Частка расійскіх салдат, паланёных УСУ пад Курскам, цяпер у Беларусі. Іх абмянялі

У суботу Расія і Украіна здзейснілі абмен ваеннапалоннымі, з кожнага боку дадому былі вернутыя па 115 чалавек. Сярод вернутых украінцаў — дзясяткі абаронцаў «Азоўсталі», сярод расійцаў — салдаты тэрміновай службы, якія служылі ў Курскай вобласці.

Вызваленыя ўкраінскія вайскоўцы. Фота "Украінскай праўды"

Вызваленыя ўкраінскія вайскоўцы. Фота "Украінскай праўды"

Здзелка адбылася пры пасярэдніцтве Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Прадстаўнікі ААЭ падкрэсліваюць, што гэта ўжо 55-ты абмен ваеннапалоннымі паміж бакамі з пачатку ўварвання ва Украіну, і вялікая частка з іх адбылася пры пасярэдніцтве Абу-Дабі.

Пра тое, што на суботу запланаваны абмен, стала вядома ў той жа дзень з ананімнага каментара агенцтву Reuters прадстаўніка ААЭ. А ўжо менш чым праз гадзіну Мінабароны РФ пацвердзіла, што абмен адбыўся.

Паводле звестак ведамства, усе 115 вернутых расіян трапілі ў палон у ходзе аперацыі УСУ ў Курскай вобласці.

Цяпер яны знаходзяцца ў Беларусі, дадому іх даставяць пасля курсу лячэння і рэабілітацыі.


Глядзіце таксама

Каго вярнула Украіна

Сярод украінцаў, якія вярнуліся дадому, ёсць памежнікі, маракі, шасцёра нацгвардзейцаў з гарнізона аховы Чарнобыльскай атамнай станцыі і 82 абаронцы Марыупаля, 50 з их трымалі абарону «Азоўсталі».

«Гэта [абмен] набліжае вызваленне нашых вайскоўцаў, нашых грамадзянскіх з расійскага палону. Дзякуй нашай камандзе і партнёрам, ААЭ за тое, што нашы людзі вяртаюцца дадому», — сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

У каардынацыйным штабе Украіны ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі заявілі, што ўсе вернутыя дадому ўкраінскія вайскоўцы — гэта тэрміновікі, некаторыя з іх знаходзіліся ў расійскім палоне з першых месяцаў расійскага ўварвання ў 2022 годзе.

«Многія вызваленыя ўкраінскія вайскоўцы маюць праблемы са здароўем у выніку раненняў, а таксама праз невыкананне Расіяй нормаў міжнароднага гуманітарнага права ў палоне. Усе яны пройдуць медыцынскі агляд, неабходнае лячэнне, атрымаюць псіхалагічную дапамогу, рэінтэгруюцца ў наша грамадства і атрымаюць належныя выплаты», — заявілі ў каардынацыйным штабе.

Паводле даных выдання «Украінская праўда», дзевяць чалавек з ліку вернутых былі асуджаныя расійскім судом па шэрагу артыкулаў.

На падставе гэтага можна меркаваць, што, хутчэй за ўсё, як мінімум дзевяць чалавек утрымліваліся ў Расіі як злачынцы, а не як ваеннапалонныя.

Усяго, паводле слоў афіцыйных прадстаўнікоў ААЭ, з пачатку вайны ва Украіне пры пасярэдніцтве Абу-Дабі былі абмяняныя 1788 чалавек.

Паводле BBC.