Як паскардзіцца ў ААН

Ратыфікаваўшы Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), Беларусь надала сваім грамадзянам права скардзіцца ў ААН.



hpim0041.jpg

Па стане на 5 чэрвеня 2013 года ў Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана 148 паведамленняў ад грамадзян Беларусі. Так што нашы грамадзяне даволі актыўна карыстаюцца такой магчымасцю.

Што такое Камітэт?

Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) быў створаны для кантролю за выкананнем правоў чалавека, выкладзеных у МПГПП. Камітэт мае права прымаць да разгляду паведамленні асоб аб парушэнні дзяржавай-удзельніцай Пакту якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце. Па выніках разгляду Камітэт выносіць рашэнні, якія накіроўваюцца як дзяржаве-ўдзельніцы, так і заяўніку. Сесіі КПЧ праходзяць тры разы на год. Улічваючы вялікую колькасць скаргаў, якія паступаюць у КПЧ, разгляд яе звычайна доўжыцца 1,5–2,5 гады.

Большасць працы Камітэта — перапіска. Тым, хто звяртаецца ці марыць звярнуцца ў КПЧ, трэба запасціся часам і цярплівасцю для маштабнага ліставання.

Як гэта працуе?

Адразу зазначым, што значная частка скаргаў Камітэтам адхіляецца. Проста з-за таго, што ў скаргах парушаныя фармальныя працэдуры яе падачы. Таму лепш падрабязна разабрацца, як гэта працуе.

Найперш, КПЧ ААН працуе толькі з прыватнымі асобамі.То бок, са скаргамі не могуць звяртацца прафсаюзы, НДА, групы студэнтаў або працоўных і гэтак далей. Са скаргай можа звярнуцца толькі грамадзянін краіны, якая ратыфікавала Факультатыўны пратакол да МПГПП (нагадаем, што ў адносінах да Беларусі гэты пратакол набыў моц з 30 снежня 1992 года), або іншаземец, які пражывае на тэрыторыі такой дзяржавы. Да таго ж асоба павінна лічыць сябе ахвярай парушэння дзяржавай аднаго з правоў, абвешчаных у МПГПП.

Таму ад пачатку трэба ўважліва прачытаць Пакт: напрыклад, ім не замацаванае права на працу альбо на адукацыю. На гэта скардзіцца нельга.

У асаблівых выпадках, напрыклад, калі ахвяра парушэння правоў чалавека знаходзіцца ў зняволенні, КПЧ прымае скаргі, пададзеныя членамі сям’і альбо праз упаўнаважанага (напрыклад, адваката), які павінен прадставіць адпаведную даверанасць.

Абскарджваць можна толькі рашэнне дзяржаўнага органа: адміністрацыйнага органа, пракурора, судовае рашэнне. Скарга не можа тычыцца зместу закона, іншага нарматыўна-прававога акта, нават калі гэты акт відавочна супярэчыць нормам МПГПП. Скарга не можа ўносіцца ў інтарэсах грамадскасці.

Нельга, напрыклад, фармуляваць агульныя абвінавачванні ў дрэнным абыходжанні са зняволенымі, хібы ў судаводстве, парушэнні таямніцы перапіскі і г.д.

Асоба, што звяртаецца са скаргай, абавязана выкарыстаць усе сродкі абароны, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам. То бок, рашэнне раённага суда абскарджваецца ў абласны суд, абласнога — у Вярхоўны. І толькі потым ужо — у ААН. Рашэнне дзяржоргана павінна быць абскарджана ў вышэйшы орган або ў суд. Прадметам скаргі можа быць толькі рашэнне, якое ўступіла ў законную сілу. Невыкананне гэтага пункта з’яўляецца асноўнай прычынай адхілення большасці скаргаў.

І, зразумела, скарга не павінна быць ананімнай.

Такім чынам, у скарзе трэба змяшчаць: прозвішча, імя, грамадзянства, род заняткаў, дату і месца нараджэння, адрас; указанне на дзяржаву, у дачыненні да якой падаецца скарга; апісанне фактаў парушэння; артыкулы МПГПП, якія, на думку заяўніка, былі парушаныя; меры па вычарпанні ўнутраных сродкаў прававой абароны, прынятыя заяўнікам, і іх вынікі.

Да скаргі трэба прыкласці копіі ўсіх дакументаў, якія маюць значэнне для справы.

Перапіска

Пасля пачынаецца самае складанае. КПЧ можа адхіліць скаргу, калі яна відавочна не адпавядае фармальным патрабаванням. Калі яна з’яўляецца прымальнай, Камітэт перадае скаргу дзяржаве, — каб яна выправілася альбо патлумачыла свае дзеянні.

Адказ дзяржавы КПЧ перадае заяўніку, каб ён напісаў свой «адказ на адказ». Дарэчы, КПЧ можа звяртацца да заяўніка за дадатковымі і тлумачэннямі на любым этапе. І толькі пасля гэтага Камітэт прымае рашэнне аб прыёме або непрыёме скаргі.

Калі КПЧ вырашае разглядаць скаргу, то дзяржаве ў чарговы раз прадастаўляецца шасцімесячны тэрмін для тлумачэнняў і інфармацыі: дзяржава павінна паказаць, якія меры яна прыняла ці збіраецца прыняць на карысць асобы, што падала скаргу. Заяўнік атрымлівае копіі гэтых дакументаў і можа прадставіць свае заўвагі і каментары. На гэта і сыходзіць два гады.

Калі Камітэт прыходзіць да нейкага рашэння, ён паведамляе аб ім і дзяржаве, і асобе, якая падала скаргу. Рашэнне Камітэта з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

Канстатуючы парушэнне правоў чалавека, КПЧ звяртаецца да дзяржавы з заклікам прыняць захады па выпраўленні сітуацыі. Характар захадаў залежыць ад выгляду парушэння правоў чалавека. Напрыклад, Камітэт можа рэкамендаваць неадкладна вызваліць пазбаўленага волі, аднавіць асобу на пасадзе, выплаціць кампенсацыю. У нашых умовах часцяком канстатацыя Камітэтам факту парушэння правоў з’яўляецца адзіным, што атрымлівае заяўнік.

І працуе ж!

Міхаіл Пастухоў, з уласнага досведу:

Для ілюстрацыі работы КПЧ ААН магу прывесці ўласны досвед. Пасля рэферэндуму 1996 года і ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі, непажаданых суддзяў Канстытуцыйнага суда прымушалі напісаць прашэнні аб адстаўцы на імя Лукашэнкі. Шэсць суддзяў гэта зрабілі, я адмовіўся. Мой лёс вырашыўся толькі ў студзені 97-га, калі фармаваўся новы склад КС: мяне вызвалілі ад пасады суддзі «ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў». Аднак такой падставы для вызвалення ў Законе «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» не прадугледжвалася. Да таго ж членаў Канстытуцыйнага суда абіраў Вярхоўны Савет 12-га склікання на 11 гадоў, і ім гарантавалася нязменнасць і недатыкальнасць на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.

Я падаў пазоў у суд Ленінскага раёна Мінска аб аднаўленні на пасадзе. Пазоў быў пакінуты без разгляду: у заканадаўстве не быў урэгуляваны парадак вызвалення канстытуцыйных суддзяў ад пасады. Звароты ў вышэйстаячыя інстанцыі скончыліся тым жа вынікам.

Я накіраваў скаргу ў КПЧ ААН. У якасці парушэнняў МПГПП я пазначыў артыкул 2 аб праве кожнага на прававую дапамогу і артыкул 14 аб недапушчальнасці ўмяшання ў сферу судовай улады з боку якіх бы там ні было асоб.

Пачалася працяглая перапіска праз КПЧ ААН з Міністэрствам замежных спраў Беларусі. МЗС адпрэчваў маю скаргу са спасылкай на новы Працоўны кодэкс, згодна з якім мелася магчымасць урэгуляваць любую спрэчку ў судзе. Я не паддаўся на гэты выкрут, вяртаючыся да часу вызвалення мяне ад пасады.

У сваім выніковым рашэнні ад 5 жніўня 2003 года КПЧ ААН прызнаў, што прэзідэнцкі ўказ ад 24 студзеня 1997 года №106, якім я быў вызвалены ад пасады, меў дыскрымінацыйны характар і не меў законных падстаў. Адзначалася, што ў заяўніка (то бок мяне) не было эфектыўных сродкаў абароны для аспрэчвання звальнення.

На думку Камітэта, вызваленне мяне ад пасады суддзі за восем гадоў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў з’яўляецца «наступам на незалежнасць судовай улады і непавагай да права заяўніка... на службу ў дзяржаўным апараце сваёй краіны».

Беларускай дзяржаве прапаноўвалася даць магчымасць заяўніку аднавіць свае парушаныя правы, уключаючы справядлівую кампенсацыю, інфармаваць КПЧ аб прынятых мерах і апублікаваць рашэнне.

А што ж дзяржава?

Беларускія ўлады не выканалі рашэнне Камітэта, як, зрэшты, і рашэнні па іншых справах, прынятых па паведамленнях грамадзян Беларусі.

У сувязі з гэтым неабходна вырашыць пытанне аб тым, якую юрыдычную моц маюць рашэнні КПЧ. Бо Камітэт выступае кантралюючым органам у дачыненні да палажэнняў Пакта, і калі дзяржава ратыфікуе Факультатыўны пратакол да Пакту, то рашэнні КПЧ для дзяржавы набываюць абавязковую моц як рашэнні, якія вынікаюць з міжнароднай дамовы.

Такія наступствы для Рэспублікі Беларусь павінны надыходзіць у сілу артыкулаў 26, 27 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоў, згодна з артыкуламі 8, 61 Канстытуцыі, артыкуламі 3, 33 Закона «Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь». Для дзяржавы павінен дзейнічаць прынцып pacta sunt servanda (дамовы павінны выконвацца). У адваротным выпадку давядзецца прызнаць адсутнасць у краіне Канстытуцыі, бо там замацоўваецца прыярытэт прынцыпаў міжнароднага права і гарантуецца права грамадзян на зварот у міжнародныя арганізацыі.

Як прымусіць цяперашнюю ўладу да выканання рашэнняў КПЧ ААН па правах чалавека? Перш за ўсё, шляхам аб’яднання саміх грамадзян. Тыя, хто звярнуўся за абаронай сваіх правоў у КПЧ, маюць намер стварыць арганізацыю, мэтай якой будзе прымус уладаў да выканання рашэнняў гэтага органа.

Яшчэ адзін спосаб уздзеяння — ініцыятыва адной з дзяржаў-сябраў ААН па абмеркаванні пытання аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў па лініі Пакта і КПЧ. Такая магчымасць прадугледжваецца ў арт. 41 Пакту.

Ва ўсялякім выпадку, відавочна, што праблема ігнаравання ўладамі Беларусі рашэнняў КПЧ ААН набыла гіпертрафаваны характар. Яе неабходна неадкладна вырашаць як на ўнутрыдзяржаўным, так і на міжнародным узроўнях.