Вялікая памылка Станіслава Шушкевіча
Пасля прапановы Леаніда Прывалава правесці працэдуру даверу Старшыні Вярхоўнага Савета Дзмітрый Булахаў сказаў, што калі большасць выкажа недавер Шушкевічу, то ў таго застанецца маральнае права: сыходзіць ці не. А Шушкевіч заявіў...
Працяг. Пачатак тэмы ТУТ
А Шушкевіч заявіў, што калі б зрабіў такі ўчынак, як Булахаў, дык сам бы сышоў у адстаўку. Гаворка ішла пра 7 студзеня 1993 года, калі Булахаў, знаходзячыся за стырном службовага аўтамабіля, на магілёўскай трасе насмерць збіў жанчыну. І хаця дзякуючы дэпутацкаму мандату Булахаў пазбег адказнасці, тым не менш яго палітычныя пазіцыі вельмі моцна пахіснуліся: у бліжэйшай перспектыве яго вылучэнне на высокія пасады было немагчыма. А калі Шушкевіч назваў учынак Булахава забойствам, дык выклікаў з боку парламенцкай большасці шквал крытыкі.
1 ліпеня 1993 года ініцыятыва Леаніда Прывалава была задаволеная пры мінімальнай — 177 дэпутатаў «за» (кворум — 174 чалавекі) — перавазе.
Для арганізацыі і правядзення працэдуры даверу была створана Падліковая камісія ў складзе сямі чалавек на чале з дэпутатам Міхаілам Удавіковым. У камісію ўвайшлі два прадстаўнікі апазіцыі БНФ — Ігар Гермянчук і Аляксандр Шут. Бюлетэнь для тайнага галасавання меў наступнае пытанне: «Вы давяраеце старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевічу? Так? Не?».
Вынікі галасавання 1 ліпеня 1993 года аказаліся неспрыяльнымі для Шушкевіча: недавер яму выказалі 166 дэпутатаў (з 204 раздадзеных бюлетэняў у скрыні для галасавання апынуўся 201 бюлетэнь, з іх 8 былі прызнаны несапраўднымі), а давер — толькі 27.
Станіславу Шушкевічу пашанцавала ў тым, што выніковы пратакол Падліковай камісіі не быў зацверджаны (Ігар Гермянчук і Аляксандр Шут адмовіліся падпісаць яго; Віктар Ганчар падпісаў з агаворкай). 2 ліпеня 1993 года за зацвярджэнне пратакола прагаласавалі 170 дэпутатаў: не хапіла чатырох галасоў для неабходнага кворуму.
Аднак пра тое, што парламенцкая большасць была супраць Шушкевіча, сведчыла яе нежаданне ўключыць у парадак дня пытанне аб рэферэндуме («Ці падтрымліваеце Вы нейтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае яе няўдзел у любых ваенна-палітычных саюзах?»). 7 ліпеня 1993 года за гэта прагаласавалі толькі 159 дэпутатаў.
У той жа дзень у афіцыйнай заяве парламенцкая апазіцыя БНФ у асобе свайго прадстаўніка Юрыя Беленькага папярэдзіла Шушкевіча аб тым, што калі ён і далей будзе прытрымлівацца беспрынцыповага згодніцтва з кансерватыўна-наменклатурнай большасцю Вярхоўнага Савета, то пазбавіцца падтрымкі.
Спроба другая
і апошняя
Парламенцкая большасць не губляла надзеі зняць Шушкевіча. Найбольш спрыяльныя ўмовы
ўтварыліся падчас трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета, якая пачала сваю працу 9
лістапада 1993 года. Абвастралася эканамічная сітуацыя, што дазваляла
парламенцкай большасці пераводзіць усе стрэлы на Шушкевіча як на першую асобу
дзяржавы.
Таксама парламенцкай большасці прыйшлася не да спадобы рашучая
падтрымка ШушкевічамБарыса Ельцына ў змаганні расійскага прэзідэнта
з Вярхоўным Саветам у верасні-кастрычніку 1993 года. Яўна ў тупік зайшла праца над Канстытуцыяй.
Адсутнасць Шушкевіча (які раптоўна
накіраваўся ва Узбекістан) падчас агучвання Аляксандрам Лукашэнкам выніковага даклада працы часовай камісіі па
вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў, якія дзейнічаюць пры
рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання, 14 снежня 1993-га таксама настроіла
супраць старшыні парламенцкую большасць яшчэ мацней.
Прыхільнік Лукашэнкі дэпутат Віктар Кучынскі нават заявіў, што Шушкевіч павінен быў спытацца ў Вярхоўнага Савета, а потым ляцець хоць у Афрыку.
Сыход Шушкевіча быў выгадны для Вячаслава Кебіча, які ўжо прыглядаўся да прэзідэнцкага крэсла, і для маладых дэпутатаў. Апошнія праз Канстытуцыю, якая павінна была ўвесці прэзідэнцкую пасаду, спадзяваліся шляхам выбараў прыйсці да ўлады. Абодва бакі лічылі Шушкевіча перашкодай на шляху да новай Канстытуцыі.
Такім чынам, усе фактары былі супраць Шушкевіча. Трэба была толькі новая нагода для атакі. І яна з’явілася 15 студзеня 1994 года, калі літоўскія спецслужбы фактычна таемна вывезлі з тэрыторыі Беларусі двух былых кіраўнікоў кампартыі Літвы Міколаса Буракявічуса і Юозаса Ермалавічуса, якія абвінавачваліся ў крывавых падзеях у Вільнюсе 13 студзеня 1991 года.
У Вярхоўным Савеце распачаўся палітычны скандал. 25
студзеня 1994-га ад сваіх пасадаў былі адхілены міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў і шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі. Для Шушкевіча ж ракавым аказалася 26
студзеня 1994 года. У гэты дзень пры абмеркаванні праекта пастановы аб дакладзе
часовай камісіі Лукашэнкі апошняму
ўдалося дамагчыся таго, што ў праект быў уключаны наступны пункт:
«У сувязі з непрыняццем мер па барацьбе з карупцыяй, адсутнасцю кантролю за працай праваахоўных органаў і праяўленую асабістую нясціпласць: уключыць у парадак дня чарговай трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь пытанне аб адклiканнi старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіча С.С. і вызваленні ад займаемай пасады старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Кебіча В.Ф.»
Што да Шушкевіча,
то Лукашэнка абвінаваціў яго,
па-першае, у незаконным выдзяленні 200 гектараў зямлі пад Мінскам для
будаўніцтва індустрыяльнай зоны: нібыта Вярхоўны Савет адмовіў у выдзяленні,
але Прэзідыум пад ціскам Шушкевіча ўсё ж даў дабро на зямлю.
Па-другое, як
сцвярджаў Лукашэнка, са студзеня
1992-га па кастрычнік 1993 года Шушкевіч карыстаўся паслугамі
рамонтна-будаўнічага ўпраўлення Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Савета
Міністраў для рамонту ўласных кватэры і лецішча, аформіўшы 15 дамоваў. Аднак Шушкевіч аплаціў усе дамовы, і тады Лукашэнка вымушаны быў заявіць аб тым,
што Шушкевіч увогуле не меў права
карыстацца паслугамі рамонтна-будаўнічага ўпраўлення: яно абслугоўвае толькі
адміністратыўныя будынкі.
Па-трэцяе, Лукашэнка абрынуўся на Шушкевіча за арганізацыю візіту кіраўніка ЗША Біла Клінтана ў Мінск: гэты візіт, быццам бы, прынізіў суверэнітэт краіны.
Калі б прапанова Лукашэнкі аб адкліканні Шушкевіча не прайшла, старшыні ўсё роўна прыйшлося б прайсці праз гэта. Была прыгатавана цяжкая артылерыя ў выглядзе праекта пастановы аб вызваленні Шушкевіча ад пасады, падпісанага сотняй дэпутатаў, пра што заявіў Пётр Пракаповіч.
Віктар Ганчар больш глыбінна раскрыў прычыны такіх адносін да Шушкевіча: «Станислав Станиславович, неужели Вы думаете, что мы ставим вопрос об отзыве на основании двух киллограммов гвоздей, которые вы неправильно оформили? Если Вы хотите свести счеты с Лукашенко, то обратитесь в суд. Вы не состоялись как высшее должностное лицо, дезорганизовали работу Верховного Совета».
Перад пачаткам галасавання Шушкевіч зрабіў вельмі грунтоўны даклад аб сітуацыі ў краіне. У канцы прамовы Шушкевіч заклікаў шукаць кампраміс і хутчэй прымаць новую Канстытуцыю.
Вынікі галасавання, якія агучыла спецыяльная камісія на чале з Іванам Бамбізам, былі наступныя: з раздадзеных 290 бюлетэняў у скрынцы апынуліся 250, з іх несапраўднымі прызналі пяць бюлетэняў; за адкліканне Шушкевіча налічылі 209 бюлетэняў, супраць — 36 (Вячаслаў Кебіч, супраць якога выказаўся 101 дэпутат, утрымаўся на пасадзе).
Апазіцыя негатыўна паставілася да адклікання Шушкевіча. Зянон Пазняк і Валянцін Голубеў зрабілі заяву аб «паўзучым вярхушачна-камуністычным перавароце». У сваю чаргу, маладыя дэпутаты паспяшаліся зрабіць заяву пра тое, што не былі зброяй супраць Шушкевіча ў чужых руках. У прыватнасці, Лукашэнка 28 студзеня 1994 года казаў наступнае: «Если кто-то полагал, что Лукашенко нужен был для того, чтобы пробить дыру в железобетонной стене, то я должен сказать: лоб расшибет тот, кто так думает».
Пэўная частка насельніцтва выказалася супраць адклікання Станіслава Шушкевіча. У асабістым фондзе (№599) былога старшыні Вярхоўнага Савета ў Нацыянальным архіве захаваліся дзясяткі тэлеграмаў і лістоў у падтрымку Шушкевіча. Можна працытаваць некаторыя з іх.
Тэлеграма Уладзіміра
Краўчанкі ад 26 студзеня 1994
г.: «Станислав
Станиславович, не сдавайтесь! Вы еще будете нашим Президентом». «Отзывом
Шушкевича вы покрыли себя позором, раскрыли свое подлинное лицо коммуняк. С
презрением к вашему агрессивно-жириновскому большинству» (беларус Сяргей Яскевіч, 27 студзеня 1994 г.).
«Пусть Лукашенко приедет в Несвиж и увидит, кто и какие строит коттеджи. И нечего было обливать грязью порядочного человека Шушкевича» (пенсіянерка з Нясвіжу Рамуальда Зенькевіч, 27 студзеня 1994 г.). «Мы не для того избрали Лукашенко, чтобы он занимался сплетнями и сводил счеты с Шушкевичем. Выйдем на митинг с протестом против Лукашенко и в защиту Шушкевича» (Вера Цярлюкевіч, г. Мінск, 27 студзеня 1994 г.)
Такім чынам, адстаўка Шушкевіча, з аднаго боку, была абумоўлена тым, што напрыканцы паўнамоцтваў Вярхоўным Саветам авалодалі кансерватыўныя тэндэнцыі. З другога боку, сам Шушкевіч павінен быў пралічыць любыя варыянты, ажно да стварэння ўласнай дэпутацкай групоўкі накшталт апазіцыі БНФ альбо праўрадавай фракцыі «Беларусь», якую кантраляваў Вячаслаў Кебіч.
Адстаўка Шушкевіча прадэманстравала і іншы бок медаля. Яна сведчыла, што нават у пракамуністычным Вярхоўным Савеце мела месца павага да законнасці і легальнай змены ўлады, таму сцвярджэнні апазіцыі БНФ ад перавароце 26 студзеня 1994 года падаюцца залішнімі.
Галоўнае палітычнае наступства адклікання Шушкевіча заключалася ў тым, што была рэзка актывізавана праца над новай Канстытуцыяй. Яе зацвярджэнне 15 сакавіка 1994 года адкрыла новую старонку ў гісторыі найноўшай Беларусі.