10 фактаў пра Рамзана, які прыляцеў да Лукашэнкі

Дэлегацыя расійскай Чачэнскай Рэспублікі на чале з прэзідэнтам Рамзанам Кадыравым прыбыла 25 верасня з візітам у Беларусь.

dc6dfe5d6dfa94ff2f57e78f3c2dcb9b.jpg

У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» яго сустрэў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы.
Нагадаем, у Мінску ў Рамзана Кадырава запланаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам.
Нагадваем пра гэтую старонку ў біяграфіі цяперашняга кіраўніка Чачні, а таксама пра яго іншыя «фокусы». Некаторыя з іх абраныя з дакладу Іллі Яшына «Пагроза нацыянальнай бяспекі».

bask1.jpg

Зіма 1996-га, Рамзан Кадыраў і Шаміль Басаеў

1. Ваяваў на баку баевікоў супраць расійскай арміі

11 снежня 1994 года прэзідэнт РФ Барыс Ельцын падпісаў указ пра ўвод вайсковых часцей на тэрыторыю Чачні для аднаўлення канстытуцыйнага парадку.
У 1995 годзе Ахмат Кадыраў абвясціў Расіі «свяшчэнную вайну» —джыхад, па сутнасці заклікаўшы мусульман забіваць усіх няверных. Кадыраў-старэйшы казаў: «Чачэнцаў — мільён, а рускіх — 150 мільёнаў. Калі кожны чачэнец заб'е 150 рускіх, мы пераможам».
Рамзан Кадыраў прызнаваўся: «Мы гэтага і не хаваем, што ваявалі супраць Расіі. Я таксама ваяваў у першую вайну, пра гэта ўсе ведаюць. Упершыню ўзяў у рукі аўтамат, калі мне не было і семнаццаці гадоў».

2. Перайшоў на бок Крамля ў шэрагах «клана-замірыцеля»

У жніўні 1999 пачалася другая чачэнская вайна. Галоўным саюзнікам Крамля ў гэтым супрацьстаянні стаў Ахмат Кадыраў.
Разам з бацькам на бок федэральных сіл перайшоў Рамзан. Фармальна ён камандаваў узводам роты ППС МУС, аднак фактычна стаў кіраўніком службы бяспекі бацькі і атрымаў у падпарадкаванне каля тысячы байцоў, якія яшчэ ўчора ваявалі супраць рускіх, але былі амніставаныя.
Гэтая вайна, у адрозненне ад першай чачэнскай, скончылася адназначнай перамогай Уладзіміра Пуціна. І гэтая была перамога не толькі ваенная, але і палітычная, таму што ў Чачні ўдалося знайсці той клан, які мог бы прадстаўляць інтарэсы Крамля і зладзіць нейкае «замірэнне». Гэта былі Кадыравы.
3. Захапіў уладу ў Чачні пасля забойства бацькі
Пасля забойства Ахмата-Хаджы 9 мая 2004 года на стадыёне «Дынама» ў Грозным Рамзан пачаў барацьбу за ўладу ў Чачні. У тым тэракце загінулі і іншыя магчымыя прэтэндэнты на высокія пасады. Кадыраў пазней заяўляў, што асобы, якія маюць дачыненне да злачынства, «былі знішчаны», але іх імёны і доказы віны ніколі не паведамляліся.
Рамзан уступіў у супрацьстаяньне з новым прэзідэнтам Чачні Алу Алханавым, які быў абраны 29 жніўня 2004 года. 18 лістапада 2005-га аўтамабіль прэм'ера рэспублікі Сяргея Абрамава пратараніў «КамАЗ», Кадыраў заняў яго крэсла ў сакавіку 2006-га і працягнуў пераследваць сілавікоў, лаяльных тагачаснаму прэзідэнту Чачні. У лютым 2007-га Пуцін прыняў адстаўку Алханава, і 2 сакавіка 2007 года Кадыраў афіцыйна ўзначаліў Чачэнію.
4. Ворагаў Кадырава знішчаюць
Былы сепаратыст Умар Ісраілаў збег у Еўропу і публічна распавёў пра злачынствы свайго былога начальніка. Гаворка ішла пра выкраданні людзей і катаванні ў 2003–2005 гадах.

bask2.jpg


Па словах ўцекача, часам пасля абеду Кадыраў прыходзіў у таемную турму, дзе ўтрымліваліся падазраваныя ў датычнасьці да ўзброенага падполля, і «на дэсерт» асабіста катаваў зьняволеных. У 2009-м Ісмаілаў быў застрэлены ў Вене каля прадуктовай крамы.
Былы ахоўнік Ахмата Кадырава і камандзір атрада «Горац» Маўладзі Байсараў абвінавачваў Рамзана ва ўзурпацыі ўлады. 18 лістапада 2006 года Байсараў быў застрэлены ў Маскве байцамі МУС Чачні, падкантрольнымі Кадырову.
5. Не дапытаны па справе Паліткоўскай
— Ты стала паміж чачэнцамі. Ты вораг. Ты горш за Басаева, — сказаў Рамзан Кадыраў журналістцы «Новай газеты» Ганне Паліткоўскай у чэрвені 2004 года.
Яна пісала пра атрады ўзброеных кадыраўцаў, якія замяшаныя ў выкраданнях, забойствах, катаваннях і «па жорсткасці даўно ўжо зраўняліся з эскадронамі смерці».
7 кастрычніка 2006 года Ганну Паліткоўскую забілі ў пад'ездзе яе дома ў Маскве. За два дні да гібелі, у дзень 30-годдзя Рамзана, журналістка выступала ў эфіры радыё «Свабода». Яна назвала Кадырава «ўзброеным да зубоў баязліўцам, які сядзіць у асяроддзі аховы» і падкрэсліла, што яе мэта — крымінальная справа супраць кіраўніка Чачні і яго арышт.
Афіцыйна пошук заказчыка забойства Ганны Паліткоўскай працягваецца да гэтага часу — справа выведзена ў асобную вытворчасць. Кадыраў па справе не быў дапытаны.
6. Лічыў праваабаронцу Эстэміраву асабістым ворагам
У 2009 годзе ў Грозным была выкрадзена супрацоўніца «Мемарыялу» Наталля Эстэмірава. Пазней яе цела было знойдзена з кулявымі раненнямі ў галаву і грудзі.
Кіраўнік «Мемарыялу» Алег Арлоў заявіў: «Я ведаю, хто вінаваты ў забойстве Эстэміравай. Мы ўсе гэтага чалавека ведаем. Завуць яго Рамзан Кадыраў. Ён пагражаў Натальлі, зневажаў, лічыў яе сваім асабістым ворагам».

bask3.jpg


7. Заступіўся за забойцаў Нямцова
Апазіцыйны лідар Барыс Нямцоў сістэматычна крытыкаваў Рамзана Кадырава і бяздзейнасць у адносінах да яго праваахоўных органаў.
Палітыка забілі 27 лютага 2015 года ў цэнтры Масквы, побач з Крамлём.
Паводле афіцыйнай версіі, арганізатарамі выступілі баец чачэнскага батальёна «Поўнач» Унутраных войскаў МУС Руслан Мухудзінаў і «іншыя не вызначаныя следствам асобы». Выканаўцамі яны выбралі Беслана Шаванава, Заўра Дадаева, Анзора і Шадзіда Губашовых, Цемірлана Эскерханова і Хамзата Бахаева.
Кіраўніцтва Чачэніі ў асобе Рамзана Кадырава заступілася за арыштаваных (цяпер асуджаных), паведаміўшы пры дапамозе сацыяльных сетак, што, напрыклад, меркаваны кілер Дадаеў — герой і добры чалавек.
Праваахоўныя органы і спецслужбы Расіі нямоглыя перад «чачэнскімі сілавікамі».
8. Яго прыватная армія налічвае 30 тысяч байцоў
Агульная колькасць узброеных «кадыраўцаў», паводле ацэнак экспертаў, набліжаецца да трыццаці тысяч чалавек. Значная частка з іх фармальна з'яўляецца супрацоўнікамі МУС РФ альбо службоўцамі ўнутраных войскаў Расіі. Фактычна ўзброеныя фармаванні, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Чачні, не залежаць ад федэральных органаў улады і лаяльныя толькі Рамзану.
9. Лічыць законы шарыяту вышэй законаў Расіі
У 2010 годзе Кадыраў публічна заявіў, што «шарыят стаіць вышэй законаў Расіі», а «ворагі ісламу павінны знішчацца».
Вясной 2015 года кіраўнік Чачні асабіста даў 47-гадоваму начальніку Нажай-Юртаўскага РАУСа Нажуду Гучыгаву дазвол на вяселле з 17-гадовай Луізай Гойлабіевай. Як пісала «Новая газета», непаўнагадовую дзяўчыну выдалі замуж супраць яе волі. У гутарцы з аўтарам матэрыялу Гучыгаў пацвердзіў, што ўжо жанаты, а значыць, яго новы шлюб супярэчыў законам РФ.
А зусім нядаўна Кадыраў заявіў у сувязі з сітуацыяй ва М'янме: «Калі нават Расія будзе падтрымліваць тых шайтанаў, якія здзяйсняюць злачынствы, я супраць пазіцыі Расіі».
10. Вядзе такое ​​раскошнае жыццё, якое падаткаплацельшчыкам і не снілася
З 2001 па 2014 гады з дзяржаўнага бюджэту Расіі ў Чачэнію было накіравана ў выглядзе субсідый, субвенцый і датацый больш 464 млрд рублёў. Сродкі, якія Чачня атрымлівае з Масквы, у рэспубліцы не эканомяць.
Аўтапарк чыноўнікаў Чачні складае каля паловы аўтапарка чыноўнікаў усяго Паўночнага Каўказа, а выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў у Чачні перавышаюць аналагічны паказчык па Расіі ў два разы.
Кадыраў жа лічыць, што грошай, якія выдзяляюць рэспубліцы, недастаткова.
Пры гэтымм у Грозны рэгулярна і з задавальненнем прыязджаюць на «ўсё ўключана» прадстаўнікі расійскага і замежнага шоу-бізнесу, а таксама новыя "зоркі" сеткі, у тым ліку дачка прэс-сакратара прэзідэнта Расіі Ліза Пяскова.
У пачатку года расійскі рэпер Цімаці апублікаваў у Instagram фатаграфію, якую ён зрабіў у прыватным самалёце свайго сябра Рамзана, але вымушаны быў выдаліць кадр. Такая раскоша стала падставай для з'яўлення ў сетцы хэштэга # занашиналоги.

Такая раскоша стала падставай для з'яўлення ў сетцы хэштэга # занашиналоги.


Такая раскоша стала падставай для з'яўлення ў сетцы хэштэга # занашиналоги.

Гэты бізнэс-джет Airbus ACJ319 мае самы прасторны салон у свеце. Кошт самалёта ацэньваюць у 80 мільёнаў долараў.

«Салiдарнасць»