У Мінску прайшоў Першы сход вавіланян
Прэзентацыя беларуска-нямецкай версіі кнігі Міхаіла Валодзіна «Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках» прайшла ўчора ў бібліятэцы імя Пушкіна і сабрала сапраўднае вавілонскае стоўпатварэнне.
На самім пачатку імпрэзы Міхаіл Валодзін выказаў падзяку арганізацыям, без якіх стварэнне кнігі было б немагчымае: рыэлтарскай кампаніі «Твоя столица» ў асобе дырэктара Людмілы Красоўскай, кампаніі «Будзьма беларусамі!», якую прадставілі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, і Саюзу беларускіх пісьменнікаў, а менавіта Барысу Пятровічу і Алесю Пашкевічу. Менавіта ў бібліятэцы Саюза — «Кнігарня пісьменніка» — і выйшаў беларуска-нямецкі «Наш стары добры Вавілон».
Пасля гэтага афіцыйнага ўступлення раптам пачаліся метамарфозы: на сцэну выйшаў Кот Бургамістр, у якога ўдала ўвасобіўся Зміцер Падбярэзкі, а сам Міхаіл Валодзін накінуў медыцынскі халат, узяў у рукі фанендаскоп, ператварыўшыся у аднога з герояў «гісторыек» доктара Гіндэнбурга.
На гэтым гістарычны маскарад не скончыўся. Знаўца Мінскай біяграфіі Вадзім Зелянкоў пераўвасобіўся ў Аляксандра Смародскага, гімназічнага настаўніка, чыноўніка і заходнерусіста, які цягам дзесяці гадоў рэдагаваў «Памятныя кніжкі Мінскай губерніі» — яны і сёння з’яўляюцца важнай крыніцай ведаў пра гісторыю горада. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі стаўся Фердынандам Рушчыцам: Мінск для апошняга быў горадам маладосці, першых трыумфаў і любоўных перажыванняў.
Ад імя ўсіх новых вавіланян выступіў Цімох Акудовіч. Ён прывёў цікавае параўнанне: як некалі Вавілон, Менск убіраў у сябе розныя культуры, носьбіты якіх лёгка між сабой кантактавалі. І як «вавілонская» эпоха саступіла трыумфу антычнасці, так на месцы старога, вынішчанага Менска быў адбудаваны новы, строгі, дакладны ва ўсім горад. Новыя вавіланяне — гэта мінчукі, здольныя адначасова быць у Мінску і Менску, у горадзе колішнім і сучасным, рамантычным і празаічна-побытавым. «І гэта неабавязкова гісторыкі. Я ўпэўнены, усе мы, хто сабраліся сёння на прэзентацыі, здольныя бачыць Мінск у розных пласкасцях. Можна лічыць, сёння адбыўся першы партыйны сход вавіланян».
Цікава, што аўтарам ідэі перакладу Міхаіл Валодзін лічыць Уладзіміра Пуціна. «Я абсалютна сур’ёзна пра гэта кажу. Справа ў тым, што ён правёў рысу паміж рускімі — і рускімі: рускімі-жыхарамі Расіі (Расійскай імперыі) і рускімі, што жывуць тут. Доўгія гады я сапраўды лічыў: добра, што беларуская мова ёсць, але ведаць яе неабавязкова. Цяпер я лічу інакш. Аднак беларуская мова не павінна быць адна. Чым больш моў — тым лепш».
Таксама Міхаіл Валодзін спадзяецца, што «Наш стары добры Вавілон» стане альтэрнатывай саломцы і матрошкам, якія беларусы возяць за мяжу ў якасці сувеніраў.
Чаму другой мовай выдання абраная нямецкая? Аўтар называе дзве прычыны: па-першае, немцы мелі не апошняе значэнне ў старасвецкім Менску і паўплывалі на культуру горада; па-другое, яны вельмі многае зрабілі для Мінска, дапамагаючы адбудоўваць горад, «хоць гэта, магчыма, і комплекс віны». Пераклад на беларускую мову здзейсніў Віталь Рыжкоў, на нямецкую — Святлана Люкевіч і Андрэас Градэль.
Спадарыня Святлана зазначыла: «Я часта чую апошнім часам ад старых мінчукоў, што ўсё цяжэй і цяжэй любіць гэты горад. Кніга Міхаіла Валодзіна напісаная так, што ты разумееш: Мінск варты таго, каб яго любіць».
Беларуска-нямецкая версія «Вавілону…» захавала мастацкае афармленне папярэдняй кнігі: на вокладцы — адмыслова для таго напісаныя карціны Ігара Рымашэўскага; усе «ўнутраныя» ілюстрацыі — Сяргея Стэльмашонка.
Так прэзентацыя ператварылася ў вечар, прысвечаны адному герою — Мінску-Менску-Минску. Нехта палюбіў горад адразу, іншыя ведаюць яго з маленства і не асабліва ўзіраюцца ў яго твар, але большасць, як зразумела са слоў выступоўцаў, доўга не прымала Мінск. Сярод такіх — кампазітар Віктар Капыцька. «Праз нейкі час пасля таго, як у Менску адкрылася метро, я прывёз сюды маму. Яна была заварожаная, усім захаплялася, а я па старой звычцы пачаў бурчэць: якія вузкія эскалатары, якія кароткія, і чаму іх так мала, і тое не гэтак, і гэта не так… Пасля чаго мама азірнулася да мяне і сказала: «Сынок. Я вярталася ў горад, ад якога не засталося камня не камені. Ён быў знішчаны…» І тады я паглядзеў на горад зусім іншымі вачыма».
З віншаваннямі аўтару і словам пра Мінск выступілі мастак Дзмітрый Сурыновіч, фатограф Георгій Ліхтаровіч (яго работы таксама ёсць у кнізе), Андрэй і Крысціна Вітушкі, бібліятэкар Наталля Баброва, а таксама гісторык, мастацтвазнаўца і «калекцыянер пладовага віна» Ягор Сурскі. «Трэба падзякаваць Міхаілу, бо гэта надзвычай своечасовая кніга. Ён сказаў, што беларуская мова — ахова, а я дадам, што ахова — гэта памяць. Міхаіл гэтую памяць аднаўляе, актуалізуе. Без памяці горад знікне».
Як і без музыкаў. Магчыма, даўным-даўно, калі толькі з’явіўся Менеск, тут спявалі старадаўнюю «Ружу-кветку» — як музыка Алесь Чумакоў на прэзентацыі «Нашага старога добрага Вавілона». Да менскіх можна смела аднесці створаную тут у 1978 годзе песню «Зачараваная» на словы Генадзя Бураўкіна. Гэтую і некаторыя іншыя песні выканалі музыкі Пятро Клюеў і Зміцер Бенят.
Прэзентацыя доўжылася тры гадзіны, але і пад заслону зала заставалася поўнай. Не будзе перабольшаннем сказаць, што вялікая ў гэтым заслуга Змітра Вайцюшкевіча, чый выступ чакалі шчыра і з нецярпеннем. Дарэчы, выкананая ім на развітанне «Бывайце здаровы» таксама знайшла месца ў «Нашым старым добрым Вавілоне».
Наста Грышчук, budzma.by
Фота: Зарына Кандарцьева
Беларуска-нямецкае выданне «Мінскіх гісторыек», падрыхтаванае кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у серыі «Кнігарня пісьменніка», ужо з’явілася ў мінскіх кнігарнях і інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by!
«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А), «Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9), «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2), «Веды» (вул. К.Маркса, 36), «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш «Мир книг» (вул. Янкі Купалы, 27), «Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75).