«Год міру і стварэння будзе годам развіцця спецыяльных падраздзяленняў»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» здзіўляецца, як у «год міру» Беларусь імкнецца нарошчваць ваенны патэнцыял, а расійскія «перамогі» на фронце выклікаюць адваротную рэакцыю ў свеце. І нават самыя маленькія краіны больш не баяцца «другой арміі свету».

Неспакойна на паўднёвых рубяжах. На заходніх і паўночных таксама трывожна, але з паўднёвымі не параўнаць. Там далікатныя пачуцці беларускіх памежнікаў рэгулярна абражаліся непрыстойнымі жэстамі і нядобрымі словамі. А часам нават з прымяненнем зброі. Настаўлялі на памежнікаў зброю і казалі «та-та-та», «бдышч-бдышч»! Усяго, па даных пагранкамітэта, за мінулы год было зафіксавана 88 такіх фактаў.
І гэта, не лічачы падарваных мастоў, пасіўна-агрэсіўных процітанкавых загарод і наступальных мінных палёў.
Гэта значыць, рубяжы беларускія пагранічнікі трымаюць ужо літаральна з апошніх сіл. Але ж трымаюць жа. Падцягнулі рэзервы, умацавалі рэгіянальную групоўку войскаў і не здалі ворагу ні пядзі роднай зямлі.

Але рэзерваў ужо не хапае, таму Год міру і стварэння будзе годам развіцця спецыяльных падраздзяленняў. Лагічна ж. Ты, можа, не ў курсе, але прыстаўка «спец» экспанентна павышае боегатоўнасць. Вось у каго спецпадраздзяленняў больш, у таго і боегатоўнасць вышэйшая.
І я ўпэўнены, што колькасцю спецыяльных падраздзяленняў на душу насельніцтва беларускія войскі хутка перасягнуць усе арміі свету. Яшчэ, можа, і з саюзнікам хопіць падзяліцца.
А ў саюзніка зноў разгуляліся пераможныя настроі. Таму што саюзнік узяў Саледар. (Чатыры разы, а можа і болей). А ўзяты Саледар кружыць галаву, цісне на цэнтр прыняцця рашэнняў і кліча да новых подзвігаў. Таму адразу за Саледарам расійская армія пачала вялікае наступленне. Герасімаўскі, так бы мовіць, прарыў. Узяла вёску Кляшчэеўку. Ужо два разы. А яшчэ шэраг населеных пунктаў у Запарожскай вобласці. Але назвы гэтых населеных пунктаў, мабыць, занадта сакрэтныя, каб іх называць. Таму ўзялі і ўзялі. Не важна што.

Затое міжнародны аўтарытэт саюзніка ўзнёсся да такіх вышынь, што Эстонія прыстрашыла зачыніць яму акно ў Еўропу. Пакінуць фортку шырынёй у тры марскія мілі. І гэтая эстонская пагроза — лепшая ацэнка поспехаў спецыяльнай аперацыі, моцы расійскіх узброеных сіл і геапалітычнага значэння Расіі.
Вось замест таго, каб цягацца з амерыканцамі за геапалітычныя полюсы, прыйдзецца, мабыць, судзіцца ў міжнародных арбітражах з эстонцамі за права вольнага плавання па Фінскім заліве.