Генеральны сакратар ААН: перспектыва ядзернага канфлікту зноў стала магчымай

Як бы ні скончылася вайна Расіі з Украінай, пераможцаў у ёй не будзе, а далейшая эскалацыя ваенных дзеянняў пагражае ўжо ўсяму чалавецтву. Пра гэта заявіў у панядзелак генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, выступаючы перад журналістамі ў Нью-Ёрку.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выступіў з заявай па сітуацыі ва Украіне 14 сакавіка. Фота ААН / М. Эліяс

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выступіў з заявай па сітуацыі ва Украіне 14 сакавіка. Фота ААН / М. Эліяс


— З кожнай гадзінай становяцца ўсё больш відавочнымі дзве рэчы. Па-першае, сітуацыя становіцца ўсё горшай. Па-другое, пры любым зыходзе ў гэтай вайне не будзе пераможцаў, толькі тыя, хто прайграў, — адзначыў Гутэрыш.
Наступствы вайны будуць адчувацца далёка па-за межамі Украіны, дадаў ён. Гэта б'е па ўсёй сусветнай эканоміцы, асабліва па краінах, якія развіваюцца на фоне яшчэ не пераадоленых наступстваў пандэміі. Акрамя таго, на Украіну і Расію прыпадае больш за палову сусветных паставак сланечнікавага алею і каля 30% вытворчасці пшаніцы ў свеце, і цяпер над светам навісла пагроза краху харчовай сістэмы.
Акрамя таго, далейшая вайсковая эскалацыя пагражае ўжо ўсяму чалавецтву ядзернай вайной, адзначыў Гутэрыш. Павышэнне ўзроўню баявой гатоўнасці расійскіх ядзерных сіл, паводле яго слоў, — «падзея, якая ледзяніць кроў». Перспектыва ядзернага канфлікту, некалі неймаверная, цяпер зноў стала магчымай.
— Пара спыніць жах, які абрынуўся на народ Украіны, і ўстаць на шлях дыпламатыі і міру. Нам неабходна неадкладнае спыненне баявых дзеянняў і сур'ёзныя перамовы на аснове прынцыпаў Статута ААН і міжнароднага права. Нам патрэбны мір, — падкрэсліў кіраўнік ААН.
Ён дадаў, што цесна кантактуе з лідарамі многіх краін, у тым ліку Кітая, каб прыцягнуць іх да перамоў аб спыненні вайны. Таксама ААН аказвае дапамогу насельніцтву Украіны і бежанцам, якія пакутуюць ад баявых дзеянняў — іх ужо 2,8 млн. Раней арганізацыя запусціла праграму па выдзяленні для Украіны 1,7 млрд. долараў на гуманітарныя патрэбы. Сёння Гутэрыш абвясціў, што ААН непасрэдна выдзеліць 40 млн. долараў для аказання жыццёва важнай дапамогі мірным жыхарам Украіны.