Брытанскі генерал: Беларусь пад расійскім кантролем будзе заставацца пагрозай
Былы намеснік галоўнакамандуючага сіламі NATO у Еўропе, сузаснавальнік даследчага цэнтру Stategia Worldwide Рычард Шырэф у 2016 годзе выпусціў кнігу «2017: Вайна з Расіяй». У ёй апісвалася будучае расійскае ўварванне ва Украіну. Што спраўдзілася з яго прагнозаў, а што не?

Фота faktor.bg
Пра ролю NATO, вайну ва Украіне і датычнасць да яе Беларусі Рычард Шырэфпаразважаў у інтэрв’ю «Р*дыё Свабода». Прыводзім гутарку ў скарачэнні з захаваннем правапісу арыгіналу.
«Краіны NATO павінны рыхтавацца да найгоршага сцэнару»
— На нядаўняй канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC вы папярэджвалі, што ўсё яшчэ можа спатрэбіцца непасрэдны ўдзел сілаў NATO у вайне ва Ўкраіне. Якія магчымыя сцэнары вы бачыце?
— Я сапраўды гэта сказаў, і я не адмаўляюся ад сваіх словаў. Каб даць тут кантэкст: я лічу, што гэта вайна ня толькі супраць Украіны — гэта вайна супраць Захаду, гэта вайна супраць NATO і гэта вайна супраць таго, каб Украіна далучылася да Захаду, зрабілася часткай Захаду.
Тут можа быць толькі адзін вынік — Украіна дасягае сваіх ваенных мэтаў і перамагае Расею. Гэта ні ў якім сэнсе ня значыць уварваньня на сувэрэнную расейскую тэрыторыю, але гэта значыць, што ўся сувэрэнная ўкраінская тэрыторыя, акупаваная ці анэксаваная Расеяй, павінна вярнуцца пад кантроль Украіны.
І альбо Ўкраіна дасягне гэтага самастойна — з усёй падтрымкай, якую аказвае NATO, Захад, іншыя партнэры — альбо, калі ў яе не атрымаецца дасягнуць гэтых мэтаў, альтэрнатывай будзе параза Ўкраіны ці доўгая і жахлівая ў пляне чалавечых ахвяраў патавая сытуацыя.
На маю думку, мы не павінны выключаць магчымасьць, што NATO давядзецца ўмяшацца, каб гарантаваць посьпех Украіны.

«Даць Украіне ўсе сродкі для ваеннага посьпеху»
— Ці хвалюе вас нядаўняя заява Расеі, што яна разьмесьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?
— Я думаю, што любое бразганьне ядзернай зброяй з боку Расеі вельмі-вельмі небясьпечнае і вельмі-вельмі безадказнае. Я не магу сказаць, што я хвалююся, бо я чакаў такога. Але калі спытацца, ці заклапочаны я гэтым — то так, я заклапочаны.
І Маскве вельмі ясна далі зразумець, што любыя спробы падняць плянку празь ядзерную эскаляцыю атрымаюць бязьлітасны адказ.
— Якім, на вашую думку, павінны быць палітычны і вайсковы адказ Захаду і NATO, калі расейцы разьмесьцяць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?
— Я думаю, што тут гаворка пра папярэджаньне. Калі расейцы вырашаць перамясьціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі, я ўпэўнены, што ўсе заходнія выведкі будуць вельмі ўважліва сачыць за гэтым, каб гарантаваць, што гэтая зброя пад назіраньнем і што можна будзе пабачыць любое патэнцыйнае злучэньне паміж боегалоўкамі і ракетамі ці іншымі сродкамі дастаўкі.
Аднак я ня думаю, што на гэта будзе актыўны адказ, і ня думаю, што на гэта павінен быць актыўны адказ. Думаю, што тут трэба рыхтавацца і быць гатовымі да найгоршага сцэнару. Адказам павінна быць павелічэньне выдаткаў на абарону і запасаў боепрыпасаў, перагляд нашых заходніх рэсурсаў для вядзеньня вайны
Але галоўным адказам павінна быць наступнае — даць Украіне ўсе неабходныя сродкі, каб яна магла дасягнуць ваеннага посьпеху.

«Рызыку ядзернай вайны ствараюць такія людзі, як Пуцін»
— У вашай кнізе «2017: Вайна з Расіяй» адзін з эпізодаў — апэрацыя брытанскага спэцназу разам з партызанамі з балтыйскіх краін, каб узяць пад кантроль ядзерную зброю Расеі ў Калінінградзкай вобласьці. Вядома ж, гэта мастацкая кніга, але ў сучасным сьвеце такая апэрацыя магчымая?
— Як вы і сказалі, гэта была мастацкая кніга, і я там скарыстаўся сваім уяўленьнем. Такая апэрацыя, як вы і сказалі, была б надзвычай складанай і надзвычай небясьпечнай, рызыкоўнай. Але я спрабаваў паказаць, што прырода той гіпатэтычнай вайны, якую я апісваў у сваёй кнізе, не абавязкова дазволіць нейкую разьвязку канвэнцыйнымі, традыцыйнымі сродкамі. Што спатрэбіцца выкарыстаньне неканвэнцыйных сродкаў — спэцназу, баявых дзеяньняў у кібэрпрасторы і іншых рэсурсаў.
Гэта быў проста ўказальнік таго, як, на маю думку, магла б разьвівацца такая вайна. Я тут ня маю нейкай перавагі — насамрэч, ёсьць шмат людзей, якія маюць больш інфармацыі, каб прагназаваць прыроду такой магчымай будучай вайны.
Ці была б такая апэрацыя прымальнай у баявых дзеяньнях? Абсалютна так, яна, безумоўна, была б прымальнай. Я б ня стаў выключаць ніякіх варыянтаў.
— Але ці не стварыла б яна вельмі высокую рызыку ядзернай вайны? Татальнай ядзернай вайны, калі нешта пойдзе ня так?
— Я б павярнуў гэтае пытаньне ў іншы бок. Рызыку ядзернай вайны ствараюць такія людзі, як Пуцін і прадстаўнікі Расеі, якія займаюцца ядзерным шантажом і рэгулярна пагражаюць так званай «ядзернай дээскаляцыяй» [Канцэпцыя з расейскай ваеннай дактрыны, згодна зь якой у адказ на шырокамаштабны напад канвэнцыйнымі ваеннымі сіламі можа прымяняцца «абмежаваны» ядзерны ўдар. Паводле канцэпцыі, такая пагроза можа прадухіліць напад ці спыніць канфлікт. — РС]. І я думаю, што гэта быў бы адзін са спосабаў гэтаму супрацьстаяць.

«Захад і NATO павінны думаць пра Беларусь стратэгічна»
— Вы сказалі, што Расея можа паспрабаваць і фармальна анэксаваць Беларусь, хоць гучаць галасы, што фактычная анэксія ўжо адбылася. Якім, на вашую думку, павінен быць адказ Захаду, і ці мае Захад дагэтуль нейкія сродкі ўплыву на Беларусь?
— Мяне вельмі ўразіла дыскусія на канфэрэнцыі GLOBSEC, дзе абмяркоўвалі Беларусь і змаганьне за свабоду ў Беларусі. І мне здаецца, што там прагучала вельмі правільная думка, што Захад і NATO павінны думаць пра Беларусь стратэгічна.
Відавочна, што ў інтарэсах Захаду — каб цяперашні рэжым быў зрынуты і каб на яго месца прыйшла дэмакратычная ўлада. І калі на выбарах у дэмакратычнай сыстэме прагаласуюць за Лукашэнку, гэта нармальна, але трэба свабодныя і справядлівыя выбары.
Бо я лічу, што, па вялікім рахунку, у Эўропе ня будзе міру пакуль Пуцін ці нехта кшталту Пуціна застаецца ў Крамлі. І адзіны спосаб, каб трансатлянтычная супольнасьць — у якую я б уключыў ня толькі Ўкраіну, але і Беларусь — была ў бясьпецы і міры, гэта каб яна была пад парасонам NATO.
— Ці бачыце вы магчымасьць, каб Беларусь стала часткай NATO — магчыма, ня ў блізкай будучыні, але рана ці позна?
— Гэта забяганьне ў далёкую будучыню, калі паглядзець на тое, дзе Беларусь цяпер. Але няма нічога немагчымага.
Мэта NATO — абараніць трансатлянтычную супольнасьць ад пагрозаў. Калі Беларусь будзе па-за Расеяй, будзе вольнай, дэмакратычнай дзяржавай, і калі ёй будзе пагражаць Расея, дык гэтая пагроза будзе таксама і пагрозай Захаду. І зь цягам часу такая лёгіка можа спрацаваць.
Але пакуль што для многіх людзей гэта выглядае як забяганьне далёка наперад. Асабіста я лічу, што Ўкраіна павінна стаць часткай NATO як мага хутчэй. Для многіх людзей у краінах NATO гэтая ідэя занадта радыкальная. Калі цяпер далучаць да такой прапановы Беларусь, гэта быў бы яшчэ большы выклік.
— Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне кажуць, што NATO плянуе змовы, каб напасьці на Беларусь і нават забраць частку беларускай тэрыторыі. Што б вы адказалі на такія абвінавачаньні?
— Я б сказаў, што NATO застаецца абарончым альянсам. Ён мае абараніць Заходнюю Эўропу, Усходнюю Эўропу — усе эўрапейскія краіны — і трансатлянтычную супольнасьць ад пагрозаў. У гэтым выпадку ад пагрозаў, якія стварае Расея.
У NATO абсалютна няма думак — і я ў гэтым упэўнены — пра нейкія пляны ўварваньня ў Беларусь. Але гэта не выключае падтрымкі беларускага народу з боку асобных заходніх краін, з боку асобных краін NATO.
«Усе мы падтрымалі б сьмелых патрыётаў Беларусі»
— Былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы Вальдэмар Скшыпчак нядаўна заклікаў рыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. Ці лічыце вы, што для краіны NATO магчыма падтрымліваць паўстаньні і партызанскую вайну ў суседняй краіне?
— Я лічу, што для любой краіны NATO, калі гэта адпавядае палітычным мэтам гэтай канкрэтнай краіны, цалкам магчыма на двухбаковай аснове падтрымліваць змагароў за свабоду ў іншай краіне.
Вядома ж, я лічу, што ўсе мы падтрымалі б сьмелых патрыётаў Беларусі, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі з боку дыктатуры. Мы зь вялікім захапленьнем назіралі за тымі дэманстрацыямі, якія вы згадалі.
Але гэта насамрэч пытаньне ў кампэтэнцыі польскага ўраду, і я тут не магу камэнтаваць больш, чым тое, што сказаў.

«Выклік для цэлага пакаленьня»
— Як вы гледзіце на пэрспэктывы зьмены ўлады ў Расеі, калі яна прайграе гэтую вайну? Ці лічыце вы, што параза можа прывесьці ў Крэмль больш лібэральную ўладу, ці туды прыйдуць прыхільнікі яшчэ больш жорсткага курсу?
— На маю думку, вельмі малаімаверна, што мы пабачым у Крамлі дэмакратычнага лібэральнага лідэра, які працягне галінку алівы, каб усталяваць мір з трансатлянтычнай супольнасьцю і мір ва ўсёй Эўропе.
Таму я лічу, што нам трэба зыходзіць з гэтага. І раблю з гэтага выснову, што NATO мусіць усталяваць сталёвае кальцо стрымліваньня на сваім усходнім флянгу, каб абараніць Украіну і прадухіліць наступнае расейскае ўварваньне праз 5, 10 ці 15 гадоў.
Гэта выклік для цэлага пакаленьня. І я думаю, што гэты выклік будзе вызначаць падыходы NATO да вайсковых выдаткаў і ўзброеных сілаў на некалькі пакаленьняў наперад.