Дзве цытаты

Традыцыйны чалавек увесь час адчувае сябе ў якасці аб’екта прыкладання знешніх сіл. Яны разнастайныя і ўсюдыісныя: ад архаічных вадзянікоў і лесуноў да «адмарозкаў» з так званай апазіцыі.
 

Бог, як вядома, любіць тройцу. Таму цалкам натуральна, што за «Двума поглядамі на перспектыву эканамічнага росту» і «Дзвюма дэкларацыямі» надышла чарга «Азбукі паліталогіі», загаловак якой таксама пачынаецца з лічэбніка «два». Паспрабую падвесці пад сваю прыхільнасць да такой, здавалася б, ардынарнай лічбы тэарэтычную базу.
Вылучэнне чалавека са свету прыроды пачалося пасля таго, як ён упершыню ўсвядоміў сваё Я ў якасці апазіцыі астатняму свету. «З гэтага моманту, — на думку культуролагаў Андрэя Пеліпенкі і Ігара Якавенкі, — адрыў ад прыроды стаў незваротным, і чалавек быў вырачаны на пошук стратэгіі выжывання праз культуру».
Культура — гэта сукупная прастора сэнсаў. У аснове ж усялякага сэнсаўтварэння палягаюць крайнасці і полюсы (бінарныя апазіцыі). Апазіцыя «Я–іншае» — толькі першая ў гістарычным ланцужку. Пасля таго, як колькасць апазіцый дасягнула крытычнага ўзроўню, адбылася Дуалістычная рэвалюцыя, падчас якой шматлікія апазіцыі, спароджаныя чалавечым уяўленнем, размеркаваліся паміж двума галоўнымі полюсамі — Дабром і Злом. Адсюль ужо было недалёка да монатэістычных рэлігій выратавання — хрысціянства і ісламу.
На піку Дуалістычнай рэвалюцыі ў яе заходне-хрысціянскай інтэрпрэтацыі еўрапеец быў гатовы не толькі знішчаць агнём і мячом апанентаў уласнай версіі Дабра, але і сам ісці ў агонь дзеля яе перамогі. Пасля расколу заходняга хрысціянства Еўропу на 150 гадоў ахапілі рэлігійныя войны.
Але тое, што ў еўрапейцаў засталося ў мінулым, у ісламе і зараз працягвае генераваць сацыяльную энергію: масавы рэлігійны фанатызм дазваляе рэкрутаваць фактычна неабмежаваную колькасць тэрарыстаў-смяротнікаў.
Не ў клазетах, а ў галовах…
Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, нягледзячы на савецкую прапаганду, не здолела стаць новым словам у гісторыі чалавецтва. Яна толькі аформіла чарговую версію барацьбы сусветнага Дабра з сусветным Злом, і пазбавіла два полюсы бінарнай метаапазіцыі сакральнага статусу. Гэта дазволіла працягнуць знішчэнне мільёнаў «няверных», але ўжо не дзеля дасягнення раю ў іншым, лепшым свеце, а ў імя светлай камуністычнай будучыні.
Распад Савецкага Саюза, успрыняты шмат кім як «найвялікшая трагедыя XX стагоддзя», азначаў заканчэнне Дуалістычнай рэвалюцыі ў праваслаўнай цывілізацыі (сярод мусульманскіх народаў Расіі яна яшчэ далёкая да завяршэння). Аднак з гэтага факту не вынікае, што яе адэпты ў Беларусі зніклі. Не, яны па-ранейшаму складаюць устойлівую большасць, але гэта большасць пасіўная. Немагчыма ўявіць сабе, каб прадстаўнікі большасці па ўласнай ініцыятыве выйшлі на Плошчу, напрыклад, для таго, каб выказаць радасць з нагоды чарговай электаральнай перамогі свайго куміра. Пра фанатыкаў жа, гатовых хоць чым-небудзь ахвяраваць дзеля абароны афіцыйнай версіі Дабра, сёння нават гаворка не ідзе.
Разруха, як геніяльна заўважыў Міхаіл Булгакаў, не ў клазетах, а ў галовах. Яна — вынік так да канца і не загоеных ран Дуалістычнай рэвалюцыі. Таму мы даўно ўжо не здзіўляемся, што адмежаванне «сваіх» ад «чужых» працягвае складаць аснову ўнутранай і знешняй палітыкі рэспублікі-партызанкі.
Яшчэ адзін прыклад разрухі ў галовах — пастаяннае адчуванне сябе ў якасці аб’екта прыкладання знешніх сіл. Яны разнастайныя і ўсюдыісныя: ад архаічных вадзянікоў і лесуноў да «адмарозкаў» з так званай апазіцыі і некаторых сусветных сіл, якія маюць свае інтарэсы і зацікаўленыя «в разрушении той стабильности, которая сегодня присутствует в белорусском обществе и государстве».
Вось тут і надышоў час прывесці дзве цытаты. Першую я запазычыў з прэс-рэлізу, прысвечанага выступу адзінага палітыка (АП) з нагоды прызначэння новага міністра замежных спраў: «По мнению президента, особенность текущей ситуации состоит в том, что источники основных вызовов и угроз для Беларуси, как экономического, гуманитарного, социально-политического, так и классического военного характера, находятся за ее пределами (падкрэслена намі — С. Н.)».
 Другая цытата — фрагмент дакладу міністра эканомікі Мікалая Снапкова на пасяджэнні Саўміна 8 жніўня: «Глубина интеграции, которая заложена в идеологии Декларации о Евразийской экономической интеграции, не спасает от конкуренции со стороны мировых игроков. Как показывает опыт Европы, интеграция не является единственным фактором, подтягивающим отстающие страны до среднего уровня, а это значит, что потенциал и основные риски развития — внутренние (падкрэслена ў афіцыйным тэксце дакладу)».
Інвестыцыйны патэнцыял сусветнага Зла
Улюбёная тэма палітолагаў, што вывучаюць аўтарытарныя палітычныя рэжымы, — раскол эліт. Google на гэта словазлучэнне знайшоў 355 тысяч спасылак. Працытую ўрывак з першай: «Не сакрэт, што рэвалюцыі заўсёды робяць эліты. Напэўна, Дзмітрый Анатолевіч хацеў неяк дагадзіць свайму ліберальнаму асяроддзю і прадстаўнікам тых сіл, якія арганізавалі пратэстныя мітынгі. Але па факце ён унёс поўны сумбур у сітуацыю… Справа не ў тым, ці збіраецца ўлада аднаў­ляць аднамандатныя акругі, ці не. Праблема нават не ў тым, што ўсё гэта вельмі нагадвае рэваншызм. Мы маем гіганцкі раскол эліт, які можа справакаваць вялікую ўнутраную грамадзянскую вайну».
Дык вось яно як! Прамовіў Дзмітрый Анатолевіч колькі ліберальных лозунгаў — і трэснула расійская эліта па швах. Але калі казаць сур’ёзна — а такая гаворка не магчымая без спасылак на аўтарытэт, — то, на думку амерыканскага палітолага Адама Пшэворскага, наяўнасць расколу ў кіроўнай эліце поруч з уздымам актыўнасці грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца галоўнымі ўмовамі трансфармацыі аўтарытарных рэжымаў.
Чаму ж тады пры такім сур’ёзным разыходжанні ў ацэнках крыніц пагроз паміж АП і міністрам эканомікі сёння не даводзіцца казаць пра наяўнасць гіганцкага расколу ў асяроддзі беларускай эліты? Верагодна, па той жа прычыне, па якой прадстаўнікі большасці не здольныя выйсці на Плошчу. Дуалістычная рэвалюцыя завяршылася. І калі АП палохае нас сусветным Злом, якое нібыта пагражае сусветнаму Дабру, то вялікія літары ў гэтых словах з’яўляюцца хутчэй данінай традыцыі, чым адлюстроўваюць рэальныя ўяўленні нашага героя пра сацыяльна-палітычныя працэсы ў сучасным свеце.
Падмацую сказанае адпаведнымі цытатамі: «Но динамика внешнеторговых показателей, объем привлеченных инвестиций должны быть главными индикаторами оценки каждого руководителя в системе органов дипломатической службы… Поэтому нашему МИДу надо засучив рукава втянуться в кропотливую и напряженную работу. И пахать. Бороться за каждый рубль инвестиций в страну».
Пра барацьбу за чые інвестыцыі ідзе гаворка? Няцяжка здагадацца, што самы жаданы інвестар у Беларусі — гэта прадстаўнік сусветнага Зла. Нездарма ж акадэмік Анатоль Рубінаў у серыі артыкулаў, апублікаваных у «СБ», так пераканаўча даводзіў, што «лепшыя дасягненні навукі, тэхнікі, тэхналогіі, больш дасканалыя формы дзяржаўнага ўладкавання (!) назіраюцца ў Заходняй Еўропе, у ЗША, у іншых развітых краінах».
Свае высновы ён падмацаваў спасылкай на эксперыменты, якія паставіла сама гісторыя, «што называецца, у чыстым выглядзе» — ГДР і ФРГ, Паўночная і Паўднёвая Карэя. Не забыўся акадэмік параўнаць і паваеннае развіццё СССР і Заходняй Германіі, «г. зн. краін, што былі аднолькава разгромленыя вайной і якія мелі, такім чынам, блізкія стартавыя ўмовы».
Паліятывам па эклектыцы
Структуру асобы складае набор узгодненых паміж сабой ментальных праграм, што сфармаваныя як культурай, так і прыродай (інстынктыўныя). У адрозненне ад кампутарных праграм, якія можна не толькі ўстанавіць, але і выдаліць, ментальныя праграмы выдаліць нельга. Нават у самага прасунутага чалавека пад пластом праграм, сфармаваных апошнімі дасягненнямі культуры, у латэнтным стане захоўваюцца праграмы, атрыманыя ў спадчыну з гістарычнага і нават дагістарычнага мінулага. Пад уздзеяннем знешніх «раздражняльнікаў» яны могуць уключацца практычна імгненна, што і назіраецца ў большасці рэвалюцыйных сітуацый.
Вось як апісвае сацыёлаг Юры Левада свае наіўныя ўяўленні наконт нараджэння «новага чалавека» падчас Перабудовы: «Можна быццам бы быць свабодным, усе навокал заклікаюць да свабоды, а асаблівай свабоды не атрымліваецца. Атрымалася нейкая кааператыўная дурнота, першы прыступ рынка з усімі сваімі смешнымі і цікавымі бакамі. А вось новага чалавека, як істоты свядомай і разумнай, не было відаць. Наадварот, як толькі чалавека вызвалілі, ён кінуўся назад, нават не да ўчорашняга, а да пазаўчарашняга дня. Ён стаў традыцыйным, ён пачаў уяўляць сабой чалавека дапятроўскага, а не проста дасавецкага».
Вернемся да галоўнага героя «Азбукі паліталогіі». Чалавек традыцыйнай культуры, ён, тым не менш, разумее, што «мы — небольшое европейское государство и должны быть максимально мобильными и эффективными». Аднак ні мабільнасць, ні эфектыўнасць з традыцыйнай культурай не сумяшчальныя. Таму для апісання таго, што мы назіраем, найлепш падыходзіць словы «эклектыка» (змешванне, спалучэнне разнастайных стыляў, ідэй, і інш.) і «паліятыў» (паўмера).
Праілюструю сказанае развагамі АП з нагоды пераабсталявання малочных фермаў у малочныя комплексы, патрэба ў якім ідзе «ад жыцця»: «Нас жизнь заставит. Мы завтра будем работать по правилам ВТО. Вы что хотите сказать, что мы отгородимся от них? Нет».
Пагадзіцеся, цалкам разумная ацэнка праблемы, але якія сродкі рэалізацыі? Яны традыцыйныя для чалавека савецкай ментальнасці: «По полям будут ходить губернаторы, за методику (доения) ответственны министры. А вы (вице-премьер Михаил Русый) должны заняться контролем этих процессов и торговлей».
Што тут можна дадаць?! Беларуская мадэль — гэта ўлік і кантроль, памножаны на хаджэнне губернатараў па палях.