Хто асушыў электаральнае «балота»?

Структура беларускага грамадства з’яўляецца рамкай, якая абмяжоўвае электаральныя фантазіі прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.

Аднойчы мне давялося патрапіць на «круглы стол», дзе абмяркоўвалася праблема праймерыз. Аўтары ідэі пераконвалі прысутных, што пераможца праймерыз «будзе мець зусім іншую легітымнасць, і ў яго будзе прынцыпова іншая палітычная вага». Я меў смеласць выказаць на гэты конт шэраг крытычных заўваг, за што і атрымаў ад калегаў па цэху па поўнай праграме.



2c6ae45a3e88aee548c0714fad7f8269.jpg

Структура беларускага грамадства з’яўляецца рамкай, якая абмяжоўвае электаральныя фантазіі прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.
Аднойчы мне давялося патрапіць на «круглы стол», дзе абмяркоўвалася праблема праймерыз. Аўтары ідэі пераконвалі прысутных, што пераможца праймерыз «будзе мець зусім іншую легітымнасць, і ў яго будзе прынцыпова іншая палітычная вага». Я меў смеласць выказаць на гэты конт шэраг крытычных заўваг, за што і атрымаў ад калегаў па цэху па поўнай праграме.
Працытую: «Супраць ідэі праймерыз жорстка выступіў толькі Сяргей Нікалюк, — ён матываваў свой пункт гледжання вельмі арыгінальнымі пасыламі: «Адважуся сцвярджаць, што персаналія кандыдата не мае ніякага ўплыву на вынікі выбараў. І ніяк не залежыць ад кампаніі, якую праводзіць кандыдат». А залежыць ад таго, што, як Нікалюк сцвярджае (і лічыць, што грунтуецца ён ў гэтым на сацыялогіі), «у нас працэнтаў 60 грамадзян, якія падтрымліваюць аўтарытарны лад».
Сапраўды, усё так. Ад арыгінальнага пасылу не адмаўляюся і лічу, што мае высновы грунтуюцца на сацыялогіі. Звернемся да Табліцы 1, запазычанай на сайце НІСЭПД. У 2006 годзе ад колькасці апытаных Лукашэнка атрымаў 58,2% галасоў. На самай справе, прыкладна на 2,6% больш. Звярніце ўвагу на радок: «Няма адказу/ Не хачу адказваць». Аналіз паказвае, што рэспандэнты, якія адмовіліся адказваць, дзеляцца прыкладна пароўну паміж Лукашэнкам і дэмакратычнымі кандыдатамі. А зараз прапаную скарыстацца правілам складання. Колькі атрымалася ў выніку? У мяне — 60,8%.
Тады ў чым пытанне? Можна, пры жаданні, зладзіць дыскусію: маўляў, падтрымка аўтарытарнага лідэра на выбарах яшчэ не азначае падтрымкі аўтарытарнага ладу. Пры жаданні — можна. Аднак у мяне такога жадання няма. Таму я прапаноўваю выказацца больш прасунутым аналітыкам па пытанні, якім жа чынам беларусы, што ўспрымаюць «каштоўнасці дэмакратыі, свабоды, права і рынкавай эканомікі ў значна большай ступені, чым дзейсная ўлада і асабіста Лукашэнка», галасуюць пры гэтым за Лукашэнку?
Трасянка як фактар дэмабілізацыі
Пяройдзем да дэмакратычных кандыдатаў. У 1994 годзе гэта былі Пазняк і Шушкевіч, у 2001-м — Ганчарык, а ў 2006-м — Мілінкевіч і Казулін. Паўторым апісаную вышэй аперацыю складання і атрымаем наступны шэраг: 27,1%, 25,3% і 26,1%. Нагадаю, памылка выбаркі складае 3%. А зараз хай кіне ў мяне камень той, хто здольны растлумачыць, чым прыведзеныя вынікі адрозніваюцца адзін ад аднаго.
Можна доўга разважаць, напрыклад, чым Ганчарык не падобны да ўдзельнікаў дэмакратычных тандэмаў, але з пункта гледжання здольнасці кансалідаваць галасы апанентаў Лукашэнкі — не адрозніваецца нічым.
Аднак гэтага мала: такая электаральная стабільнасць фіксавалася ў розных палітыка-эканамічных умовах. Адзін прыклад. У 1994 годзе 17,3% рэспандэнтаў заяўлялі, што мовай паўсядзённых зносін для іх з’яўляецца беларуская. У 2001 годзе такіх было ў 10 разоў менш. Той, хто думае, што гэта адбылося за кошт русіфікацыі, — памыляецца. За гэты перыяд колькасць тых, хто размаўляе на рускай мове, знізілася з 66,6% да 46,4%. «Выбылыя» перайшлі на трасянку: у 1994 годзе — 6,4%, у 2001-м — 30,0%!
Цяжка знайсці больш пераканаўчую ілюстрацыю нацыянальнай мабілізацыі ў 1994 годзе. Беларусь у гэтым сэнсе не была выключэннем. Крах СССР стымуляваў пошук нацыянальных каранёў. У той час прызнацца нават самому сабе ў тым, што размаўляеш на трасянцы, было вельмі не проста. Але як гэта адбілася на падтрымцы кандыдатаў, што выступалі пад сцягам нацыянальнага адраджэння? На жаль, ніяк.
Структура электаральных прыхільнасцяў беларусаў дэманструе зайздросную стабільнасць. Калі скласці ў першай калонцы галасы, пададзеныя за Лукашэнку, з галасамі «за іншых кандыдатаў» (Кебіч, Дубко, Новікаў), то ў выніку атрымаецца 53,6%. Гэта менш 60%, але выключна за кошт нізкай яўкі і галасавання супраць усіх. Гэта ж сітуацыя паўтарылася ў 2001 годзе. А вось на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у год максімальнага рэсурсавага багацця яўка аказалася рэкорднай, але ўсе дадатковыя галасы атрымаў Лукашэнка.
На каго абапіраецца ўлада?
Хто ў Беларусі галасуе за Лукашэнку? У першую чаргу, людзі немаладыя, з нізкім узроўнем адукацыі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, — тыя, хто без падтрымкі дзяржавы ў сучасных умовах не здольны выжыць. У апанентаў аўтарытарнага лідэра процілеглыя характарыстыкі. Яны маладыя, адукаваныя і жывуць у вялікіх гарадах. Як бачыце, ніякай ідэалагічнай падаплёкі ў гэтым няма.
Маладым і адукаваным такая ўлада замінае. Яна не дазваляе ім самарэалізавацца. З гэтай схемы вынікаюць дзве практычныя высновы. Па-першае, падзенне рэйтынгу Лукашэнкі, што назіралася на мяжы 2002–2003 гадоў, не прыводзіць да росту рэйтынгу апазіцыі. Зразумець гэта нескладана. Прадстаўнікі перыферыйных сацыяльных груп, што расчараваліся ў сваім куміры, уласных рэсурсаў ад гэтага не набываюць, а таму попыту на дэмакратыю і свабоду ў іх не ўзнікае. Па-другое, з гадамі колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі не памяншаецца, таму што на месца адных пенсіянераў прыходзяць іншыя.
На каго ж абапіраецца Лукашэнка? На думку беларусаў, на чыноўнікаў, сілавікоў і пенсіянераў (Табліца 2). А хто ў канцы спісу? Бізнесмены, навуковая і культурная эліта і спецыялісты. Вось з такой расстаноўкай прыярытэтаў Беларусь увайшла ў XXI стагоддзе. Якія пры такім раскладзе яе перспектывы на міжнародных рынках — тэма асобнай размовы. У гэтым артыкуле гаворка ідзе пра структуру электарату. Зразумела, што сацыяльна арыентаваная паліцэйская дзяржава эканамічна актыўных беларусаў не цікавіць, таму за яе заснавальніка яны не галасуюць.


Ці азначае гэта, што яны з’яўляюцца прыхільнікамі апазіцыі? Здавалася б, Табліца 1 пра гэта сведчыць. Аднак не ўсё так проста. Электаральныя рэйтынгі палітыкаў вызначаюцца пры адказе на пытанне: «Калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся заўтра, за каго б Вы прагаласавалі?». У Лукашэнкі апошнія паўтара гады электаральны рэйтынг стабільны (каля 40%). Сярод апазіцыйных палітыкаў толькі Мілінкевіч можа пахваліцца рэйтынгам, які перавышае статыстычную памылку, што ніяк не стасуецца з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.
Выкажу сваё тлумачэнне дадзенага парадоксу. Большасць апанентаў аўтарытарнага рэжыму галасуюць не за дэмакратычных кандыдатаў, а супраць Лукашэнкі. Арганізуючы кампанію ў сваю падтрымку, Лукашэнка насуперак уласнаму жаданню мабілізуе не толькі сваіх прыхільнікаў, але і апанентаў. І чым магутней мабілізацыйная кампанія, тым мацней палярызацыя грамадства. Таму я і сцвярджаю, што «персаналія кандыдата не мае ўплыву на вынікі выбараў. І ніяк не залежыць ад кампаніі, якую праводзіць кандыдат».
Трэцяга не дадзена
Звернемся да заходняга досведу. Там на палітычным «пятачку» ўтварацца таўкатня партый, якія выбарцамі практычна не адрозніваюцца адна ад адной. Бо самыя папулярныя партыі — цэнтрысцкія, а асноўная маса насельніцтва з пункту гледжання палітычных прыхільнасцяў групуецца ў цэнтры.
Так узнікае «балота». За яго падтрымку і разгортваецца асноўнае змаганне падчас выбарчых кампаній. Ідэалогіі пры гэтым адыходзяць на другі план, а поспех дасягаецца за кошт тэхналогій. Дробязяў тут не бывае. Да гэтага часу я не магу забыць, як пасля адстаўкі Шушкевіча адзін беларускі паліттэхнолаг на поўным сур’ёзе тлумачыў, што адной з прычын вызвалення спікера ад пасады была адсутнасць у прэсе яго фатаграфій з хатнімі жывёламі!
Працытую сусветнага гуру выбарчых тэхналогій француза Жака Сегелу: «Выбары выйграюцца на нейтральнай паласе, шляхам пераканання большай колькасці тых, хто вагаецца, чым тое здолеў зрабіць супернік». Выдатныя словы, але да нас яны ніякага дачынення не маюць. У нас няма палітычнага цэнтра — такім чынам, няма і «балота». Ёсць толькі прыхільнікі і апаненты ўлады.
У перапынках паміж выбарчымі кампаніямі значная частка прыхільнікаў і апанентаў улады «спіць». Падчас сацыялагічных апытанняў «сон» патэнцыйных выбарцаў фіксуецца ў падвышанай колькасці тых, хто не вызначыўся з адказамі. Набатны звон мабілізацыйнай кампаніі можа іх абудзіць, але не здольны памяняць палітычныя прыхільнасці. Ні ўлада з яе практычна не абмежаванымі медыйнымі рэсурсамі, ні тым больш апазіцыя змяніць палітычныя густы тых, хто «прачнуўся», не ў стане.
Калі я сцвярджаю, што «персаналія кандыдата не мае ніякага ўплыву на вынікі выбараў», то маю на ўвазе агульную колькасць галасоў, якія на прэзідэнцкіх выбарах здольны сабраць апазіцыйны кандыдат. Калі ж кандыдатаў некалькі, то размеркаванне галасоў усярэдзіне апазіцыйнага сегмента вызначаюцца ступенню іх апазіцыйнасці з пункту погляду электарату. Прыгадаем выбары 2006 года. Казулін, на мой погляд, будаваў сваю выбарчую кампанію больш ярка. Фраза: «Саша, дзе грошы?» і сёння не забытая. Аднак ён атрымаў галасоў у 4 разы менш за Мілінкевіча (па дадзеных НІСЭПД). Уся справа ў тым, што Казулін пазіцыянаваў сябе ў якасці незалежнага кандыдата, а Мілінкевіч сваё права прадстаўляць апазіцыю атрымаў на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
З дадзенага факту належных высноў не зроблена і на гэты дзень. Працытую Міхалевіча: «Я не хачу, каб мяне характарызавалі як чалавека, блізкага да ўлады, і чалавека, блізкага да апазіцыі. Я хачу стварыць свой імідж як імідж незалежнага кандыдата, які не звязаны ні з сістэмнай апазіцыяй, ні з цяперашняй уладай». Стварыць такі імідж у Беларусі не так проста, але калі спроба Міхалевіча будзе паспяховай, то ён апынецца ў той частцы электаральнага поля, на якой адсутнічаюць выбарцы.
Улада любіць разважаць пра адзінае беларускае грамадства, якое яднаецца «вакол свайго лідэра», што не перашкаджае ёй адначасова грамадства расколваць. Звернемся да Табліцы 2, якая дэманструе сутнасць беларускай палітыка-эканамічнай мадэлі. У чым яна? У пераразмеркаванні рэсурсаў ад эканамічна актыўных грамадзян да чыноўнікаў, сілавікоў і пенсіянераў. Здавалася б, так жыве ўвесь цывілізаваны свет. Так, ды не так. У цывілізаваным свеце эканамічна актыўныя грамадзяне (карміцелі) не заганяюцца ў рэзервацыі. Яны ўдзельнічаюць у палітычным жыцці і, адпаведна, у пераразмеркаванні рэсурсаў. У Беларусі права пераразмяркоўваць рэсурсы манапалізавана ўладай, і для захавання гэтай манаполіі ёй патрэбна было раскалоць грамадства.