Вартасць спадчыны і нявартыя спадчыннікі
З нагоды Дня беларускага пісьменства згадваю перадусім надрукаванне ў 1517 годзе першай беларускай кнігі Францыскам Скарынам. Чатыры гады назад у краіне адзначаўся 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Юбілейныя словы для ўшанавання мінулага тады прагучалі і адышлі ў гісторыю. Аднак пра сапраўднае стаўленне сённяшняга пакалення да Скарынавай спадчыны неабходна меркаваць не па словах, а па справах, і не для мінулага, а для цяперашняга і будучага.
Да асноўных складнікаў друкарскай задумы Францыска Скарыны належала родная мова, якой навукоўцы далі назву старабеларускай. Зрэшты, у час Скарыны яна яшчэ была болей падобнай да мовы Кіеўскай Русі, як да сучаснай беларускай, але развівалася ў яе кірунку. Асветнік хаця і друкуе тэкст Бібліі на царкоўнаславянскай мове, але перапрацоўвае і падае яе ў старабеларускай рэдакцыі, піша старабеларускай мовай каментарыі (прадмовы, казанні, пасляслоўі) да друкуемых ім кніг Бібліі, дзякуе Богу, што з’явіўся на свет з той мовы, ахвяруе свае працу і пільнасць яе носьбітам паспалітым людзям, заклікае іх брацца не за многае, а найболей авалодваць сваёй мовай.
Цягам значнай часткі гісторыі беларускія землі ўваходзілі ў склад іншых дзяржаў, улады якіх не заахвочвалі ды нават стрымлівалі развіццё нашага нацыянальнага слова. Зараз Беларусь — суверэннае гаспадарства, і наракаць больш няма на каго. Ці расквітнела ж урэшце мова, якую нам наказваў шанаваць першадрукар?
Не сакрэт, што беларусы размаўляюць пераважна па-руску. Нашая нацыянальная мова трапіла ў складзены ЮНЕСКА ў 2009 годзе Атлас моў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Сучасныя друкары ў краіне выпускаюць на беларускай мове менш як 10% ад усіх кніг ды брашур; на ёй афіцыйна публікуецца каля 3% законаў; навучаецца 11% школьнікаў і 0,1% студэнтаў. Такім чынам, на занятках па гісторыі абсалютнай большасці школьнікаў распавядаецца пра Францыска Скарыну і яго мову па-руску. Застаецца разважаць, ці адчуваюць пры гэтым настаўнікі ды вучні хоць крупінку недарэчнасці — прынамсі тыя, хто здольныя адчуваць.
«Там ест наука всякое правды… Там ест милость и друголюбство без ильсти и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттолъ походять», — піша 6 жніўня 1517 года ў Празе Францыск Скарына пра першую беларускую друкаваную кнігу Бібліі «Псалтыр» у прадмове да яе. Нам зразумелы словы асветніка — і па мове, і па сэнсе, нягледзячы на тое, што мінула больш за 500 год. Гэта сапраўдны цуд і сведчанне адзінства айчыннай гісторыі. Мы цяперашнія праз пакаленні паходзім ад людзей эпохі Скарыны; многае змянілася, але ёсць тое, што нас аб’ядноўвае.
Ці даходзіць да той эпохі гістарычная свядомасць кіраўніцтва беларускай дзяржавы і нашага народа, альбо памяці хапае толькі на нядаўнюю гісторыю? Ці ажыццяўляецца прынцып роўнасці гістарычных падзей і дасягненняў незалежна ад іх часу?
Усе шэсць цяперашніх дзяржаўных святаў устаноўлены ў гонар падзей савецкай альбо найноўшай гісторыі: Дзень Канстытуцыі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень Незалежнасці і новае свята — Дзень народнага адзінства. Два з гэтых дзяржаўных святаў (Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці) прысвечаны, па-сутнасці, адной падзеі — перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. (Апрача таго, устаноўлена помная дата па ахвярах гэтай вайны –—22 чэрвеня.) У асноўным з тым жа гістарычным часам звязаныя:
агульнарэспубліканскія святочныя дні, якія паводле свайго статусу ідуць пасля дзяржаўных святаў. Іх поўны пералік наступны: Новый год, Дзень абаронцаў Айчыны ды Узброеных Сіл, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі;
помныя дні: Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень чарнобыльскай трагедыі, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Добра, што статус святочнага дня (ён не залучаны групай агульнарэспубліканскіх) нададзены Дню беларускай пісьменнасці, які закліканы ўшанаваць і рукапіснае, і друкаванае слова. Сярод дзяржаўных узнагарод маюцца ордэн і медаль Францыска Скарыны.
З кнігай знітаванае жыццё цэлага шэрагу выбітных беларусаў: Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Кірілы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Спірыдона Собаля, Сімяона Полацкага. Іх сэрцы біліся даўно, але яны належаць да ліку самых велічных прадстаўнікоў нашай Айчыны. Вось толькі ў сталіцы ды большасці іншых гарадоў і мястэчак Беларусі не лёгка знайсці вуліцы, праспекты і плошчы, названыя іх імёнамі. Дамінуе нядаўняя гісторыя, якая, дарэчы, адзначана і здабыткамі, і стратамі: Кастрычніцкая, Леніна, Ленінградская, Савецкая ды Сацыялістычная, Маркса ды Энгельса, Дзяржынскага, Чырвонаармейская, Камуністычная, Першамайская, Фрунзенская і да т. п. 7 траўня 2005 года указам Лукашэнкі вызначана змяніць назву праспекта Францыска Скарыны — галоўнай вуліцы Мінска, таму цяпер яна называецца праспектам Незалежнасці. Паводле дзеючага на той час закона «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», гэта мелі права рабіць толькі мясцовыя ўлады, а менавіта Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў з улікам меркавання насельніцтва сталіцы.
Навучанню людзей праз друкаваную кнігу Францыск Скарына ахвяраваў ладную частку свайго жыцця. Гэта быў прыватны праект, і першадрукар не меў падтрымкі з боку дзяржавы ці царквы. Ад яго патрабаваліся неймаверныя намаганні, у чым пераканаецца кожны, хто нават у XXI ст. паспрабаваў бы паўтарыць справу асветніка.
Захавалася каля 500 асобнікаў Скарынавых кніг. Болей як палова з іх знаходзіцца ў Расіі. Беларуская дзяржава мае ў сваёй уласнасці толькі 10. Яны захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Ці зроблены неймаверныя намаганні для таго, каб павялічыць колькасць кніг першадрукара на Беларусі?
Прыкладна за сто апошніх гадоў рэспубліка не набыла ніводнай кнігі Францыска Скарыны. Затое гэта зрабіла прыватная арганізацыя — «Белгазпрамбанк» на чале з Віктарам Бабарыкам, купіўшы «Малую падарожную кніжку», выдадзеную Скарынам у Вільні. Яе дадатковая гісторыка-культурная каштоўнасць абумоўлена тым, што гэта першая друкаваная кніга на абшары літоўска-беларуска-ўкраінскай дзяржавы ВКЛ (і, дарэчы, Савецкага Саюза). «Малая падарожная кніжка» ўяўляе з сябе рэлігійны зборнік, часткі якога аформленыя Скарынам такім чынам, што многія спецыялісты прапануюць лічыць названыя часткі самастойнымі выданнямі (кнігамі). У складзе набытка «Белгазпрамбанка» іх 18.
Дазорцу памяшкання Нацыянальнай бібліятэкі, у якім можна ўбачыць арыгінальныя выданні Скарыны, досыць маркотна — наведнікаў нават у юбілейны 2017-ы год было мала. Працуючы тады ў БДУ на юрыдычным факультэце, аўтар гэтага артыкула з нагоды 500-годдзя друкаванай беларускай кнігі распавёў студэнтам пра выключную ў варунках тагачаснага свету адукаванасць Францыска Скарыны і новасць яго справы для ўсходняга славянства. Крыху пазней — прапанаваў разам наведаць Нацыянальную бібліятэку, каб яны здолелі на свае вочы пабачыць кніжны скарб. Група налічвала 24 студэнты, на сустрэчу ж са спадчынай першадрукара прыйшлі… чатыры.
У Полацку знаходзіцца Музей беларускага кнігадрукавання. Большасць яго экспанатаў, залучаючы выданні Скарыны, — копіі, а не арыгіналы. Таму калі бачыш іх, міжволі паўстае пытанне: гэта музей захаванага ці страчанага? У кожнай друкуемай кнізе асветнік па некалькі разоў адзначаў сваё паходжанне з Полацка. І Нацыянальная бібліятэка, і полацкі музей належаць дзяржаве. Неабходна перадаць з Нацыянальнай бібліятэкі хоць 1–2 кнігі гэтаму музею. Знаходжанне кніг Скарыны ў Полацку будзе мець сімвалічную і эмацыянальную значнасць. Ды і ўвогуле ёсць патрэба ў адраджэнні найстаражытнейшага горада нашай краіны ў якасці гісторыка-культурнага цэнтра Беларусі, стварэнні там асаблівай атмасферы, прасякнутай веліччу мінулага, без натхнення якім няма нацыі.
Ідэя Францыска Скарыны замыкалася ў тым, каб надрукаваць Біблію, прызначаную не для паказу, а для «пожитку», і адрасаваць яе ўсім суайчыннікам — «людем посполитым». Істотна тое, што Біблія захоўвае сваю значнасць і ў сённяшнім свеце, а прадмовы Скарыны спрыяюць яе вывучэнню, па сваім змесце яны зразумелыя сучаснаму чытачу. Многія з іх па-простаму тлумачаць сэнс біблейскіх падзей, ролю адпаведных кніг Святога Пісання, услаўляюць маральнасць і патрыятызм.
Некалькі гадоў назад Нацыянальнай бібліятэкай пры фінансавай падтрымцы камерцыйнага сектару зроблена 21-тамовае выданне — «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Маючы сучасную самавітую вокладку, яно з’яўляецца факсімільным узнаўленнем (копіяй) тэкстаў Скарынавых кніг. Безумоўна, працу ўдзельнікаў дадзенага праекта трэба адзначыць, бо яны зрабілі многае для яго ажыццяўлення. Ён найбольш поўны, але не першы: у 1991-м пад назвай «Біблія» выйшла факсімільнае ўзнаўленне 23-х кніг Скарыны, надрукаваных у Празе. Гэткія багатыя шматтамовыя выданні са шрыфтам і мовай XVI ст. патрэбныя — каб стаяць на вітрынах, дарыць іх замежным арганізацыям, каб іх гарталі кіраўнікі і даследавалі спецыялісты. Але ж Францыск Скарына наказваў свае кнігі людзям паспалітым — для іх карысці. Разглядаемыя факсімільныя выданні захоўваюць першадрукара ў гісторыі, пакідаюць яму гісторыка-культурную ролю. А варта шырэй уводзіць Скарыну ў сучаснасць, каб ён жыў сёння.
Большая неабходнасць існуе ў іншых выданнях Скарынавай спадчыны, скіраваных на пазнавальна-практычную ролю. Павінна мецца кніга, якую будуць набываць і тыя, каму патрэбны Скарына, і, галоўнае, тыя, каму патрэбна Біблія. Варта выдаць Біблію ў адным томе: з каментарыямі Скарыны; на сучаснай мове; сучасным шрыфтам. Францыск Скарына напісаў прадмовы не да ўсіх біблейскіх кніг, бо не ўсе надрукаваў; не кожная яго прадмова дастатковая для свецкага і рэлігійнага разумення Бібліі. Таму мае сэнс змясціць у прапануемай кнізе і сучасныя каментарыі. Гэта і будзе нацыянальная беларуская Біблія.