«Беларускія ўлады цяпер баяцца больш, чым нелегітымныя ці ўмоўна легітымныя грамадзяне»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай для яго іранічнай манеры аналізуе ўчарашнюю сустрэчу Лукашэнкі з генераламі. І робіць выснову, што лепш было б не рабіць гучных заяў і целазрухаў. Але ў беларускай улады свая логіка…

idmr_tvxvlg.jpg


Паглядзеў учора, як сёй-той праводзіў запланаваную, ніякай надзвычайшчыны, нараду са сваімі генераламі. І ведаеш, што кідаецца ў вочы? Што беларускія ўлады цяпер баяцца больш, чым нелегітымныя ці ўмоўна легітымныя грамадзяне. Значна, значна больш. Гэта прама вось у вочы кідаецца. Таму што нелегітымныя грамадзяне ведаюць, каго ім баяцца. А беларускія ўлады небяспекі чакаюць літаральна за кожным вуглом.

Па-першае, беларускія добраахвотнікі ва Украіне, пра якіх яны так старанна забыліся, што ўспамінаюць кожны дзень і не адзін раз. Полк, вядома, можна называць «пацешным», але страшна ж па-сапраўднаму.

Па-другое, Украіна. Колькі ні расказвай цяпер пра выключна гуманітарны ўдзел у спецыяльнай аперацыі, а ва Украіне ўсё роўна не забудуць, адкуль рыхтаваўся напад.

А ёсць яшчэ і іншыя суседзі. Польшча, Літва, Латвія. Гэта раней суседзі лічылі беларускія ўлады дробным непаразуменнем і стрэмкай, на якую можна не звяртаць увагі. Але два гады палітыкі альтэрнатыўнага добрасуседства зрабілі сваю справу. Беларускія ўлады заваявалі сваё геапалітычнае месца ў свеце і ганаровы статус пагрозы рэгіянальнай бяспецы.

Ну і, нарэшце, застаецца яшчэ прыхаваная пагроза. Усе гэтыя ўнутраныя нядобразычліўцы. Ужо іх душылі-душылі, а яны ўсё роўна жадаюць дзіўнага. Тым больш што ўчора міжвольна апазіцыя абвясціла пра пачатак падрыхтоўкі да выканання ўсялякіх нядобрых планаў. І гэта, вядома, не дадае душэўнай раўнавагі. Таму што ў глыбіні душы і самі душыцелі разумеюць, што не дацэнтак з блогерамі ім трэба баяцца. Проста дацэнткі з блогерамі навідавоку, а іншых унутраных нядобразычліўцаў, якія «стаіліся і чакаюць зручнай падставы», яшчэ паспрабуй знайдзі.

І атрымліваецца, што за спінай у беларускіх улад толькі старэйшы саюзнік. Але яны ж і самі ўжо, напэўна, разумеюць, што нічым, акрамя вербальных інтэрвенцый, гэты саюзнік дапамагчы не ў стане. Таму што хаўруснік цяпер заняты перадыслакацыямі ва Украіне. Яму ўжо нават пасёлак Пяскі некалі браць. Учора вось перадыслацыраваўся на трыццаць кіламетраў у Херсонскай вобласці і пачаў праграму перадыслакацыі ў Луганскай.

У трывожнай сітуацыі, калі ворагі акружылі з усіх бакоў і чакаюць толькі выпадку, каб учапіцца ў што-небудзь мяккае, разумна было б пазбягаць рэзкіх слоў і не рабіць рэзкіх рухаў. Каб неспадзявана не справакаваць. Але ж беларускія ўлады без рэзкіх слоў функцыянаваць не ўмеюць.

Вось якая можа быць практычная карысць, калі расказаць суседзям пра тое, што ты ўзмацняеш супраць іх сваю боегатоўнасць? Ні Польшчу, ні Літву, ні Украіну, ні тым больш NATO боегатоўнасцю не спалохаеш. У суседзяў запасы боегатоўнасці ўсё роўна большыя. Але антыпатый і насцярожанасці ў адносінах беларускім уладам пасля гэтага, вядома, дадасца.

Асабліва пасля таго, як учора яны абвясцілі аб планах правесці праверку мабілізуемых без мабілізацыі. Вось якая б ні была практычная карысць ад гэтай праверкі, а шкоды ад яе ўсё роўна больш. Беларускія ўлады, можа, у выніку нікога насамрэч і не мабілізуюць. Дый правераць толькі так, каб было што паказаць у тэлевізары. Але асадачак-та з'явіцца. А ў цяперашніх напружаных абставінах такі асадак можа быць выбуханебяспечным.

Увогуле, замест таго каб задзіраць суседзяў, варта было б прадэманстраваць ім практычную, а не вербальную міралюбнасць. І паклапаціцца аб зніжэнні ўзроўню ўнутранай нядобразычлівасці. Улічваючы папярэднія дасягненні беларускіх улад, зрабіць гэта, вядома, няпроста. Але можна было б хаця б паспрабаваць.