Актуальныя паралелі

Я стаяў у Доме Саюза цесляроў, што ў Філадэльфіі, перад сцягамі 12 «першапачатковых» калоній, якія і сталіся першымі Злучанымі Штатамі Амерыкі. Слухаў расповед валанцёра-экскурсавода пра падзеі таго далёкага часу, а думка мая дзіўным чынам праецыравалася на Беларусь і спараджала нечаканыя асацыяцыі і паралелі. Пра гістарычныя выклікі і мажлівасці дзвюх краін — Амерыкі і Беларусі. Здзейсненых там — напрыканцы XVIII стагоддзя і ўсё яшчэ актуальных тут — напачатку ХХІ. Дэмакратыя ці манархія? Самастойная незалежная дзяржава ці калонія?



c74d97b01eae257e44aa9d5bade97baf.jpg

Я стаяў у Доме Саюза цесляроў, што ў Філадэльфіі, перад сцягамі 12 «першапачатковых» калоній, якія і сталіся першымі Злучанымі Штатамі Амерыкі. Слухаў расповед валанцёра-экскурсавода пра падзеі таго далёкага часу, а думка мая дзіўным чынам праецыравалася на Беларусь і спараджала нечаканыя асацыяцыі і паралелі. Пра гістарычныя выклікі і мажлівасці дзвюх краін — Амерыкі і Беларусі. Здзейсненых там — напрыканцы XVIII стагоддзя і ўсё яшчэ актуальных тут — напачатку ХХІ. Дэмакратыя ці манархія? Самастойная незалежная дзяржава ці калонія? Нацыя ці насельніцтва?

Мяне ўразілі не столькі сугучнасць агульных тэндэнцый, а супадзенні-разыходжанні ў канкрэтыцы, у дэталях падзей, у паводзінах і ўчынках людзей.

5 верасня — 26 кастрычніка 1774 года адбыўся Першы кантынентальны кангрэс. У толькі што ўзведзеным прафесійнай карпарацыяй цесляроў будынку сабраліся дэлегаты ад 12 штатаў «для абмеркавання і вызначэння шырокіх і адпаведных дзеянняў» па шматлікіх скаргах супраць Вялікабрытаніі. Не дзеля канфрантацыі, а для «аднаўлення саюза і гармоніі… з усім імпэтам, пажаданым для большасці добрых людзей».

Першы Кангрэс, як першае выпрабаванне на здольнасць эліты — яшчэ не нацыянальнай, яшчэ не краіны, але ўжо ўсведамляючай сябе ў якасці прадстаўнікоў пэўнай супольнасці, — знайсці адэкватны адказ на выклікі часу.

Можа, найбольш выбітная рыса працэсу кансалідацыі амерыканскай эліты — адкрытасць і адсутнасць здрады ва ўзаемадачыненнях. Ніхто нікога не «здаў» і не «кінуў», нікога не ўдалося перакупіць, запалохаць, зламаць шантажам, а потым ужо з капітулянтаў, палахліўцаў і перабежчыкаў стварыць паслухмяны квазіпарламент. Апазіцыйная каланіяльным уладам эліта здолела аб’яднацца, выпрацаваць і рэалізаваць цэласную канцэпцыю «Злучаныя Штаты Амерыкі». Крок за крокам, аператыўна рэагуючы на змены ў сітуацыі.

Ад удзелу ў Кангрэсе ўхілілася Джорджыя — яна крыху пазней усё ж далучыцца, але не настолькі позна, каб выпасці з агульнага працэсу і, галоўнае, каб гэтаму працэсу непапраўна пашкодзіць. І таму сцягоў у музеі 12, а першых штатаў-заснавальнікаў у гісторыі ЗША — 13.

Бізнес-эліта — прафесійны Саюз цесляроў, а па сутнасці ўсіх будаўнікоў Пенсільваніі, не збаяўся даць сваё памяшканне для напаўлегальнага Кангрэсу. Іх дом найлепшым чынам падыходзіў для сакрэтных сустрэч, хаваючы дэлегатаў ад наглядальнага вока кансерватыўнага каланіяльнага ўрада Пенсільваніі. Але ж і ўрад той, сфармаваны з тых жа самых каланістаў, не мог парушыць святое і для іх права прыватнай уласнасці. Амаральны стандарт — «было ваша стала наша» — для яго быў не тое што невядомы, але непрымальны. Непрымальны ён і для сучаснай Амерыкі.

Гармоніі з метраполіяй, аднак, не атрымалася. Тагачасны кароль Брытаніі Георг ІІІ на шматлікія скаргі каланістаў не рэагаваў, паліттэхналогіяй абяцанак не валодаў. Эканамічны ціск на калоніі Новага Свету працягваўся. Каланістаў абразілі адносіны да іх як да людзей другога гатунку.

Эканамічны па вытоках канфлікт перайшоў у палітычны. Свабода і гонар (правы чалавека) — найвышэй. І менавіта на тым Кангрэсе прагучалі знакамітыя словы дэлегата Патрыка Генры: «Я не віргінец — я амерыканец». Так быў сфармуляваны, поруч з прынцыпам Свабоды, другі фундаментальны прынцып, які аб’яднаў перасяленцаў з усяго свету і на якім паўстала і да гэтага часу грунтуецца дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. А ў міжнародную практыку быў уведзены прынцып нацыянальнай самаідэнтыфікацыі — не па этнічнай, а па дзяржаўнай прыкмеце.

Ці не найлепшы, хаця і з іншых гістарычных абставін, прынцып для сучаснай Беларусі. Скажам, у такой рэдакцыі: «Я рускі (паляк, габрэй…), але я — беларус!» А ў сукупнасці: «Мы — народ Беларусі, мы — дзяржава Беларусь, з даўнімі, з глыбінь тысячагоддзяў каранямі, і разам з тым мы — маладая нацыя, маладая краіна, незалежнасць і суверэнітэт якой яшчэ трэба сцвердзіць». І не ў канфрантацыі з усім сусветам, а на шляху ў Еўропу.

На тым жа Кангрэсе быў абазначаны і трэці прынцып — дэмакратыя. Аднак выніковы дакумент аказаўся кампрамісным і размытым да непрыдатнасці на практыцы. Спатрэбіўся другі Кангрэс, на які дэлегацыі ад штатаў ехалі з адным суровым запаветам: не разыходзіцца і не вяртацца, пакуль не будзе дасягнута адзінства і прыняты адпаведны дакумент.

Сёння ён вядомы як знакамітая Дэкларацыя незалежнасці, што і дала адказ на трэцяе пытанне: «Манархія ці дэмакратычная рэспубліка?». На рукапісе Джэферсана адбіткам жорсткіх спрэчак — мноства правак. Але адназначны выбар на карысць рэспублікі.

Не архітэктары ЗША вынайшлі ідэі свабоды, незалежнасці, дэмакратыі, падзелу ўладаў, а філосафы Францыі. Але менавіта айцы-заснавальнікі ЗША на грунце і ў развіццё гэтых ідэй упершыню стварылі на практыцы мадэль дзяржавы, якая аказалася на дзіва ўстойлівай і разам з тым дынамічнай, чуллівай на выклікі да перамен.

Устойлівай настолькі, што ёй, ці не адзінай, не пагражае бесперапынны на працягу больш за дзвесце гадоў прыток эмігрантаў з усяго свету — людзей розных поглядаў і веравызнанняў, прагматыкаў і рамантыкаў, вальнадумцаў і кансерватараў. Які гіганцкі маштаб, думаў я стоячы перад помнікам уцекачам у Нью-Йорку: мільёнам людзей гэта краіна не проста падаравала выратаванне, але і адкрыла ўсе магчымасці для самарэалізацыі, аж да прэзідэнта ўключна. Прыток, які не разбурае, а, наадварот, сілкуе жыццядзейнасць краіны, дзе кожны перасяленец амаль імгненна становіцца і адчувае сябе амерыканцам, не забываючыся аб сваёй этнічнай тоеснасці.

Ужо ў другім горадзе — Сан-Антоніа (штат Тэхас), які сваёй гісторыяй, архітэктурай і пераважна іспанскай мовай на вуліцах дэманструе іспанскі пачатак ЗША, у якім больш за палову жыхароў — выхадцы з Мексікі, я пачуў жартаўлівае меркаванне: «Бачыце, праз дзесяцігоддзі адбылася мірная рэінкарнацыя горада і штата». Але ўсе тэхасцы лічаць сябе амерыканцамі, а свой штат — неад’емнай часткай, апорай Амерыкі.

І як жа бракуе беларусам, асабліва з апошняй хвалі эмігрантаў, адчування менавіта гэтай тоеснасці са сваёй першай радзімай, падумалася мне ў музеі Тадэвуша Касцюшкі, што ў Філадэльфіі. Як бракуе яе і беларусам у Беларусі. Бо тым, што не адчуваеш сваім кроўным, не даражыш. Адсюль і млявая рэакцыя беларускай эліты на лёсавызначальныя выклікі часу, на неабходнасць перамен.

Рэакцыя амерыканскай эліты (і шырэй — усёй амерыканскай супольнасці) з часам не толькі не аслабла, а, наадварот, абвастрылася. Яна ёсць па сутнасці рэакцыяй на апераджэнне пагрозы. Калі не на дальніх подступах, то хаця б за крок ад непапраўнай бяды, ад катастрофы.

Я трапіў у ЗША літаральна на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў і мог адчуць гістарычную сугучнасць гэтай здольнасці Амерыкі да перамен. Амерыкі Вашынгтона і Амерыкі Абамы. Айцы-заснавальнікі ЗША далі ў рукі грамадзян інструмент, які эфектыўна працуе да гэтага часу. І якога пазбаўлены мы — гэта выбары. Абама — адказ амерыканцаў на вострае адчуванне неабходнасці перамен.

У сваёй прамове на цырымоніі ўручэння прэміі імя Найта Міжнародным цэнтрам журналістыкі ў Вашынгтоне, з нагоды якой мне і пашчасціла трапіць у Амерыку, зорка CNN Хрысціан Аманпур прамовіла: «У мяне ўзнікла ўражанне, што я прысутнічаю на выбарах у краіне, якая ўпершыню ладзіць дэмакратычныя выбары, настолькі вялікі быў энтузіязм людзей». Пра наспеласць перамен прамаўляў і другі вядучы цырымоніі — Джордж Стэфанопулас, былы прэс-сакратар прэзідэнта Клінтана, а сёння вядоўца адной з самых папулярных тэлепраграм ABC. Прэзідэнт жа фонду Найта, выдавец уплывовага выдання ў Маямі Альберта Ібарген, дастаў свой мабільнік і паказаў мне фота: «Гэта я ў чарзе на выбарчым участку. Паўтары гадзіны адстаяў».

Магчымасць уплываць на ход падзей і выбіраць патрабуе інфармаванасці. Амерыка глядзіць па тэлевізары палітычныя праграмы, чытае газеты, карыстаецца інтэрнэтам, слухае радыё. Яна ведае сваіх зорак журналістыкі, якія рэальна фармуюць грамадскую думку. Потым у размовах з шараговымі амерыканцамі на побытавым узроўні мне не аднойчы даводзілася чуць: «О, Аманпур! О Стэфанопулас!»

Быў і зваротны, як не дзіўна, станоўчы па псіхалагічным змесце на сітуацыю ў Беларусі водгук. «Мы адчулі, — казалі мне амерыканскія журналісты, — якая дробязь нашы праблемы на фоне вашых, нашы журналісцкія цяжкасці ў параўнанні з вашымі. Ваша мужнасць дадае нам аптымізму. Але ж мы і пераканаліся, як цесна знітавана ў сучасным свеце вырашэнне нашых і вашых праблем».

…Імпульсы асацыятыўнай памяці злучаюць у непарыўную лінію асноўныя моманты амерыканскай гісторыі: ні адзін з іх, хаця і не без драматычных перападаў (грамадзянская вайна, расавая дыскрымінацыя), амерыканская эліта не прайграла. А беларуская? Ёсць адна бясспрэчная перамога, першасная, зыходная — незалежная, суверэнная Беларусь. Астатнія ж пакуль — усе на пройгрыш. Беларуская эліта не здолела аб’яднацца (да гэтага часу) і выпрацаваць канцэпцыю ды мадэль перамен. Прайграла першыя прэзідэнцкія выбары. Замест свайго Вашынгтона… Мела парламент і не ўтрымала яго. Паддаецца шантажу. Схільная да ўнутраных інтрыг.