Класкоўскі: Вялікія начальнікі злёгку заблыталіся ў паказаннях

Палітычны аглядальнік пракаментаваў апошнія заявы беларускіх уладаў наконт «контртэрарыстычнай аперацыі».

Палітычны аглядальнік Алякснадр Класкоўскі

Палітычны аглядальнік Алякснадр Класкоўскі


— Кіраўніцтва беларускага рэжыму так захапілася маляваннем пагроз, што само заблыталася і ўсіх заблытала, — пішаАляксандр Класкоўскі для ТГ-канала «Позірк». — На самай справе мы бачым спробы апраўдаць ўцягванне Мінска ў ваенную авантуру Крамля, мілітарызацыю і, у прыватнасці, разгортванне сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) на беларускай тэрыторыі.
Спачатку міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю «Известиям» агаломшыў навіной: у Беларусі ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА). Што выклікала фурор: бо пра гэта ніхто нідзе не аб'яўляў!
Потым міністр паспрабаваў скарэктаваць сваю заяву: маўляў, СМІ «выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі канспіралагічныя тэорыі». А насамрэч мелася на ўвазе тое, што «некалькі дзён таму КДБ было даручана правесці неабходныя мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару».
Але Аляксандр Лукашэнка 14 кастрычніка ў кулуарах саміта СНД у Астане, адказваючы на журналісцкае пытанне, дэ-факта пацвердзіў, што рэжым КТА ўведзены. Праўда, сфармуляваў мудрагеліста: «У сувязі з абвастрэннем сітуацыі па перыметры нашых межаў <...> уведзены рэжым такой падвышанай тэрарыстычнай небяспекі».


Аднак у той жа дзень ананімны (мабыць, таму што аспрэчваць словы высокага начальства няёмка) прадстаўнік КДБ заявіў дзяржаўнаму агенцтву: рэжым КТА ў краіне не ўводзіўся.
Больш за тое, праводзяцца толькі «планавыя навучальныя мерапрыемствы ў мэтах падтрымання высокага ўзроўню гатоўнасці суб'ектаў барацьбы з тэрарызмам да выканання задач па прызначэнні». Атрымліваецца, што ніякіх надзвычайных мер няма наогул. Карацей, «інфармацыя пра аперацыю, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, непраўдзівая». Ацаніце вытанчанасць фармулёўкі!

Вакол ворагі. І ворагі ўнутры


Сапраўды, згодна з законам, КТА — гэта «спецыяльныя мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне тэрарыстычнай акцыі». Але ў канкрэтнай сённяшняй сітуацыі — пра якую акцыю гаворка? Дзякуй богу, нідзе не рванула, ні пра якія дыверсіі, напады, ахвяры, захоп закладнікаў не паведамляецца. Пакуль мы чуем толькі страшылкі з вуснаў высокага начальства.
Наогул жа цэтлікі экстрэмістаў і тэрарыстаў беларускія ўлады шчодра лепяць перш за ўсё на сваіх палітычных праціўнікаў. Напрыклад, у «пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», які вядзе КДБ, фігуруюць апазіцыйныя лідары Святлана Ціханоўская, Павел Латушка. Нядаўна ў гэты спіс трапілі дзве журналісткі разгромленага партала T*T.BY. Ды ўжо, крыважэрней ворагаў не прыдумаць.


Ціханоўскую ж, напрыклад, спрабавалі звязаць з дзіўнай гісторыяй пра закладку выбуховага прыстасавання ў сметнік на ўскраіне Мінска. Незразумела, як такім чынам можна было разбурыць асновы рэжыму.
Але, можа, на Беларусь нацэліліся іншыя, больш злавесныя сілы?
Макей у нашумелым інтэрв'ю тлумачыў неабходнасць КТА так: «...Была інфармацыя пра тое, што з боку асобных сумежных дзяржаў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі».
Міністр пры гэтым нібыта сам бянтэжыцца, падбірае туманныя эўфемізмы. Цяжка зразумець, што такое «ледзь не захоп». Але, у прынцыпе, гэта пераклікаецца з нядаўняй заявай старшыні КДБ Івана Церцеля пра тое, што ва Украіне замежныя спецслужбы падрыхтавалі ад 100 да 300 баевікоў для захопу «райцэнтра на тэрыторыі Беларусі ў якасці плацдарма для далейшага развіцця наступальнай аперацыі».
Мяркуючы па ўсім, пад баевікамі маюцца на ўвазе беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны ў складзе палка імя Каліноўскага і іншых падобных фарміраванняў. Днямі Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу супраць байцоў гэтага палка, разглядаючы яго як «экстрэмісцкае фармаванне».
Варта падкрэсліць, што полк уваходзіць у склад Узброеных Сіл Украіны. Наўрад ці Кіеў зацікаўлены адкрываць яшчэ адзін фронт, даючы адмашку на ўварванне ў Беларусь.


Урэшце, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі днямі прапанаваў размясціць на ўкраінска-беларускай мяжы міжнародных назіральнікаў. Але гэтую ідэю Мінск сустрэў у штыкі. Сапраўды, бо тады нашмат цяжэй стане генераваць страшылкі пра падрыхтоўку нападу з Украіны.

Агаворка па Фрэйду?


Такім чынам, ажыятаж з нагоды нарастання тэрарыстычных пагроз выглядае штучным. Для чаго ж высокапастаўленыя дзеячы рэжыму і яго прапаганда раздзімаюць кадзіла?
Уяўляецца, што ўсё гэта — класіка жанру, вядомага з даўніх часоў. А менавіта — нагнятанне атмасферы абложанай крэпасці.
Тут паказальна тое, як Лукашэнка паспрабаваў расшыфраваць «такі рэжым падвышанай тэрарыстычнай небяспекі»: «...Мы пачалі працэдуры з разгортваннем саюзнай групоўкі войскаў, аснову якой складае, як я ўжо сказаў, армія Беларусі, якая дапаўняецца ўжо часткамі Расійскай Федэрацыі. Усё па плане».
Падобна да таго, гэта агаворка па Фрэйду. На самай справе разгортванне РГВ, згодна з ваеннай дактрынай Саюзнай дзяржавы, адбываецца «ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы (перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі)». Як бачым, да барацьбы супраць тэрарызму гэта не мае дачынення.
І сапраўды, у склад РГВ, паводле даных вайсковых крыніц, уваходзіць, у прыватнасці, 1-я танкавая армія Узброеных сіл РФ. Як можна пры дапамозе танкаў змагацца з тэрарыстамі, якія захапілі, напрыклад, закладнікаў у самалёце?
Падобна да таго, што Лукашэнка быў вымушаны пагадзіцца на разгортванне РГВ па патрабаванні Крамля. Але трэба неяк апраўдаць гэтую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі, захаваць твар.
Вось і ідзе ў ход татальная рыторыка ў духу абложанай крэпасці, калі чым больш пагроз намалюеш, тым лепш. Таму ў адну грымучую прапагандысцкую сумесь злучаюцца заявы пра тэрарызм, гусеніцы NATO, што ляскаюць ля нашых межаў, планы нанясення па Беларусі тактычнага ядзернага ўдару і іншыя жахі. Не дзіўна, што ў выніку вялікія начальнікі злёгку заблыталіся ў паказаннях.
Ёсць і яшчэ адзін момант, які тлумачыць, чаму з такой лёгкасцю робяцца заявы пра правядзенне або неправядзенне КТА. Па законе ў выпадку такой аперацыі сілавікі атрымліваюць у яе зоне дадатковыя паўнамоцтвы: могуць даглядаць людзей і транспарт, уламвацца ў любыя памяшканні, адбіраць мабільныя тэлефоны і да т. п. Але ў Беларусі сілавікам і так дадзены карт-бланш, яны і так усё гэта робяць. Так што фармальнае ўвядзенне рэжыму КТА нічога сутнасна не змяняе.

Калі не атрымаецца адбаярыцца


Калі ж ачысціць сітуацыю ад піяраўскага шалупіння, то агаляецца пытанне, навошта разгортваецца РГВ. Ці азначае гэта, што Уладзімір Пуцін прымусіў Лукашэнку да прамога ўступлення ў вайну супраць Украіны?
Мы не ведаем, пра што Пуцін і Лукашэнка размаўлялі за зачыненымі дзвярыма ў Сочы і Санкт-Пецярбургу і да чаго дамовіліся. Але менавіта пасля гэтых перамоваў было абвешчана пра разгортванне РГВ, Мінск падняў градус антызаходняй і антыўкраінскай істэрыі, што можна трактаваць як піяраўскую артпадрыхтоўку да магчымага ўключэння ў баявыя дзеянні.


Заявы расійскіх і беларускіх генералаў пра тое, што РГВ прызначана выключна для абарончых дзеянняў, наўрад ці могуць супакоіць суседзяў. У лютым гэтыя генералы (ды і той жа Макей, які цяпер наракае: маўляў, «свет стаў такім непрадказальным, што мы не можам нікому верыць») паўтаралі, што пасля сумесных вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» расійскія войскі вернуцца дадому. У выніку ж яны пайшлі адсюль на Кіеў.
Пытанне ў тым, ці наважыцца Масква паўтарыць цяпер такі паход — з улікам таго, што сіл і ўзбраення відавочна не хапае. Ды і ўкраінцы напэўна падрыхтаваліся сустрэць агрэсараў на гэтым кірунку лепей, чым гэта было ў лютым.
Магчыма, пакуль справа абмяжуецца толькі падрыхтоўкай на беларускай тэрыторыі расійскіх «мобікаў», якім на радзіме відавочна не хапае ні казармаў, ні ўзбраення і амуніцыі, ні афіцэраў для навучання. Плюс задача адцягнуць частку ўкраінскіх сіл: Кіеву давядзецца трымаць іх ля сваёй паўночнай мяжы, каб адбіць верагодны ўдар.
Пры гэтым відавочна, што Крамлю выгадна як мага мацней запэцкаць беларускага хаўрусніка ў крыві, пазбавіць яго найменшых спадзяванняў на нейкі геапалітычны манеўр, сепаратныя дамоўленасці з Захадам.
У Лукашэнкі ж магчымасці ўнікаць самага непрыемнага сцэнару няўхільна змяншаюцца.
Усё больш экзальтаваная рыторыка Мінска пра веер пагроз, — гэта, з аднаго боку, спроба адбаярыцца ад прамога ўдзелу ў «спецаперацыі». Маўляў, мы павінны прыкрываць заходнюю мяжу, каб «натаўцы» не ўдарылі ў спіну рускім братам ды трымаць сілы напагатове для адбівання тэрарыстычных нападаў.
З іншага боку, гэта і падсціланне саломкі на выпадак, калі адбаярыцца не атрымаецца. Маўляў, нас вымусілі дзейнічаць на апярэджанне, нават мапу можам паказаць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.