Ці чакаць гарачую восень?

Прадстаўнікі апазіцыі, экспертнай супольнасці, медыяў ужо выказалі шмат прагнозаў наконт верагоднай гарачай восені. Маўляў, сацыяльна-эканамічныя праблемы не вырашаныя, у грамадстве існуе напружанасць, а тут яшчэ дэкрэт аб дармаедах будзе рэанімаваны ў новым варыянце. Але...

darmaediakcia__1_of_1__10_logo_1.jpg


Уся праблема ў тым, што прырода публічнага пратэсту — справа загадкавая. Гэта заўсёды рэч непрагназуемая і непрадказальная. Бо звязаная з чалавечай псіхалогіяй, якая цяжка паддаецца рацыяналізацыі. Не выпадкова, ніводная рэвалюцыя не была прадказаная загадзя. Дарэчы, і вясновыя пратэсты ў Беларусі сталіся нечаканымі і для ўлады, і для апазіцыі, і для экспертаў.

Любы масавы пратэст выкліканы комплексам прычын, якія моцна адрозніваюцца ў розных краінах і гістарычных эпохах. Само па сабе незадавальненне насельніцтва эканамічным станам рэдка выштурхоўвае людзей на вуліцы і плошчы. Не існуе наўпроставай сувязі паміж беднасцю і рэвалюцыяй. На свеце існуе шмат краін з бедным насельніцтвам, але рэвалюцый там няма.

darmaediakcia__1_of_1__27_logo_1.jpg

Выбух сацыяльнага пратэсту здараецца зусім нечакана, усё можа загарэцца ад зусім, здаецца, нязначнай падзеі. Вось сёлета мы адзначаем 100-годдзе расійскай рэвалюцыі. А з чаго ўсё пачалося? З-за снежных заносаў на чыгунцы ў Петраград не падвезлі дастаткова хлеба, народ абурыўся — і праз пяць дзён самаўладдзе было зрынутае.

Ці больш блізкія да нас прыклады. У 1980 годзе на адной суднаверфі ў Гданьску быў створаны незалежны прафсаюз «Салідарнасць», праз некалькі месяцаў у яго ўступіла большасць працоўнага насельніцтва Польшчы — і камуністычным уладам давялося ўводзіць ваеннае становішча, каб утрымаць сітуацыю пад кантролем. Рэвалюцыя ў Румыніі 1989 года пачалася з таго, што ў невялікім правінцыйным горадзе Цімішаары быў зняты з пасады і выселены з дому мясцовы пастыр. Штуршком да масавых пратэстаў у Тунісе, што перараслі ў рэвалюцыю ў 2010 годзе, стала самаспаленне вулічнага гандляра.

Хачу звярнуць увагу на адну прычыну масавага пратэсту, якая, на маю думку, з’яўляецца галоўнай. Гэта неадэкватнасць, дурнота, недальнабачнасць самой улады. Часта менавіта яе дзеянні прыводзяць да рэвалюцыйнага выбуху. І толькі затым на падзеі ўплываюць іншыя чыннікі (актыўнасць апазіцыі, замежны ўплыў і г. д). Прыкладаў процьма.

Першая расійская рэвалюцыя пачалася з-за таго, што 9 сту­дзеня 1905 года было расстралянае мірнае шэсце рабочых, якія прышлі да Зімняга палацу ў Санкт-Пецярбургу прасіць міласці ў цара («крывавая нядзеля»). Рашэнне абсалютна вар'яцкае. І праз кароткі час загарэлася ўся краіна.

Больш блізкі прыклад. Хутка будзем адзначаць чацвёртую гадавіну кіеўскага Майдана. Ён цягнуўся тры месяцы. За гэты час было некалькі момантаў, калі пратэст загасаў, і здавалася, што вось-вось знікне сам сабой. Аднак кожны раз няўклюднымі дзеяннямі ўладаў ён набываў новую моц. То бок тры месяцы запар прэзідэнт Віктар Януковіч з усіх магчымых варыянтаў рашэнняў выбіраў найгоршы. Гэта папросту наглядная ілюстрацыя паводзінаў слабага лідара ва ўмовах крызісу.

darmaediakcia__1_of_1__8_logo_1.jpg

Але вернемся да сённяшніх беларускіх рэаліяў. Мне падаецца, што чым мацней беларуская сацыяльная мадэль пагружаецца ў крызіс, тым больш памылак робіць Аляксандр Лукашэнка. Некалькі прыкладаў.

Возьмем тое ж заданне кіраўніка Беларусі давесці сярэдні заробак у краіне спачатку да 500 долараў, ці 1 тысячы рублёў, а цяпер — 1,5 тысячы рублёў. Яно толькі раздражняе людзей, бо існуе ўспамін пра тое, чым закончылася абяцанне даць такі заробак мінулыя разы. Да таго ж у рэгіёнах не тое, што 1 тысяча рублёў, а нават 500 рублёў лічыцца добрым заробкам. Таму ўсе гэтыя заманухі хутчэй дрэнна ўплываюць на імідж кіраўніка Беларусі.

Ці вось яшчэ сюжэт з таго ж шэрагу. Лукашэнка аддаў загад да 1 мая працаўладкаваць усіх непрацуючых. І чыноўнікі даюць справаздачу, што задача выкананая! Цяпер сам кіраўнік дзяржавы на нарадзе 22 жніўня прызнаў, што гэта паказуха і ашуканства.

Альбо загад Лукашэнкі перавесці пачатак заняткаў у школе на 9 гадзін раніцы, бо ягоны сын Коля не высыпаецца. Усё гэта моцна абурае людзей.

Ну а гісторыя з дэкрэтам аб дармаедах — класіка жанру. Гэта прыклад для падручнікаў, як адным рашэннем можна стварыць для краіны і самога сябе столькі праблем, спарадзіць шырокія сацыяльныя пратэсты. Дэкрэт аб дармаедах стаў дэтанатарам, каталізатарам, спускавым кручком шырокага незадаволення ў грамадстве сацыяльна-эканамічным станам.

darmaediakcia__1_of_1__25_logo_1.jpg

Людзей абурае не столькі беднасць, колькі несправядлі­васць уладаў. А якраз дэкрэт аб дармаедах і разбурыў вобраз справядлівай улады. Бо прымушаць людзей, якія апынуліся ў бядзе, без працы, прычым па віне дзяржавы, плаціць за гэта штраф, насельніцтва палічыла вялікай несправядлівасцю. А несправядлівасць улады — гэта ідэалагічная дамінанта любой рэвалюцыі.

Бурлівая палітычная вясна паказала, што беларускае грамадства пазбаўляецца ад «сіндрому Майдану», то бок страху перад забурэннямі ў выніку вулічных акцый. Гэта вельмі важная выснова.

Нагадаю, што новы варыянт дэкрэту аб дармаедах плануецца прыняць да 1 кастрычніка. І гэта на тле таго, што беспрацоўе ў краіне расце. Гэта прызнаў сам Лукашэнка на нарадзе 22 жніўня: «У нас па-ранейшаму прадпрыемствы працягваюць больш звальняць, чым прымаць на працу... Як мяне інфармуюць, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца».

Усе гэтыя чыннікі сведчаць на карысць магчымых пратэстаў.

Але існуюць не менш важкія фактары, якія ўплываюць на невысокую верагоднасць восеньскіх вулічных акцый. Дэкрэт аб дармаедстве, які выклікаў вясновыя маршы незадаволеных, рэальна будзе дзейнічаць не раней за пачатак 2018 года. То бок, падатковыя органы пачнуць патрабаваць плаціць штраф за дармаедства толькі праз нейкі час пасля яго прыняцця.

dzenvoli__1_of_1__10_logo_1.jpg

Нікуды не знік страх рэпрэсій. 25 сакавіка ўлады паказалі, як яны гэта ўмеюць рабіць. І крымінальная справа адносна кіраўніцтва незалежнага прафсаюза РЭП — таксама напамін, а магчыма, і прэвентыўны крок супраць апанентаў рэжыму.

У Беларусі нізкая салідарнасць паміж людзьмі, слабыя гарызантальныя сувязі. Фактычна адсутнічае грамадзянская супольнасць у тым выглядзе, як гэта разумеюць у краінах Захаду.

Галоўны чыннік, які адмоўна ўплывае на вулічныя пратэсты — гэта існая палітычная сістэма. Беларусы — людзі прагматычныя, і яны не вельмі разумеюць, як з дапамогай выхаду на плошчу можна вырашыць нейкую праблему. У дэмакратычных краінах любы публічны пратэст адразу пераводзіць пытанне, з-за якога людзі пратэстуюць, у палітычную плоскасць. Яго падхоплівае парламенцкая апазіцыя, пытанне разглядае парламент альбо мясцовы муніцыпалітэт. Калі гэта працоўны канфлікт, то яго агучвае прафсаюз. Гарачае пытанне падрабязна і ўсебакова асвятляюць асноўныя СМІ, найперш, галоўныя тэлеканалы.

marsz_nedarmaedau__65__logo_1.jpg

Праблема ў тым, што ў Беларусі ўсе гэтыя інстытуты не дзейнічаюць, яны існуюць фармальна. Цэлы месяц вясной цягнуўся пратэст, але Нацыянальны сход маўчаў, дэпутаты рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Афіцыйныя прафсаюзы поўнасцю абдзяржаўленыя, незалежныя прафаб'яднанні — слабыя. Апазіцыя ў Беларусі — пазасістэмная, яна не дапушчаная да ўладных інстытутаў. Дзяржаўныя тэлеканалы займаліся толькі дыскрэдытацыяй пратэстоўцаў. То бок, вынесці праблему на палітычны ўзровень няма каму. Адсутнічае зваротная сувязь паміж грамадствам і ўладай. Зразумела, існуе верагоднасць, што крык вуліцы пачуе кіраўнік Беларусі і неяк адрэагуе. Але не факт. Таму далёкія ад палітыкі абывацелі (а такіх большасць у любой краіне) разважаюць: калі верагоднасць, што цябе пачуюць, невялікая, дык навошта траціць час і энергію на пратэст? Тым больш, што лёгка можна атрымаць дубінкай па галаве, трапіць за краты ці быць звольненым з працы ці навучальнай установы.

Таму большасць шукае індывідуальнае выйсце. Хтосьці едзе на лецішча і там вырошчвае бульбу. Шмат людзей з’язджаюць за мяжу. Дзяржаўны Інстытут сацыялогіі прыводзіць дадзеныя, што да 10% беларусаў шукаюць працу за мяжой. Гэта значыць, столькі людзей не проста мараць (такіх у некалькі разоў больш), а робяць практычныя намаганні, каб з’ехаць за мяжу. Паводле расійскіх крыніц, у РФ цяпер знаходзіцца 676 тысяч працоўных мігрантаў з Беларусі. Гэта складае 7% ад насельніцтва Беларусі. Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін прывёў такі прагноз экспертаў: каля 2 мільёнаў актыўных маладых людзей з'едзе з Беларусі ў бліжэйшыя гады. Гэта механізмы выпускання сацыяльнай пары.

Такія супрацьлеглыя чыннікі ўплываюць на беларускае грамадства напрыканцы лета. А восень ужо зусім хутка.