Алесь Пашкевіч: Для Расіі цяпер ёсць толькі кепскія сцэнарыі

Антываенны запыт у Расіі можа стаць пераважным, лічыць гісторык Аляксандр Пашкевіч. Можна прагназаваць абсалютна дакладна: вяртання ў стан да 24 лютага 2022 года не будзе.

paskevich.jpg

Такую думку выказаў беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю газеце «Белорусы и рынок».

— Чалавечая звычка — шукаць у сённяшніх падзеях нейкія аналогіі з падзеямі мінулага. Ваенная кампанія Расіі ва Украіне — з чым у гісторыі імперыі яе можна параўнаць? Часта ўзгадваюць Крымскую вайну, руска-японскую, Першую сусветную, часам і вайну з Польшчай 1920-га і савецка-фінскую, Афганістан 1979–1987 гадоў.

— Поўную аналогію з нейкай з пералічаных войнаў правесці цяжка, але з кожнай можна ўзяць нейкі элемент. З руска-японскай — што кіраўніцтва Расіі разлічвала на малую пераможную вайну і вельмі пралічылася, з Першай сусветнай — што пачатак вайны выклікаў сапраўдны энтузіязм грамадства і поўную падтрымку ўладаў з ягонага боку, з савецка-фінскай — што Чырвоная армія, якая рыхтавалася заваёўваць свет, аказалася не гатовай нават да вайны з Фінляндыяй, якую не лічыла хоць бы колькі сур’ёзным праціўнікам, з афганскай — што ўвогуле незразумела, навошта СССР у яе ўвязаўся, рашэнне прымалі людзі, адарваныя ад рэчаіснасці.

Але ва ўсіх прыкладах ёсць і істотныя адрозненні, і найпершае, што ва ўсіх Расія вяла войны не з народамі, само існаванне як асобных яна фактычна адмаўляе, гэта не было «збіранне рускіх зямель» у чыстым выглядзе. Ва ўсіх выпадках вайну пачыналі весці з яўна варожымі чужымі народамі са спадзяваннем хутка скарыць іх вайсковай перавагай.

А тут, калі параўноўваць, нібыта просяцца аналогіі з аншлюсам Аўстрыі Германіяй у 1938 годзе, ці войнамі Слабадана Мілошавіча за Вялікую Сербію ў 90-я. Але ж пры аншлюсе сапраўды большасць аўстрыйцаў гэтага хацела і сустракала кіраўніка Германіі кветкамі, у былой Югаславіі сербы, якіх прыйшоў «вызваляць» Мілошавіч, таксама ў большасці яго чакалі, падтрымлівалі ды ваявалі на ягоным баку.

Ва Украіне ж у расіян выйшаў яўны канфуз: замест спадзяваных кветак «вызваліцелям» іх войскі атрымалі шалёны супраціў не толькі з боку войска, але і з боку насельніцтва літаральна ўсюды, нават там, дзе гэтага зусім не чакалі. Думаю, гэта вайна ўвойдзе ў гісторыю, і не толькі расійскую, як даволі ўнікальная з’ява.

— Амаль усе згаданыя канфлікты скончыліся для імперыі ці нейкімі сур’ёзнымі зрухамі (аж да рэвалюцый), ці хваляваннямі на ўскраінах альбо ўздымам рухаў, якія ў Маскве прынята называць сепаратысцкімі, ці хаця б пэўнымі лібералізацыйнымі крокамі цэнтра. Якімі бачыце наступствы гэтага канфлікту?

— Гэта залежыць ад таго, які будзе канчатковы ці прамежкавы вынік. Хоць паразу Украіны з магчымых вынікаў, думаю, можна ўжо выключыць. Паколькі бліцкрыгу не атрымалася, а Захад аказвае Украіне істотную падтрымку, то не ўяўляю, якім чынам цяпер Расія зможа дасягнуць першапачаткова пастаўленых мэтаў. Тым больш што накладзеныя санкцыі так ці іначай будуць падкошваць яе эканоміку.

Адно, што можна прагназаваць абсалютна дакладна: вяртання ў стан да 24 лютага 2022 года не будзе, і для Расіі цяпер ёсць толькі кепскія сцэнарыі.

— Але ж прыхільнікі рэваншу, здаецца, хочуць вайны да пераможнага канца. Расчараванне не толькі не наступіла, але і прыкмет яго нават не бачна. Унутраны запыт на вайну — якую ролю ён можа адыграць?

— Пакуль што, відаць, расійскае грамадства да канца не адчула на сабе ўсіх выдаткаў новага стану краіны, а калі нават і адчула, то спадзя­ецца, што гэта з’ява часовая, а неўзабаве ўсё «рассмокчацца». А калі і стане горш, то не настолькі, каб было проста невыносна. Для «святых мэтаў» можна і пацярпець.

Калі ж грамадства гэтыя наступствы адчуе — а гэта непазбежна адбудзецца рана ці позна, — і ўсвядоміць, што гэта сур’ёзна і надоўга, то ад мілітарнага ўздыму можа неўзабаве не застацца і следу. І антываенны запыт можа стаць не маргінальным, а пераважным. Так ужо было ў расійскай гісторыі ў канцы Першай сусветнай вайны. Першапачатковы ўсеагульны ўздым змяніўся жаданнем, каб гэтая нікому не патрэбная вайна нарэшце скончылася. І тады нават, здавалася б, вечная царская ўлада паляцела з трону ў адно імгненне, усяго праз два з паловай гады пасля пачатку вайны.

— Чым можа скончыцца канфлікт ва Украіне?

— Думаю, што Украіна выйдзе з вайны з вялікім маральным аўтарытэтам на агульнаеўрапейскім узроўні. Пасля вайны яўна будзе нейкі аналаг колішняга «плана Маршала», які дазволіць гэтай краіне хутка залячыць пасляваенныя раны і патэнцыйна рушыць наперад.

Думаю, магутны штуршок будзе дадзены і культурным ды сацыяльным працэсам, перажытыя выпрабаванні прынамсі на пэўны перыяд згуртуюць краіну і ў мірны час, што дазволіць ёй зрабіць вялікі крок наперад.