак Камянец, спрадвеку падзелены паміж двума шляхецкімі родамі, якія варагавалі паміж сабой, судзіліся і нават пабудавалі пасярод замку мур. Варажнечу “сармацкіх Мантэкі і Капулеці” Фрэдра іранічна апісаў у камедыі “Помста”.
“У маёй калегі быў хоць бы пяцістопны ямб — ёсць, дзе разгарнуцца. А мне даводзілася працаваць з кароткім чатырохстопным харэем,” — падзяліўся сваімі спецыфічнымі праблемамі Андрэй Хадановіч (у прыватнай гутарцы ён потым шмат наракаў на прафесію натарыюса Маўчука, якая ўпарта “не лезла ў радок”). Хадановіч прадставіў п’есу “Помста” як настальгічнае развітанне графа Фрэдры з выдатнай эпохай да падзелу Рэчы Паспалітай.
Палюсы сармацкасці
Гэткім жа развітаннем з сарматчынай быў “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, які ствараўся адначасова з “Помстай”, але Фрэдра быў больш іранічным. Ён падкрэсліў унутраныя супярэчанні польска-літоўска-галіцкайшляхты, якія і прывялі да гібелі вялікай дзяржавы: “Адзін полюс — ваяўнічы чашнік Мацей Грамыхайла, які, ледзь што, хапаецца за шаблю. Другі — ціхі, ветлівы, але хітры і падступны натарыус Маўчук, які дзейнічае ананімнымі даносамі”, — расказаў Хадановіч. Яшчэ адна супярэчлівая фігура,— былы ваяка Папкін (у беларускай адаптацыі Пупкін). На словах — ваяўнічы хвалько, а на справе ледзь што — у кусты.
Такія карыкатуры на шляхту вельмі весялілі непатрабавальную публіку, але былі непрыемныя для тагачасных паэтаў-рамантыкаў — паслядоўнікаў Міцкевіча, удзельнікаў рэвалюцыі 1830–1831 гадоў. Фрэдру зацкавалі ў крытыцы, у выніку чаго ў 1839 годзе ён надоўга перастаў пісаць і да канца жыцця не апублікаваў ні радка. Але час узяў сваё — сёння Фрэдра і Міцкевіч (які да крытыкі Фрэдры ніякага дачынення не меў) — аднолькава значныя ў Польшчы класікі.
…Цікава было паслухаць, як даюць рады з вершаванай дэкламацыяй акторы розных пакаленняў. Што чатырохстопны харэй, што пяцістопны ямб —заслужаныя артысты Тамара Мікалаева-Апіёк (пані Дабрадзейская) і Уладзімір Рагаўцоў (натарыус Маўчук) выдатна прамаўлялі няпросты вершаваны тэкст. А вось маладыя акторы перыядычна збіваліся на прозу. Гэта ад недасведчанасці ці майстэрства дэкламацыі памірае разам з цікавасцю чытача да паэзіі? — спрачаліся гледачы. У любым выпадку, калі Паўла Астравуха (Пупкін) выносілі са сцэны чацвёра натарыусавых служак — зала патанула ў авацыях. Што тут сказаць? Шкада, вы гэтага не бачылі. Зрэшты, ёсць надзея, што разавая тэатральная прэзентацыя новага беларускамоўнага збоніку камедый перарасце ў “поўнаметражную” пастаноўку ў адным з нашых тэатраў. Дальбог, Аляксандр, граф Фрэдра гэтага заслугоўвае.










