Як здымалі Станіслава Шушкевіча
У жыцці краіны 26 студзеня
1994 года адбылася падзея, якая мела
сур’ёзныя наступствы для ўсяго ходу гісторыі найноўшай Беларусі. Большасцю галасоў са сваёй пасады быў адкліканы старшыня ВС 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч.
Як усё пачыналася?
Адстаўка Станіслава Шушкевіча была абумоўлена, з аднаго боку, канфліктам з тымі дэпутатамі, якія ў навуковай літаратуры і публіцыстыцы атрымалі назву «кансерватыўная парламенцкая большасць». У асноўным яе прадстаўлялі абласныя і раённыя кіраўнікі, дырэктары прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, былыя камуністы і інш. Яны выступалі супраць рынкавых рэформаў, негатыўна ставіліся да незалежнасці Беларусі.
Самога Станіслава Шушкевіча ў Вярхоўным Савеце падтрымлівала дэпутацкая апазіцыя Беларускага народнага фронту (БНФ), хаця ў пэўнай ступені такая падтрымка была вымушаная. Прадстаўнікі апазіцыі публічна адзначалі ў Шушкевіча істотныя недахопы (галоўны з іх, на думку прадстаўнікоў дэпутацкай групы БНФ, — гэта нежаданне ці няўменне кіраўніка Вярхоўнага Савета стварыць моцную ўласную парламенцкую групоўку), але лічылі, што адстаўка Шушкевіча дасць кансерватарам магчымасць пасадзіць на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета свайго кандыдата.
З другога боку, рухавіком канфлікту сталі тыя народныя выбраннікі, якіх прынята называць «маладымі дэпутатамі». Дзякуючы частым выступам ля мікрафонаў, яны сталі вядомымі на ўсю краіну. Сярод іх стварылася ўстойлівае трыа ў складзе Дзмітрыя Булахава, Віктара Ганчара і Аляксандра Лукашэнкі.
Прычыны канфлікту Шушкевіча і маладых дэпутатаў
былі асабістыя. Справа ў тым, што Дзмітрый Булахаў, як старшыня камісіі
Вярхоўнага Савета па заканадаўстве, вельмі актыўна адстойваў кандыдатуру Станіслава
Шушкевіча на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета пасля зыходу Мікалая
Дземянцея. 17 верасня 1991 года на нечарговай шостай парламенцкай сесіі пры
абмеркаванні прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду Дзмітрый Булахаў
і Аляксандр Лукашэнка рашуча падтрымалі Шушкевіча.
За Шушкевіча
выказаўся і іншы малады дэпутат — Анатоль Лябедзька. Што да Віктара
Ганчара, то ён выступіў супраць Шушкевіча, прапанаваўшы Генадзя
Карпенку. Акрамя Шушкевіча на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета
балатаваліся кіраўнік Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч, прадстаўнік
апазіцыі БНФ Уладзімір Заблоцкі і старшыня парламенцкай камісіі па
навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Генадзь Карпенка.
У выніку пайменнага галасавання (усяго галасавалі 320 дэпутатаў) ні адзін з кандыдатаў не здабыў перамогі. У другі тур выйшлі Кебіч (151 голас) і Шушкевіч (122 галасы). Аднак і другі тур не выявіў пераможцу, таму што ніхто не атрымаў больш за палову галасоў: за Вячаслава Кебіча выказаліся 140 дэпутатаў, за Станіслава Шушкевіча — 157.
Узнік свайго роду юрыдычны тупік: паводле часткі 6 артыкула 63 Часовага Рэгламенту Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990-га, забаранялася паўторна вылучаць на пасаду старшыні тыя кандыдатуры, якія не былі абраныя. Пад ціскам Булахава ч. 6 была змененая: усялякія абмежаванні на вылучэнні кандыдатур па пасаду старшыні здымаліся. Больш таго, Булахаву ўдалося пераканаць Вячаслава Кебіча адмовіцца ад далейшай барацьбы. Аб гэтым былы прэм’ер-міністр пісаў у асабістых мемуарах «Спакуса ўладай».
18 верасня Вячаслаў Кебіч заклікаў дэпутатаў падтрымаць Шушкевіча. У якасці альтэрнатывы Шушкевічу была вылучана кандыдатура старшыні камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леаніда Козіка. У выніку галасавання Станіслаў Шушкевіч стаў старшынёй Вярхоўнага Савета.
З абраннем Шушкевіча засталася вакантнай пасада першага намесніка старшыні (пасаду намесніка займаў Васіль Шаладонаў, кіраўнік рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі). Дзмітрый Булахаў, які лічыў, што Шушкевіч абавязаны сваім абраннем менавіта яму, прапануе кандыдатуру старшыні камісіі па заканадаўстве на пасаду першага намесніка.
Аднак Станіслаў Шушкевіч спыніў свой выбар на Аляксандры
Саснове, старшыні камісіі па пытаннях працы, цэнаў, занятасці і сацыяльнай
абароне насельніцтва. Але 15 кастрычніка па выніках галасавання Сасноў
не быў абраны.
17 снежня 1991 года Шушкевіч зноў узняў пытанне пра першага намесніка, так і не прапанаваўшы кандыдатуру Булахава. 19 снежня на пасяджэнні камісіі па заканадаўстве было вырашана хадайнічаць перад Шушкевічам аб тым, каб ён прапанаваў Булахава на пасаду першага намесніка.
Шушкевіч не прыслухаўся і вылучыў кандыдатуру старшыні камісіі па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных зносінах Міхаіла Слямнёва. Праўда, 9 студзеня 1992-га па выніках галасавання кандыдатура Слямнёва не была зацверджана. Дзмітрый Булахаў палічыў сябе кроўна пакрыўджаным і ў той жа дзень на пасяджэнні сваёй камісіі заявіў, што нібыта напісаў заяву аб адстаўцы.
Пытанне аб першым намесніку вырашылася 24 сакавіка 1992-га, калі на гэту пасаду на безальтэрнатыўнай аснове быў абраны стаўленік парламенцкай большасці Вячаслаў Кузняцоў. Перад галасаваннем Анатоль Лябедзька заявіў, што хацеў бы бачыць на гэтай пасадзе Віктара Ганчара.
Адносіны Станіслава Шушкевіча з парламенцкай большасцю пачалі імкліва псавацца з вясны 1992-га. Погляды Шушкевіча і большасці былі рознымі па пытаннях прыватызацыі, уласнасці на зямлю, адносінаў з Расіяй (асабліва ў вайсковай сферы), рэарганізацыі Вярхоўнага Савета. Большасць дэпутатаў усё часцей стала вінаваціць Шушкевіча ў падпісанні Белавежскіх пагадненняў.
Істотна пагоршыліся адносіны Шушкевіча з парламенцкай апазіцыяй БНФ. Калі БНФ настойваў на правядзенні рэферэндуму аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні новых выбараў (з гэтай мэтай прыхільнікі рэферэндуму сабралі звыш 400 тысяч подпісаў), то Шушкевіч выступіў супраць.
Моцны ўдар па Шушкевічу кансерватыўная большасць
нанесла 3 лютага 1993-га, калі па ініцыятыве кіраўніка камуністычнай групоўкі Міхаіла
Качана дэпутаты абмяркоўвалі пытанне аб адмене пастановы Вярхоўнага Савета
ад 25 жніўня 1991-га аб часовай забароне дзейнасці КПСС-КПБ у Беларусі. Для
адмены пастановы не хапіла толькі трох галасоў, і парламенцкая большасць
літаральна прымусіла Шушкевіча паставіць пытанне на паўторнае
галасаванне, у выніку чаго пастанова была адменена.
Своеасаблівым Рубіконам у палітычным лёсе Шушкевіча стала пытанне аб далучэнні Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы, падпісанага па ініцыятыве Расіі ў Ташкенце ў 1992 годзе. 1 красавіка 1993-га дэпутат Аляксандр Лукашэнка ўльтыматыўна патрабаваў ад Шушкевіча, каб той унёс гэта пытанне ў павестку дня. На думку Лукашэнкі, каб захаваць суверэнітэт, трэба паступіцца яго часткай, «отступить от него на шаг, на полшага». І першым крокам у гэтым накірунку, сцвярджаў дэпутат, павінна быць далучэнне Беларусі да Дагавора.
Шушкевіч, у сваю чаргу, даказваў немагчымасць такога далучэння, бо з’явіцца небяспека ўдзелу Беларусі ў гарачых «кропках». Шушкевіч настойваў на правядзенні рэферэндуму па гэтым пытанні, аднак парламенцкая большасць 9 красавіка 1993 года зацвердзіла пастанову «Аб дакладзе старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіча С.С. “Аб становішчы рэспублікі і важных пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці” (такі даклад быў зроблены Шушкевічам 26 сакавіка 1993 г.).
Пункт 4 пастановы даручаў Шушкевічу падпісаць Дагавор аб калектыўнай бяспецы з пэўнымі агаворкамі: неўжыванне Узброеных Сіл Беларусі ў іншых краінах, а таксама размяшчэнне і выкарыстанне ўзброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі толькі са згоды Вярхоўнага Савета. Лагічныя довады Станіслава Шушкевіча аб тым, што тэкст Дагавора не прадугледжвае ніякіх агаворак, а ўсе папраўкі, паводле часткі 2 артыкула 9, уносяцца толькі на аснове ўзаемнай згоды удзельнікаў, былі адкінуты парламенцкай большасцю.
На гэтым наступленне парламенцкай большасці на Шушкевіча не скончылася. Па ініцыятыве дэпутата Івана Трусава 18 мая 1993 года ў парадак дня чарговай сесіі было ўнесена пытанне аб выкананні Станіславам Шушкевічам пункта 4 пастановы ад 9 красавіка 1993-га.
Дэпутат Ніл Гілевіч занатаваў у сваім дзённіку: «Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не пакажацца!»
Словы народнага паэта аказаліся прароцкімі.
Шушкевіч раскрытыкаваў пазіцыю дэпутацкай большасці наконт далучэння Беларусі да Дагавора. Ён сцвярджаў, што Расія ніколі не пагодзіцца на прэферэнцыі для Беларусі ў вайсковых справах. Па словах Станіслава Станіслававіча, зараз адбываецца выпрабаванне беларускай нацыі. У выніку спрэчкі выйшлі за межы Дагавора і ператварыліся ў ацэнку дзейнасці Шушкевіча на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета.
Найбольш актыўныя праціўнікі Шушкевіча 30 чэрвеня 1993 года пачалі абмяркоўваць пытанне пра яго адкліканне з пасады. Аднак уключэнне такога пытання ў парадак дня падтрымалі 146 дэпутатаў з 204, што прынялі ўдзел у галасаванні. На падтрымку Шушкевіча кінулася апазіцыя БНФ. Яе актыўны прадстаўнік Сяргей Антончык заявіў, што калі здымуць Шушкевіча, то ён будзе ініцыяваць агульнарэспубліканскі страйк.
Тады дэпутат Леанід Прывалаў прапанаваў правесці працэдуру даверу старшыні Вярхоўнага Савета. Такая працэдура не была прапісана ў Часовым Рэгламенце, але паводле тагачаснай Канстытуцыі 1978-га са змяненнямі і дапаўненнямі 1979 і 1989 гадоў (частка другая артыкула 97) Вярхоўны Савет мог разгледзіць любое пытанне, якое знаходзілася ў кампетэнцыі краіны. Дзмітрый Булахаў і Віктар Ганчар даказвалі, што працэдуры адозвы і даверу — розныя: працэдура даверу не мае ніякіх палітычных наступстваў. Булахаў дадаў, што калі большасць выкажа недавер Шушкевічу, то ў таго застанецца маральнае права: сыходзіць ці не.
І тут Станіслаў Шушкевіч не стрымаўся і зрабіў буйную памылку…
Працяг чытайце тут: