«Захаваць што-кольвек з тых часоў, якія мы пакінулі навечна…»
З нагоды выхаду ў свет новага раману Вольгі Гапеевай — «Кэмэл-Трэвэл».
Напярэдадні Калядаў, нарэшце, з’явілася новая кніга, гэтым разам прозы, шляхетніцы і дыхтоўніцы слова Вольгі Гапеевай. Раман «Кэмэл Трэвэл» — чарговы падарунак ад аўтаркі нядаўніх «Чорных макаў» і «Граматыкі снегу».
Прозай паэтка і пісьменніца пестуе нас радзей, таму асабліва прыемна трымаць у руках энергетычнага колеру новы твор. Гэта аўтасацыябіяграфічны раман кшталту тых, якія актыўна пішуцца ў Францыі, асабліва з часоў Ані Эрно, французскай пісьменніцы, натхнёнай ідэямі Ралана Барта і П’ера Бурдз’ё. Пяру Ані Эрно належыць выказванне пра тое, што літаратура цяпер мае на мэце «захаваць што-кольвек з тых часоў, якія мы пакінулі навечна…». Гэта мастацкі тэкст, які знаходзіцца недзе паміж літаратурай, сацыялогіяй і гісторыяй.
У нас такія тэксты рэдкія, у нас пісьменнікі, вядома, укліньваюць аўтабіяграфічныя элементы ў свае мастацкія тэксты ці пішуць аўтабіяграфіі, але амаль ніколі не засяроджваюцца на сацыяльным аспекце. Раман Вольгі Гапеевай бачу якраз у такой перспектыве: акрамя аўтабіяграфічнасці і мастацкасці важным і сумысля падкрэсленым з’яўляецца сацыяльнае, нават сацыялагічнае вымярэнне. Да такога кшталту літаратуры я стаўлюся з яшчэ большым хваляваннем і пашанай, бо ад пісьменніка, пісьменніцы ў нашым выпадку, патрабуецца яшчэ больш смеласці, шчырасці, адкрытасці і інтэлектуальнасці, бо з намі дзеляцца не толькі фантазіямі, але ўласным рэальным жыццём, інтэлектуальнымі арыенцірамі. І ўсё гэта, каб да ўсяго звярнуць увагу на важнае сацыяльнае поле, часцяком маргінальнае ў нас: напрыклад, моўнае, гендарнае ў Волявым выпадку. І нават дзяцінства паўстае тут не як проста казачаны час, ня як комплекс успамінкаў, а як час, які пачаў фармаваць пісьменніцу і паэтку, і выкрываць першыя і шматлікія далей супярэчнасці існавання.
Калі вы запытаецеся пра назоў кнігі, то адказаў можа быць шмат — яны ёсць у самім рамане. Я падам свой адзін адказ, праўда, баюся, ён не зусім дакладны. Я б хацеў, каб мая першая асацыяцыя была слушная (і мяне дакладна зразумеюць людзі пакалення Вольгі Гапеевай): на золку савецкай адкрытасці і потым пачатку беларускай незалежнасці ў краіне з’явіліся і прадаваліся цыгаркі Camel. Нават не курцы ведалі пра іх, для ўсіх гэтыя цыгаркі сімвалізавалі новае жыццё, нейкі павеў з Захаду. Я хлапчуком глядзеў на пачак цыгарак Camel і мяне літаральна змятала ў экзатычную вандроўку. У рамане і ў пісьменніцы могуць быць іншыя адказы…
Гэта раман пра ідэнтычнасці, бо з першых старонак аўтарка корпаецца ва ўласнай ідэнтычнасці і ідэнтычнасці беларусаў (моўнай, нацыянальнай, гендарнай, прафесійнай і г.д.). З першых старонак Вольга трапна ахоплівае супярэчлівасці, дваістасці існавання беларусаў у СССР-БССР (паралельныя жыцці беларусаў у двух сусветах: савецкім і беларускім, мэрам «у жываце драўлянай матрошкі») і, падаецца, праз прызму уласных успамінаў дзяўчынка лацьвей за дарослых, навукоўцаў і ідэолагаў прыходзіць да простай, беларускасцвярджальнай высновы «найлепшай матрошкай для мяне была апошняя, бо яна не расчынялася, была гладкай і мініяцюрнай, як і БССР у параўнанні з СССР».
Гэта таксама раман пра беларускую мову, якая яшчэ ў дзяцінстве выратавала паэтку ад хуліганаў, хоць дзяўчынка, як тыповая гараджанка, часам не разумела ўсіх словаў калыханкі, напрыклад. Але якраз у дзяцінстве і, мажліва, у той момант выратавання ад хуліганаў і завязаўся раман пісьменніцы з мовай, які цягнецца дасюль.
Гэта раман, няма сумневу, фемінісцкі: ужо з дзяцінства — на прыкладзе ўласных бацькоў, бабуляй і дзядуляў, савецкіх поп-культуры (напрыклад, песня пра путану) і школы Вольгу зацікавіла крыўджанне мужчынамі жанчынаў і несправядлівасці, большыя чаканні і патрабаванні да жанчынаў наогул. Аўтарка прызнаецца, што «не выключана, што срэбны пыл фемінізму (як чароўны пыл Пітэра Пэна) патрапіў на мой голаў яшчэ тады, у далёкай Кіргізіі». Таксама прыклады самастойных маці і бабулі таксама паўплывалі на эмансіпаванасць дзяўчынкі, сталай потым слыннай пісьменніцай. У маленькай, але вельмі насычанай частцы «Падарункі ад патрыярхату» пададзены шлях Вольгі Гапеевай да фемінізму — кружлянні ад эгалітарысцкай мадэлі да часам дыферэнцыялісцкай. Цікава, што Вольга сталася сама сабе Сімонай дэ Бавуар: яшчэ не ведаючы тэкстаў французскай філосафкі, абурылася з другасці жанчыны ў Беларусі, так проста і слушна здзівіўшыся «на што разлічвае патрыярхат, спакушаючы жанчынаў роляй маці і гаспадыні?» Зрэшты, раман новы і цікавы прызмай і досведам жыцця ў апошнія гады БССР з зору дзяўчыны, бо, на жаль, збольшага мы прызвычаеныя чытаць падобныя тэксты з пазіцыі мужчынаў-пісьменнікаў. А апошнія проста не заўважалі ці не разумелі таго, як школа пераўтваралася ў лабараторыю гендарнай дыскрымінацыі, а заняткі фізкультуры ў заняткі пакуты і выключэння.
Гэта таксама раман іранічны, бо амаль на кожнай старонцы Вольга здольная насмяшыць то манерай пісьма, сапраўды, уласцівай дзіцёнку (нездарама Вольга да ўсяго і дзіцячая пісьменніца!), то трапным вобразам, то дзівоснымі і падзабытымі ўжо прыпамінкамі (напрыклад, глава «Забабоны»). А ейная гісторыйка пра мову-«звера», абяцаю, нікога не пакіне абыякавым і абыякавай.
І, канечне, гэта раман усё ж такі і пра дзяцінства, якое выпала на канец існавання СССР і на пачатак беларускай незалежнасці. І хоць дзяцінства ўва ўсіх рознае, яно адзінае для ўсіх у тым, што, мажліва, яно так ніколі і не канчаецца, бо беспаваротна мы вяртаемся да яго ў марах, праглядаючы старыя фотаздымкі, сустрэўшы старых сяброў з садку ці чытаючы вось такую кнігу, напісаную Вольгай Гапеевай. Я падазраю, што і сама аўтарка дасюль часта жыве ў дзяцінстве, бо шмат піша для дзяцей, пра дзяцей, рэгулярна ўцякае ў дзяцінства, калі паўставаў цэлы сусвет і можна было выбіраць мільёны розных шляхоў, бо дасюль яна так і не падабрала ані бяздомнага сабаку, ані ката…