Вайна і мова
«А таму хвораму на грудзі салдату-беларусу, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у бальніцы для нервовахворых, чым тут, у нас. Ён ляжыць на Саксанавым месцы.
Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:
— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..»
Апавяданне Максіма Гарэцкага «Рускі», бадай, ці не адна з самых першых разбудаваных нацыянальных алегорый у беларускай літаратуры. «Салдат-беларус», які да Першай
сусветнай вайны быў «звычайным земляробам Магілёўскае губерні», цяпер у складзе рускага войска змагаецца супраць Аўстра-Венгерскай імперыі, якая 10 жніўня 1914 года абвясціла вайну
Расійскай імперыі.
На карысць таго, што задэклараваны Рускі ўсё ж беларус, сведчыць і факт яго своеасаблівага стаўлення да вайны: «Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытых акопамі палях, знаходзіў
пустое бульбявішча...» Забрыўшы аднаго разу блізка да аўстрыяцкіх пазіцый, Рускі сустракае Аўстрыяка. Тут жа, аднак, чытач даведваецца, што і Аўстрыяк быццам не зусім аўстрыяк, калі жаўнер
упершыню адгукаецца: «Руськый! Я маю горілку...» Дзея, хутчэй за ўсё, адбываецца на Галіччыне, якая ў той час сталася адным з самых вялікіх фронтаў Першай сусветнай вайны, і
аўстрыйскі салдат у сапраўднасці, хутчэй за ўсё, украінец.
Беларус-усходнік і ўкраінскі западэнец — браты славяне, а адначасна намінальныя ворагі — Рускі і Аўстрыяк, «прывіталіся як даўнія сябры» і селі на зямлю, каб
распіць аўстрыякаву гарэлку і выкурыць рускай махоркі. Пасля кароткага частавання незнаёмцы пачынаюць разыходзяцца, і тут ваенны абавязак бярэ верх над асабістымі меркаваннямі. Рускі паварочваецца,
нацэльвае стрэльбу і забівае Аўстрыяка. Апавяданне заканчваецца тым, што беларус залечвае фізічнае, а ў большай ступені, відаць, духоўнае недамаганне ў ваеннай бальніцы, калі пачынае трызніць:
“Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы на другіх хворых і раненых.
Наратар апавядання, назіраючы за гэтай сцэнай, задаецца пытаннем: «Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» — думаю сабе я».
І праўда, шмат каму здавалася б, «не прынцыпова», на якой мове размаўляць. «Мова — гэта форма зносінаў». Не больш і не менш. Але да часу, мабыць, пакуль
за гэтае «не прынцыпова» і «форму зносінаў» табе страляюць у спіну. Наколькі празорліва было для Максіма Гарэцкага ў 1915 годзе выбраць для свайго апавядання
менавіта тых, а не іншых герояў і фармаванні. Ужо трохі больш чым праз два дзясяткі гадоў Аўстрыя з агрэсара пераўтвараецца ў ахвяру Аншлюсу і далучаецца Гітлерам да «Вялікай
Германіі». Беларусь і Украіна, кінутыя ў вір Другой сусветнай вайны, зноў змагаюцца ў складзе пераўтворанай Расійскай імперыі.
Сёння Аўстрыя — гэта адзін з самых яркіх узораў дзяржавы, якая «жыве без нацыянальнай мовы». Сёння шмат якія беларусы часта паказваюць у бок гэтай краіны, калі даводзяць
рацыю існавання нацыі, якая збудавала дабрабыт, карыстаючыся мовай іншай (прынамсі, намінальна іншай) дзяржавы. Наколькі, аднак, гэтая парадыгма адпавядае беларускай рэчаіснасці? Калі адкінуць
некаторыя непрагматычныя аргументы (як, напрыклад, тое, што нямецкая мова, у адрозненне ад рускай для беларусаў, была для аўстрыйцаў роднай ад пачатку, або пра спецыфіку нацыяўтварэння аўстрыйскай
дзяржаўнасці і незалежнасці), то нельга забывацца на тое, перад чым нас перасцерагае адзін з найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў і што пазней у сваіх творах пераўтвараюць на свой лад і Купала, і
Караткевіч, і Быкаў — мова ёсць адвечная і нязменная зброя ў руках народа. Можна хіба дадаць, што найлепш пераканацца ў гэтым у мірны час, чым у ваенны.
«Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у
нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырскванне, заліўся слязьмі так шчыра і жаласна і так доўга, што ніяк не можна было
яму не верыць...»