Як «гультаі» сталі «пратэстунамі»: ФПБ сплагіяціла плакаты часоў СССР
У чацвер, 14 студзеня, на электронную пошту старшыняў першасных прафсаюзных арганізацый Светлагорскага раёна паступіла чарговая рассылка з вышэйстаячай прафсаюзнай структуры.
У лісце — дзясятак малюнкаў, спасылка на воблачнае сховішча, і тлумачэнне: «Плакаты для афармлення стэндаў ППА», піша светлагорскі сайт «Ранак».
— Гэтыя плакаты рассылала Федэрацыя (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — заўв. «Ранак»), а я яе накіравала на «пярвічкі», – патлумачыла старшыня светлагорскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ларыса Вераксіч. — Калі ў «пярвічках» палічаць неабходным, могуць раздрукаваць гэтыя плакаты…
Некаторыя з гэтых узораў сучаснага беларускага агітпрапа на паверку апынуліся нязначна пераліцаванымі савецкімі плакатамі.
«Ранак» звярнуўся па кансультацыю да светлагорскага мастака Максіма Траяноўскага.
— Плакаты, бясспрэчна, добрыя, але толькі арыгіналы, а не гэтыя, — кажа Максім. — Тое, што тут нават не перапрацавалі ідэю, а нахабным чынам «перадралі», відаць няўзброеным вокам. Часцей за ўсё мастакі-плакатысты — гэта людзі ідэйныя, яны вераць у тое, за што агітуюць, таму плакаты і чапляюць. У савецкі час яны выглядалі свежа і сучасна, але часы змяніліся, і спосабы агітацыі таксама.
Няма чаго сказаць, з тэхнічнага пункту гледжання — гэта класіка плаката, а вось з этычнага — гэта пайшло і непрафесійна. Магчыма, такая агітацыя разлічана на людзей, якія яшчэ памятаюць яшчэ арыгіналы плакатаў. Не думаю, што ў маладога пакалення гэта выкліча іншую рэакцыю, акрамя смеху!
— Мне падабаецца азначэнне савецкага плаката з Вікіпедыі, — кажа Максім Траяноўскі. — «Савецкія плакаты — наглядныя дапаможнікі, якія ствараліся ў СССР, накіраваныя да тлумачэння пэўнага пытання, як, напрыклад, адносіны савецкай улады да бягучых падзеяў у даступнай форме. Сумесна з радыё і газетамі з’яўляліся сродкамі агітацыі і прапаганды, якія ўздзейнічаюць на свядомасць і настрой людзей з мэтай падахвочвання іх да палітычнай ці іншай дзейнасці». Напэўна, лепш і больш лаканічна не сказаць.
Там заўважана, што плакат у Саюзе мяняўся, падладжваўся пад рэаліі часу, моды, калі можна так выказацца. І гэта нармальна, бо ў кожнага пакалення ёсць свае каштоўнасці і спосабы іх выказвання. Хоць савецкі плакат — гэта твор мастацтва, трэба разумець, што гэта не класічны жывапіс, роўна зразумелы ўсім і ў любы час. Плакат — гэта ўсё-ткі спажывецкі прадукт, і ствараецца ён «тут і цяпер». У наш час падобнага роду агітацыя не спрацуе. XXI стагоддзе жыве зусім іншым рытмам, дый тэма, закранутая ў гэтых плакатах, не з’яўляецца надзённай і хвалюючай вялікія масы людзей.
Акрамя таго, памяняліся не толькі сродкі прапаганды, але і пакаленне іншае, і пастаянная адсылка да СССР, як мне здаецца, ужо не актуальная.
"Крэатыў" ад ФПБ