Самі з вусамі!
На мінулым тыдні ўсе раптоўна заклапаціліся праблемай правоў чалавека. Так ужо атрымалася, што напачатку сакавіка будзе чарговая сесія Савета ААН па правах чалавека. Гэта абвастрыла звыклую рыторыку ў стылі «сам дурань» паміж Беларуссю і Еўропай.
Першым выступіў Савет міністраў замежных спраў ЕС. У прынцыпе — даўно звыклая справа, бо беларускія ўлады пра правы чалавека імкнуцца як мага больш маўчаць. З прынцыпу «не кранай ліха, пакуль спіць ціха». І не кранаюць — да таго часу, пакуль іх не вымушаюць гэта зрабіць.
Дык вось, Савет міністраў замежных спраў ЕС прыняў адмысловую заяву, у якой гаворыцца пра сітуацыю ў свеце. У дакуменце падкрэслена асаблівая заклапочанасць у сувязі з неспрыяльным становішчам з правамі чалавека ў шэрагу краін, перш за ўсё ў Сірыі. Там сітуацыя ўяўляе сабой «самы востры гуманітарны крызіс у сучаснай гісторыі». Савет ЕС зноў заклікаў усе бакі канфлікту, перш за ўсё кіруючы рэжым, спыніць гвалт і парушэнне міжнароднага гуманітарнага права. Адзначаючы, што вінаватыя ў злачынствах павінны панесці адказнасць, ЕС заклікаў забяспечыць хутчэйшы доступ у краіну міжнароднай камісіі па расследаванні.
Таксама ЕС заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на «сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека» ў КНДР і таксама расследаваць іх. У дакуменце ўказана на трывожнае становішча з правамі чалавека ў Іране, Шры-Ланцы, М’янме, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Паўднёвым Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
Пра Беларусь там было сказана між іншым. Хіба толькі тое, што Савет ЕС мае намер запатрабаваць у ААН «хутчэйшага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў у Беларусі».
Якім чынам гэта зробіць ААН, не паведамлялася. Больш за тое, павінны былі б ведаць, што «сінявокая» ніякага дыктату не пацерпіць, і нават не супрацоўнічае са спецдакладчыкам па Беларусі ў ААН Міклашам Харашці, бо такога не прызнае. Але нават такое ўскоснае крананне нашай краіны выклікала вокамгненную рэакцыю беларускага Міністэрства замежных спраў. Як яшчэ адно пацверджанне прымаўкі пра тое, на кім шапкі гараць.
Міністэрства замежных спраў Беларусі падрыхтавала даклад аб парушэнні правоў чалавека ў краінах ЕС, ЗША і Канадзе, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч.
«У свеце няма дзяржаў, якія былі б ідэальныя ў гэтым пытанні», — заявіў Амбразевіч. У сувязі з гэтым ён заявіў пра неразуменне ў сувязі з наяўнасцю «выбарчага падыходу» да Беларусі па гэтым пытанні.
Даклад «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету: 2013» з’яўляецца другой па ліку працай МЗС па гэтай тэме. Першы даклад быў выдадзены год таму. Як растлумачыў Амбразевіч, даклад «тычыцца тых краін, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі, заснаваныя на ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў краіне».
У дакуменце фігуруюць 21 краіна ЕС, а таксама ЗША і Канада. У ім, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення, узгаданыя «выпадкі, якія мелі найбольшы рэзананс для грамадска-палітычнага жыцця гэтых краін». У прыватнасці, растлумачыў ён, згаданыя выпадкі дыскрымінацыі, расавай варожасці, разгону масавых мерапрыемстваў.
«Дзеянні шэрагу замежных дзяржаў у дачыненні да Беларусі наносяць рэальную шкоду краіне, яе прадпрыемствам і грамадзянам. Гэтыя краіны лічаць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі знаходзіцца не ў лепшым стане, і на гэтай падставе лічаць сябе маючымі права абмяжоўваць палітычныя, ведамасныя кантакты, уводзіць забарону на доступ на іх рынкі беларускіх тавараў, весці інфармацыйную дыскрэдытацыю нашай дзяржавы», — падкрэсліў Амбразевіч.
Жахі «заходняга ладу жыцця» МЗС распісаў на 70 старонках. Канешне, чытаючы даклад, задумваешся, а ці ёсць у нас тыя парушэнні? Канешне, у нас амаль усё ёсць, і дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце таксама (узгадаем, як улады душылі, ды недадушылі Саюз палякаў). Але ў дакладзе шмат месца ўдзелена «расавай варожасці», якой у «сінявокай», падаецца, няма. Няўжо мы пра Беларусь нешта не ведаем?
І яшчэ адна цікавая дэталь. МЗС Беларусі шмат увагі надае балючаму пытанню «свабоды мірных сходаў» і разгону дэманстрантаў у Еўропе ды ЗША. Паўсюдна кажацца, што паліцыя прымяняла слезацечны газ і гумовыя кулі. Але лічбы затрыманых падчас «масавых беспарадкаў» нейкія несур’ёзныя — да 300 чалавек. У нас столькі затрымаць могуць на шараговым мітынгу, не кажучы ўжо пра розныя «плошчы», дзе лічбы затрыманых перавальвалі за тысячу. Дый нешта ў дакладзе няма словаў пра тое, што затрыманыя ці арыштаваныя падчас еўрапейскіх мітынгаў і дэманстрацыяў панеслі суворае крымінальнае пакаранне ў выглядзе шматгадовага пазбаўлення волі. Нейкае абыякавае ў Еўропе стаўленне да дэманстрантаў.
І, як ілюстрацыя нашай незалежнасці ў праявах правоў чалавека, суддзя Ашмянскага раёна Таццяна Емельяновіч «з унутраных перакананняў» пастанавіла «дэпартаваць» з Беларусі кнігу літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ «сядзячага» праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай».
Справа ў тым, што мытнікі забаранілі ўвоз кнігі ў Беларусь і скіравалі яе на экспертызу наконт «экстрэмісцкай літаратуры».
Прайшло дзве экспертызы, і абедзве яны былі прызнаныя незаконнымі і непрымальнымі для суда. Аднак, па «ўнутраным перакананні» суддзі, якая гэтай кніжкі нават і не чытала, 40 асобнікаў кнігі падлягаюць адпраўцы назад у Літву.
Як у савецкія часы: «Я Пастарнака не чытаў, але яго асуджаю»…
Ёсць яшчэ адзін матыўчык, які павінен, на маю думку, быць згаданы ў дакладзе МЗС у якасці станоўчага прыкладу ад беларускага боку. Раніцай 9 лютага ў Камянецкім раёне ў 300 метрах ад лініі беларуска-польскай мяжы памежнікі выявілі цэлы табун коней. Пры праверцы высветлілася, што сляды 15 коней-парушальнікаў вядуць у Польшчу, дзе недалёка ад мяжы знаходзіцца фермерская гаспадарка. «Відаць, коні зламалі агароджу і зайшлі на тэрыторыю Беларусі. Пасля рашэння юрыдычных фармальнасцяў табун перададзены польскаму боку», — адзначылі памежнікі.
Калі ў Беларусь збягаюць польскія коні, ці так дрэнна ў нас з правамі як жывёлаў, так і чалавека?