199-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: што адбылося за ноч

Расказваем, што адбылося на франтах Украіны за мінулую ноч.

Украінцы працягваюць паспяховае контрнаступленне на захопленых расійцамі тэрыторыях

Украінцы працягваюць паспяховае контрнаступленне на захопленых расійцамі тэрыторыях


Працягваецца ракетны абстрэл усходу Украіны. Мінулай ноччу расійцы ўдарылі ракетамі па Харкаўскай вобласці. У выніку абстрэлу абласнога цэнтра загінула жанчына, яе цела знайшлі пад заваламі. Усяго ж за мінулыя суткі ў Харкаўскай вобласці падчас масіраванага бамбавання атрымалі раненні 20 чалавек, з якіх трое — дзеці.
Абстрэлам падвергліся тры раёны Днепрапятроўскай вобласці: Днепрапятроўскі, Нікапальскі і Сінельнікаўскі. Разбураныя прыватныя дамы і фермерская гаспадарка. Ахвяр сярод людзей няма.
Агулам за ноч Расія нанесла па тэрыторыі Украіны 13 ракетных удараў і 23 авіяцыйныя, Узброенымі сіламі Украіны зафіксаваныя вылеты 36 варожых беспілотнікаў. Удары прыйшліся больш чым на 50 населеных пунктаў у розных абласцях Украіны.
Старшыня Луганскай АВА Сяргей Гайдай заявіў, што УСУ нанеслі ўдары па месцах дыслакацыі расійцаў у Крэменной. Паводле слоў Гайдая, удары прыйшліся на камандныя пункты, казармы, базы рамонту і абслугоўвання тэхнікі. Страты расійцаў у выніку гэтых удараў складаюць да 400 адзінак жывой сілы і да 100 адзінак тэхнікі.
Нагадаем, украінскія войскі праводзяць зараз контрнаступленне на Херсонскім і Харкаўскім кірунках. Паводле даных амерыканскага Інстытута даследавання вайны (ISW), на Харкаўскім кірунку УСУ адваявалі ў ворага ўжо каля 2500 кв. км сваёй тэрыторыі. Як піша ISW, верагодна, украінцы зачышчаюць «ячэйкі дэзарыентаваных расійскіх войск».


З'явілася таксама інфармацыя, што на часова акупаваныя тэрыторыі Херсоншчыны прыбылі каля 1300 «кадыраўцаў». Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ:
«Для ўзмацнення расійскай групоўкі на часова захопленых тэрыторыях Херсонскай вобласці прыбыло сфармаванае паводле нацыянальнай прыкметы падраздзяленне так званых "кадыраўцаў" колькасцю да 1300 чалавек».
Верагодна, гэта спроба хоць неяк стрымаць украінскае контрнаступленне.
Паводле unian.net.