Беларусь чакае «элегантная каланізацыя»
Інтэграцыя на Еўразійскім кантыненце — адзін з прыярытэтных кірункаў Крамля. Гэта было акрэслена яшчэ ўвосень 2011 года. Тады прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін заявіў, што мае намер вярнуцца на пасаду прэзідэнта, у расійскай газеце «Известия» быў апублікаваны праграмны артыкул яго бачання Еўразійскага саюза. Пра тое, якія пагрозы нясе гэты саюз, аглядальнік Раман Якаўлеўскі распавядае журналістцы Вользе Хвоін.
Інтэграцыя на Еўразійскім кантыненце — адзін з прыярытэтных кірункаў Крамля. Гэта было акрэслена яшчэ ўвосень 2011 года. Тады прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін заявіў, што
мае намер вярнуцца на пасаду прэзідэнта, у расійскай газеце «Известия» быў апублікаваны праграмны артыкул яго бачання Еўразійскага саюза. Пра тое, якія пагрозы нясе гэты саюз,
аглядальнік Раман Якаўлеўскі распавядае журналістцы Вользе Хвоін.
«Мы прапануем стварэнне магутнага наднацыянальнага аб’яднання, здольнага стаць адным з полюсаў сучаснага свету, і пры гэтым адыгрываць ролю эфектыўнай «звязкі»
паміж Еўропай і дынамічным Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам», — гаварылася ў артыкуле Пуціна ў газеце «Известия» ў кастрычніку 2011 года. Цяпер, калі Уладзімір Пуцін
зноў стаў прэзідэнтам Расіі, аналітычная супольнасць Беларусі чакае больш інтэнсіўнай дынамікі інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.
— Гэты працэс я назваю элегантнай каланізацыяй, — гаворыць Раман Якаўлеўскі пра інтэграцыю ў межах Еўразійскага саюза. — Усё самае смачнае з беларускай маёмасці расіяне
забіраюць сабе, а сацыяльная нагрузка, пенсіянеры застаюцца мясцовай уладзе. І калі Лукашэнка падчас апошняга звароту да народа і парламента гаворыць, што ў Пуціна няма рэсурсаў давіць Беларусь, то
ўспрымаецца гэта акурат наадварот. («Ні ў Расіі, ні ў Пуціна няма рэсурсаў для таго, каб задушыць Беларусь. Памыляюцца тыя, хто лічыць, што Уладзімір Пуцін пасля абрання на пасаду прэзідэнта
РФ пачне душыць Беларусь. Па-першае, для гэтага ў Пуціна няма рэсурсаў; па-другое, гэта сабе на шкоду. І Расія ніколі на гэта не пойдзе», — сказаў Лукашэнка, адказваючы 8 мая на
пытанні дэпутатаў парламента — аўт.). Пра які рэсурс ціску можна гаварыць, калі мы — брацкія народы? Відавочна, што гэта праява страху. Ёсць вялікая рызыка, што абяцанні, якія
беларускае кіраўніцтва раздае народу, выканаць не атрымаецца, бо ва ўлады не хапае рэсурсу.
Палітыка інтэграцыі ў межах Еўразійскага саюза будзе дынамічная. Гэта відавочна, інакш бы Пуцін не быў Пуціным. Трэба чакаць экспансіі расійскага капіталу ў Беларусі, гэта непазбежна, бо такая логіка
расійскага капіталізму. Думаю, яркім прыкладам гэтай экспансіі мусіць стаць хмарачос «Газпрама» на месцы аўтавакзала «Маскоўскі», што вельмі сімвалічна. Гэты
будынак, які па задуме мусіць узняцца вышэй праекту Лукашэнкі — Нацыянальнай бібліятэкі і падкрэсліць, хто тут гаспадар.
— Ёсць меркаванне, што Еўропа стамілася ад Лукашэнкі і гатовая спыніць сваю барацьбу за ўплыў на Беларусь. І ўжо праз Расію рэалізоўваць тут нейкія
праекты…
— Такое меркаванне мае месца, але, на мой погляд, яно спрошчанае. Значна больш спадзяванняў у мінскіх стратэгаў звязана з выбарамі ў Францыі, бо ёсць верагоднасць аслаблення еўрапейскіх
інстытутаў. Што ў сваю чаргу пацягне аслабленне ўвагі да Беларусі. Дарэчы, звярніце ўвагу на апошнюю заяву прадстаўніцы Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майры Моры, што змястоўны дыялог з беларускімі
ўладамі магчымы толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. І вось гэты пункт — рэабілітацыя — для Лукашэнкі абсалютна не прымальны. Заўважце, у нас такі дыпламатычны
канфлікт з Еўропай, а гандлёвы абарот з ЕС расце. Атрымліваецца, палітыка санкцый нам не перашкаджала, бо фактычна яна ніколі і не рэалізоўвалася.
Яшчэ звярнуў бы ўвагу на цікавы момант еўрапейскіх дачыненняў: была інфармацыя, што Кадафі даваў Сарказі грошы. Ёсць верагоднасць, што Сарказі можа стаць аб’ектам нейкага судовага
разбіральніцтва, у тым ліку і звязанага з Лівіяй. І калі такі суд адбудзецца, то яму будуць цікавы людзі, якія шмат ведаюць пра былога лівійскага лідара.
— Апошнія падзеі ў Маскве перад інаўгурацыяй Уладзіміра Пуціна — ці азначаюць яны, што Расія наблізілася да Беларусі паводле стаўлення да апанентаў?
— Аналагам гэта назваць нельга. Там адбываюцца складаныя працэсы, нарастае пратэстны электарат, з’яўляюцца новыя формы пратэсту. Нельга гаварыць, што гэта падобна да нашай сітуацыі.
Як бы ні было, але ў іх ёсць апазіцыя ў Дзярждуме, апаненты адкрыта крытыкуюць прэзідэнта, і за гэта іх масава не садзяць у турмы. Несістэмная апазіцыя хіба што трапляе пад адміністратыўны арышт. Але
такіх брутальных рэпрэсій, як былі пасля 19 снежня 2010 года ў Мінску, там няма. Ходзіць такі жарт: і там, і тут ёсць вертыкаль. Але, калі ў Беларусі вертыкаль выбудаваная, то ў Расія яна не стаіць.
Прагнулася крыху. Нельга сказаць, што Пуцін безуладны, але ў Расіі цяпер ідуць працэсы ў працяг выступленняў апазіцыі мінулага года. А якія працэсы ў беларускай апазіцыі ідуць у працяг пратэсту 2010
года?
* * *
У Расіі нямала прыхільнікаў ідэі «збору прылеглых зямель». Так, расійскі філосаф, палітолаг Аляксандр Дугін выступае за стварэнне еўразійскай звышдзяржавы праз інтэграцыю Расіі з
былымі савецкімі рэспублікамі, і ў першую чаргу рускамоўнымі тэрыторыямі за межамі Расійскай Федэрацыі.
«У стварэнні Еўразійскага саюза найважнейшую ролю адыгрывае прынцып цывілізацыі. І тут мы ўшчыльную падыходзім да філасофіі еўразійства, якая і з’яўляецца ідэйным асяроддзем, што і
падрыхтавала праект Еўразійскага саюза. Згодна з гэтай філасофіяй, Расія гістарычна была не проста еўрапейскай або азіяцкай краінай (або гібрыдам таго і іншага), але цалкам самастойнай цывілізацыяй.
Межы гэтага еўразійскага «культурнага кола» зусім не вычэрпваюцца штучнымі межамі Расійскай Федэрацыі, але ўключаюць у сябе практычна ўсю постсавецкую прастору, якая прадстаўляе
сабой адзінае цэлае», — піша Аляксандр Дугін.