Былая Вялікалітвінская рэспубліка?

Былая югаслаўская рэспубліка Македонія, верагодна, зменіць назву. Так скончыцца канфлікт паміж Грэцыяй і Македоніяй з-за назвы. Канфлікт, вострая стадыя якога доўжыцца чвэрць стагоддзя і б’е чырвоным святлом на шляху македонцаў у ЕС ды NATO. Калі праводзіць паралелі, дык Беларусь — гэта Македонія наадварот.

Помнік Аляксандру Македонскаму ў Скоп'е (Вершнік). Фота - travel.aviastar.org

Помнік Аляксандру Македонскаму ў Скоп'е (Вершнік). Фота - travel.aviastar.org

Часткі Македонскай імперыі — магутнага царства, якое вядома нам па кіраванні Аляксандра Македонскага — падзеленыя паміж трыма краіна-спадкаемцамі: Грэцыяй, Балгарыяй і Македоніяй. Таксама, як спадчыну ВКЛ дзеляць Беларусь і яе суседзі. Але калі ў нашых краях не назіраецца вострага канфлікту, ён існуе паміж сённяшнімі Грэцыяй і Македоніяй. І, што дзіўна, спрэчка ідзе не за тэрыторыю ці іншую матэрыяльную спадчыну, а за назву. У грэкаў Македоніяй называецца паўночная частка іх краіны (яе яшчэ называюць «Грэчаская Македонія»), а ў македонцаў — сама краіна.

Страшны сон Аляксандра Македонскага

960px_map_macedonia_336_bc_ru.svg.png

Сур’ёзная спрэчка за назву пачалася ў 1991 годзе, калі Сацыялістычная Рэспубліка Македонія выйшла з федэратыўнай Югаславіі, падпісала дэкларацыю аб незалежнасці, назвала сябе «Рэспубліка Македонія» і стала паўнавартасным суб’ектам міжнароднай палітыкі. Грэкі прынялі ў штыкі назву старой-новай суседкі, матывуючы, што з-за назвы можна дачакацца і тэрытарыяльных прэтэнзій на Грэчасткую Македонію. Гэта мела падставы, бо македонская Канстытуцыя выказвала клопат пра статус і правы людзей, якія належаць да народа Македоніі і жывуць у суседніх дзяржавах. У якіх — намёк відавочны. Таксама Грэцыя выказвала абурэнне, што незалежная Македонія прысабечвае прыўласнівае гістарычнае імя імперыі і такім чынам фальсіфікуе гісторыю. Што вельмі падобна да абвінавачвання летувіскіх і беларускіх гісторыкаў адно аднаго.
У 1992 годзе ў грэчаскіх Салоніках адбылася дэманстрацыя супраць выкарыстання Македоніяй гэтай назвы. Па дадзеных прэсы, мітынг сабраў да мільёна чалавек (варта адзначыць, што ў самой Македоніі пражывае два мільёны). Часовым кампрамісам паміж Грэцыяй і Македоніяй, якога тады ўдалося дасягнуць, стала назва «Былая югаслаўская Рэспубліка Македонія». Менавіта так краіна зарэгістравана ў дакументах ААН, сябрам якой стала ў 1993 годзе.
Канешне, назва «Рэспубліка Македонія» таксама выкарыстоўваецца, але грэкі не прызнаюць гэтыя назвы і паўафіцыйна называюць сваю суседку «Рэспубліка Скоп’е» (па назве сталіцы).Прапанаваныя грэкам варыянты «Верхняя Македонія», «Новая Македонія» і «Паўночная Македонія» іх не задаволілі, бо ў назвах, натуральна, ёсць слова «Македонія». А, напрыклад, назва «Славяна-албанская Македонія», якую прапаноўвалі грэкі, ужо не задаволіла македонцаў. Дайшло да таго, што на гэтай глебе напрыканцы мінулага стагоддзя Грэцыя ўвяла гандлёвае эмбарга супраць Македоніі.
Але такія захады не працягнуліся доўгі час і на дадзены момант грэчаскія кампаніі даволі шмат інвестуюць у македонскую эканоміку. Цяпер канфлікт перайшоў цалкам у палітычнае поле.

Каб захаваць крохкі баланс, які склаўся ў бягучым стагоддзі, стрымана паводзяць сябе і культурныя дзеячы Македоніі. Помнік Аляксандру Македонскаму ў Скоп’е, каб не дражніць грэкаў, якія таксама маюць права на гэтую гістарычную асобу, называюць проста «Вершнік». Рашучыя перамовы аб назве Македоніі паміж ёй і Грэцыяй аднавіліся паўтара месяцы таму. Гэтая спрэчка настолькі надакучыла абедзвюм краінам і ЕС, што і ў таго, і ў другога боку ёсць моцнае жаданне знайсці канчатковы кампраміс.
Ён вымалёўваецца ў назве «Рэспубліка Вардарская Македонія», па найменні ракі, на якой стаіць Скоп’е. Але справа тут зусім не ў рацэ: «Вардарская банавіна» (або «правінцыя») — менавіта так называлі Македонію, калі яна з 1929 да 1941 года ўваходзіла ў склад Каралеўства Югаславія. Такім чынам, Грэцыя ўжо змірылася з тым, што назва іх суседняй краіны будзе ўтрымліваць слова «Македонія», але дадатак «Вардарская» культурна і гістарычна знітуе яе найперш з Сербіяй (былой Югаславіяй) і аддаліць ад гісторыі ў дзве тысячы гадоў двухтысячагадовай гісторыі.
Гэта тое самае, калі б нашу краіну назваць «Другая Рэч Паспалітая — Беларусь».
Як ні дзіўна, македонцы таксама могуць пагадзіцца на такі кампраміс. Галоўнае, каб Грэцыя перастала блакаваць іх уваход у ЕС і NATO. Але шараговыя грэкі рашуча пратэстуюць супраць такой дамовы. Для тых грамадзян, хто у студзені выйшаў на стотысячную дэманстрацыю ў Салоніках, слова «Македонія» ўвогуле не павінна выкарыстоўвацца ў назве суседняй рэспублікі.

А мы — здаволімся Беларуссю?

Герб Літоўскай Рэспублікі і гістарычны герб Беларусі. Выява lisyonok.ucoz.ru

Герб Літоўскай Рэспублікі і гістарычны герб Беларусі. Выява lisyonok.ucoz.ru

Калі праводзіць паралелі, дык Беларусь — гэта Македонія наадварот. Уся цяперашняя тэрыторыя Македоніі з’яўляецца часткай гістарычнай Македонскай імперыі, ад якой Грэцыі і Балгарыі дасталася толькі па кавалку зямлі. І ўся Беларусь з’яўляецца цэльнай часткай Вялікага Княства Літоўскага, а сённяшнія Польшча і Літва «зробленыя» не толькі з земляў ВКЛ. Літва, суседняя і блізкая краіна, носіць назву, якая магла б належаць і нам. Але летувісы ўжо столькі зрабілі, каб паказаць сябе пераемнікамі Вялікага княства, што прэтэндаваць на эксклюзіўнасць у пераемнасці ўжо не выпадае.
Тым не менш, тэза пра тое, што «Рэспубліка Беларусь — спадкаемца ВКЛ» год ад году тлумачыцца беларусам, у тым ліку і далёкім ад гісторыі, і замацоўваецца ў нашай калектыўнай свядомасці. Прыйдзе час, калі мы сапраўды пачнём прад’яўляць, у тым ліку і на міжнародным узроўні, патрабаванні да спадчыны ВКЛ. На прыкладзе Рэспублікі Македонія мы бачым, як могуць разгортвацца падзеі. Таму ўжо сёння неабходна вызначыцца, якую гістарычную праўду мы гатовыя адстойваць да канца, а дзе спадчынай можна падзяліцца.
Пачнём з назваў краін. Трэба прыняць факт, што на мапе свету ўжо ёсць Рэспубліка Літва. Нягледзячы на тое, што пачаткі ВКЛ былі закладзены ў Навагрудку, летувісы ўзялі гэтую гістарычную назву, скарысталася ёй і назва «Літва» непарыўна замацавалася за іх краінай. Беларусам трэба змірыцца з гэтым, бо Літва сёння — паўнапраўны сябар міжнародных саюзаў, і яна можа заблакаваць развіццё нашых міжнародных стасункаў, калі ўбачыць нэймінгавую інтэрвенцыю. Канешне, жаданне перайменаваць «Беларусь» у, напрыклад, «Вялікалітвінскую рэспубліку» надае нашай краіне таямнічасць і рамантызм, але коштам несупыннай канфрантацыі ў рэгіёне. Канфліктная сітуацыя з памежнай краінай закрые дарогу да патэнцыялу Еўрасаюза.
Дарэчы, гісторыкі Вячаслаў Насевіч і Аляксандр Краўцэвіч у кнігах пра ВКЛ тлумачаць, што гістарычна Беларусь складаецца са старажытных «Літвы» і «Русі». Абедзве назвы непарыўна звязаны з нашым краем. Таму ў назве «Беларусь» — не меншая глыбіня і патэнцыял для гістарыяграфіі і міфалагізацыі. А «Вялікалітва» можа стаць геапалітычным хаўрусам, накшталт Міжмор’я.
Тым не менш, маючы такую назву краіны, якую маем, заўсёды неабходна памятаць, што Беларусь — адна са спадкаемцаў ВКЛ. На ўсіх узроўнях трэба працягваць папулярызатарскую працу і несці гэтую думку ў міжнародную англамоўную прастору. Канешне, Літва будзе негатыўна рэагаваць нават на такія нашыя высілкі. І ўжо робіць гэта. Напрыклад, у артыкуле «Дзень, калі беларусы заявяць: Вільня – наша» чытаем выказванне летувіскага навукоўца: «З цягам часу вырасце пакаленне (а, магчыма, ужо вырасла), якое будзе думаць, што Літва — гэта пэўная недарэчнасць і што Вільню трэба прыяднаць да Беларусі». Асновай падобных алармісцкіх выказванняў з’яўляецца тое, што Вільня і Віленскі край сталі часткай Літвы толькі ў 1939 годзе, і яшчэ нават жывуць людзі, якія памятаюць пра гэта.
Сутнасць падобных страхаў, якія і сустракаюцца не так часта, у маляванні чорна-белай карціны: або вы перамагаеце ў барацьбе за гістарычную спадчыну, або мы. Трэцяга не дадзена. Аднак, каб Літва і Беларусь супрацоўнічалі ў рэчышчы канструктыву, гэты трэці шлях неабходна знайсці.
Не сакрэт, што ўся ідэалогія сучаснай Літвы пабудавана на міфе пра ВКЛ. І пашырэнне гэтай тэмы ў кодзе нашай ідэнтычнасці будзе выклікаць напружанне адносін. Таму разам з пошукам і сцверджаннем сваёй гістарычнай праўды варта рабіць і другую працу. А менавіта: тлумачыць летувісам, што мы не нясём ім пагрозы. Што ў іх жа інтарэсах мець побач рэгіянальнага партнёра з адной гістарычнай калыскі. Партнёра, з якім можна паспрачацца пры сустрэчы, але ўсё роўна разысціся з разуменнем існавання агульнай спадчыны.
Адзін з крокаў для ўзаемапранікнення нашых культур такі: на афіцыйным узроўні і Літве, і Беларусі прызнаць за Вільняй статус культурнай сталіцы абедзвюх краін. Запоўніць мост «Мінск-Вільня» дзясяткамі праектаў супрацы і рабіць гэта максімальна публічна. Зрабіць Вільню месцам, куды беларусы могуць прыязджаць без візы, для пачатку хаця б на тры дні. Тое самае і ў дачыненні Мінска: свабодны ўезд для летувісаў у сталіцу Беларусі на любым грамадскім транспарце. Існуючая практыка айчыннага бязвіза паказвае, што гэта — рэальна.
Такі крок пазбавіць нас варыянта македона-грэчаскай напружанасці, канец якой яшчэ цьмяны, і дасць дадатковае гуманітарнае апірышча ў рэгіёне.