Беларуская рэакцыя на ўкраінскія выбары
Ва Украіне падводзяць вынікі парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў мінулую нядзелю.
Паводле партыйных спісаў лідзіруе Партыя рэгіёнаў, якая пасля апрацоўкі 40 адсоткаў бюлетэняў мае каля 35% галасоў. Аб’яднаная апазіцыя «Бацькаўшчына» набірае 21,55%;
кампартыя Украіны — 15,10%; партыя Віталя Клічко «УДАР» — 12,83%; праварадыкальная «Свабода» — 8,05%. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў
па мажарытарных акругах, каля чвэрці месцаў у парламенце заваёўваюць кандыдаты ад партыі ўлады, яшчэ чвэрць — апазіцыя і незалежныя кандыдаты.
Палітолаг Аляксей Кароль пазітыўна ацэньвае мінулыя выбары ў Вярхоўную Раду Ўкраіны:
«Вынікі гэтых выбараў сведчаць, што шанец на развіццё дэмакратыі ва Ўкраіне ёсць. Тое, чаго найбольш баяліся, што там можа быць адкат, — гэта, на шчасце, не спраўдзілася. Мне
падаецца, што вынікі гэтых выбараў сведчаць, што Украіна прайшла мяжу невяртання да аўтарытарнай сістэмы кіравання. Гэта адрознівае Украіну ад Беларусі і дае нейкае спадзяванне беларускім
дэмакратычнымі сілам».
Спадар Кароль мяркуе, што беларускія выбары няма як нават параўноўваць з украінскімі:
«Там была кампанія з усімі атрыбутамі свабодных выбараў. Магчыма, і былі пэўныя фальсіфікацыі, але яны заставаліся ў межах звычайнай дэмакратычнай працэдуры, як сведчаць сацыёлагі, у межах
5–7 працэнтаў. А ў нас не было выбараў, у нас было прызначэнне паводле савецкай мадэлі, поўная маніпуляцыя».
Аляксей Кароль бачыць некалькі феноменаў у выніках учорашніх выбараў ва Украіне. Першы з іх — удалы выступ партыі чэмпіёна па боксе Віталя Клічка «Удар»:
«Гэта тэндэнцыя, калі і адны (Партыя рэгіёнаў), і другія (“Бацькаўшчына) ужо надакучылі, не апраўдалі спадзяванняў і даверу часткі выбарцаў, і таму галасуюць за новую сілу і вядомую
фігуру, у дадзеным выпадку Клічко. Ягоная палітычная сіла супала з чаканнямі насельніцтва: спартсмэн, моцны, удар...»
Другі феномен — нечакана высокі вынік камуністаў, пераважна атрыманы за кошт усходніх рэгіёнаў. Спадар Кароль тлумачыць іх поспех:
«Калі рэформы і дэмакратызацыя не даюць відавочных вынікаў і ёсць разрыў паміж верхняй і ніжняй межамі даходаў насельніцтва, калі ёсць расчараванне ў палітыцы, то тады галасы аддаюць сіле, з
якой атаясамліваюць больш справядлівае размеркаванне матэрыяльных даходаў, і гэта звязваецца з камуністамі і з ілюзорнымі ўспамінамі пра сацыялізм. Гэта запозненая настальгія».
Пры гэтым, як прызнае спадар Кароль, масавая свядомасць не звяртае ўвагі, што камуністы ідуць у саюзнікі з алігархамі і суперкапіталістамі Партыі рэгіёнаў, адказнымі за сацыяльную няроўнасць.
Трэці феномен — прыход у парламент праварадыкальнай партыі «Свабода» Алега Цягнібока, які атрымаў моцную падтрымку на Захадзе Украіны. Аляксей Кароль мяркуе з гэтай
нагоды:
«Людзі спадзяваліся на нацыянальны ўздым, але не атрымалі. Пры ўладзе Януковіч. І гэта стала рэакцыяй на антынацыянальныя аспекты ягонай палітыкі».
Некалькі беларускіх праваабаронцаў цяпер знаходзяцца ва Ўкраіне як сябры міжнароднай назіральнай місіі «ENEMO». Каментаваць выбары яны не могуць, пакуль не з’явіцца
агульная ацэнка місіі. Раней шмат разоў назіральнікам на выбарах ва Украіне бываў старшыня БХК Алег Гулак, які і цяпер сочыць за падзеямі на выбарах Вярхоўнай Рады.
Чытайце працяг артыкула Валера Каліноўскага
http://www.svaboda.org/content/article/24753949.html