Беларускія ўлады адказалі на прапанову Зяленскага паставіць назіральнікаў на мяжы
Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў прапагандысцкім СМІ заяву Уладзіміра Зяленскага наконт назіральнікаў на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч
Учора прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказ на заявы беларускіх улад пра падрыхтоўку нападу з украінскага боку прапанаваў размясціць назіральнікаў на беларуска-ўкраінскай мяжы, якія маглі б зафіксаваць, з чыйго боку зыходзіць рэальная агрэсія.

Сёння дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў прапанову Зяленскага:
«Калі Зяленскаму гэты кантынгент патрэбны на мяжы, то хай ён запрашае. Нам гэты кантынгент абсалютна не перашкаджае, але ён нам і не патрэбны. Нам няма чаго кантраляваць і няма чаго хаваць.
Сёння старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта, інфармуючы грамадскасць пра тое, што адбываецца на мяжы, паказаў стан паўднёвых рубяжоў. А менавіта тое, што сёння робяць украінскія памежнікі і іншыя сілавыя структуры на сумежнай тэрыторыі, перакапаўшы ўсе дарогі і разбурыўшы ўсе масты, абсталяваўшы іх мінна-выбуховымі загародамі, абараняючыся незразумела ад каго і для чаго. І калі на гэтых мінах міратворчы кантынгент не падарвецца, напэўна, будзе шчасце.

Мы фіксуем сістэматычнае парушэнне квадракоптарамі з украінскага боку дзяржмяжы Беларусі. Таму, напэўна, міратворчы кантынгент і будзе фіксаваць тыя парушэнні, якія зыходзяць сёння з боку Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь».
Аднак, заявіў чыноўнік, калі кантынгент будзе складацца выключна з замежных войскаў, «гэта будзе абсалютна непрымальна».