Генпракурор Украіны расказала пра Барадзянку, дзе сітуацыя з ахвярамі горшая за Бучу

Генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава заявіла, што сітуацыя з ахвярамі ў Барадзянцы — найбольш складаная.

Вызваленая Буча. Фота: Associated Press

Вызваленая Буча. Фота: Associated Press


Генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў жывым эфіры ўкраінскага тэлебачання заявіла пра распачатае расследаванне ваенных злачынстваў, здзейсненых Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Ірына Венядзіктава адзначыла, што на дадзены момант выяўлена месца, дзе былі зафіксаваны яшчэ больш «маштабныя і жудасныя» акты знішчэння цывільнага насельніцтва, чым тое, што было выяўлена ў Бучы. Спадарыня пракурор заявіла, што сітуацыя з ахвярамі ў Барадзянцы — найбольш складаная.
Барадзянка з’яўляецца невялікім горадам у сарака кіламетрах на паўночны захад ад Кіева, насельніцтва якога да вайны складала 12 тысяч чалавек.
«Насамрэч у Барадзянцы горшая сітуацыя для пацярпелых. Гэтая гісторыя… Я думаю, што мы пагаворым пра Барадзянку асобна. Ёсць пра што пагаварыць. Але нельга забываць і пра іншыя рэгіёны, якія былі вызваленыя дзякуючы нашым УСУ. Сумская вобласць, Чарнігаўская вобласць… Мы бачым там мноства ахвяр», — сказала Венядзіктава.
Генеральная пракуратура Украіны паведамляе, што на дадзены момант паступіла больш за 7 тысяч зваротаў аб ваенных злачынствах Расіі. Генпракуратура змагла зафіксаваць злачынствы, учыненыя расійскімі войскамі ў Кіеўскай вобласці. Паводле слоў генпракурора, установа ўжо працуе над злачынствамі ў Ірпені, Бучы і Ворзелі.
Нагадаем, што менавіта ў Барадзянцы пасля ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны былі ўзяты ў закладнікі пацыенты псіханеўралагічнага дыспансера. Паводле слоў старшыні Кіеўскай вайсковай адміністрацыі Аляксея Кулебы, у лякарні ўтрымлівалі фактычна без пітва, ежы і сну 670 чалавек. Украінскі чыноўнік адзначыў, што медыцынскую ўстанову трымалі «пад кантролем» «кадыраўцы».