Колькі каштуе зямелька ў Драздах?

Абсалютнасць справядлівасці не звалілася на беларусаў з неба. Яна гарантуецца манапольным правам аднаго чалавека вызначаць, што лічыць справядлівым, а што не. Але паколькі адначасова гэты ж чалавек надзелены манаполіяй на размеркаванне рэсурсаў, дык прынцыповых пярэчанняў, як правіла, не ўзнікае.

kodeks_3_logo.gif

На рынку долі не купіш, а ў судзе праўды не знойдзеш. Каму за жарт прымуць, а каму за тое ж скуру здымуць, кажа народная мудрасць.

Добра гэта ці дрэнна? На думку ліберальнага інтэлігента, такое стаўленне да закона з’яўляецца абсалютным злом. А з пункту гледжання шараговага грамадзяніна?

Прапаную зрабіць разумовы эксперымент і змясціць тыповага прадстаўніка беларускай большасці ў штучнае асяроддзе, у якім строгасць законаў не змякчаецца неабавязковасцю іх выканання. Зрабілі? Ну і як, валасы ад жаху не ўсталі?

А як у такім асяроддзі будзе існаваць бізнес? Як тут ні прыгадаць Пасланне–2018, у якім Лукашэнка звярнуўся да праваахоўнага блоку і судовай улады ды папярэдзіў, што забеспячэнне вяршэнства закона не павінна наносіць шкоды эканамічнаму росту. Вось яно, аказваецца, як! Калі сілавыя і кантрольныя ведамствы сур’ёзна возьмуцца за забеспячэнне вяршэнства закона, дык прадпрымальнікам давядзецца хавацца ў бульбу. Зрэшты, не ўпэўнены, што ім гэта дапаможа.

Нацыянальных культурных адметнасцяў яшчэ ніхто не адмяняў. Што немцу добра, то рускаму (беларусу) — смерць. Паспрабую патлумачыць гэты парадокс.

Немец жыве ва ўмовах рынкавай эканомікі. Рынак немагчымы без роўнасці ўсіх перад законам — па-іншаму інтарэсы суб’ектаў рынку (як гандляроў, так і пакупнікоў) не ўзгадніць. Таму судовая сістэма — гэта найважнейшы рынкавы інстытут, без якога, між іншым, не можа функцыянаваць дэмакратыя. Не імітацыйная дэмакратыя, а рэальная, з адказным перад парламентам урадам, бо парламент — гэта не проста заканадаўчы орган. Гэта орган узгаднення інтарэсаў розных сацыяльных груп, сфармаваных рынкам.

Такое ўзгадненне звычайна называць «палітыкай». Рэальная палітыка — гэта занятак не для вузкага кола абмежаваных людзей, а для мільёнаў. Не выпадкова ж у Старажытнай Грэцыі грамадзяніна поліса, які жыве ў адрыве ад грамадскага жыцця, называлі «ідыётам». Аднак божы дар не варта блытаць з яечняй, а правядзенне гістарычных паралеляў праз тысячагоддзі ёсць не што іншае, як прыклад такога кшталту блытаніны.

У сучаснай Беларусі любая спроба суайчыннікаў сфармаваць і публічна выказаць свае калектыўныя інтарэсы тут жа ацэньваецца ўладай як палітыканства. У спіс смяротных грахоў палітычную актыўнасць грамадзян царква яшчэ не ўнесла. Пакуль не ўнесла. Тым не менш, у грамадзянскіх актывістаў няма шанцаў зрабіць кар’еру ў дзяржаўных структурах. Дый у недзяржаўных структурах у іх таксама не надта добра з шанцамі.

Каб не быць галаслоўным, спашлюся на даследаванне «Жыццёвыя рэсурсы рабочай моладзі: сацыялагічны аналіз», апублікаванае ў часопісе Інстытута сацыялогіі НАН РБ «Сацыялагічны альманах» №7. У артыкуле разглядаюцца жыццёвыя рэсурсы як сукупнасць фактараў, якія забяспечваюць біялагічны, псіхалагічны і сацыяльны дабрабыт індывіда. Абмяжуюся адной цытатай: «Найменшую дапамогу, на думку маладых рабочых, пры сутыкненні са складанай жыццёвай сітуацыяй ім здольныя аказаць рэсурсы, звязаныя з палітычнай і прававой сферай жыццядзейнасці і грамадзянскай актыўнасцю: зварот да закона, дзяржава, удзел у палітычным жыцці».


Жах! Куды глядзіць пракуратура?!

З небяспечнай палітычнай сцежкі прапаную павярнуць на эканамічную дарожку, на якой нас чакае прыемная навіна: беларусам пашчасціла жыць не ў рынкавай эканоміцы, а ў рэсурснай. А цана рэсурсаў — нагадаю тым, хто забыўся, — вызначаецца не суадносінамі попыту і прапановы, а месцам чалавека ў іерархіі.

Растлумачу на прыкладзе. Скрупулёзныя журналісты любяць абвінавачваць топ-чыноўнікаў у неадпаведнасці цаны катэджаў у Драздах узроўню даходаў іх уладальнікаў. Маўляў, толькі на куплю зямельнага ўчастка па рынкавай цане слугам народа давядзецца працаваць некалькі дзясяткаў гадоў, і пры гэтым не выдаткоўваць ні капейкі на харчаванне і вопратку. Без карупцыйнага складніку ў даходах такія набыткі зрабіць немагчыма. Жах! Куды глядзіць пракуратура?!

Але што такое рынкавая цана зямлі ў Драздах? Гэта прыкладна тое ж самае, што цана медыцынскага абслугоўвання ў Рэспубліканскім медыцынскім цэнтры Упраўлення справамі прэзідэнта РБ. Цэнтр гатовы абслугоўваць усіх ахвочых. Былі б грошы! Але я не ўпэўнены, што для «прымацаваных» да цэнтра чыноўнікаў афіцыйныя прайс-лісты актуальныя.

Як ацаніць такое нераўнапраўе? Як справядлівае. Нездарма ж Лукашэнка ўвесь час падкрэслівае, што «справядлівасць вышэй за закон заўсёды, калі на тое пайшло. Бываюць несправядлівыя законы, а само паняцце справядлівасці (можна сказаць, філасофскае паняцце) абсалютнае».

Усяго ў законах не прапішаш, але да гэтага трэба імкнуцца. Наглядным прыкладам такога імкнення можа служыць закон «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь». Закон, у прыватнасці, нават за экс-чыноўнікамі замацоўвае: «права на медыцынскае абслугоўванне ва ўстановах аховы здароўя, у якіх ён абслугоўваўся да звальнення, на ўзроўні абслугоўвання, якое ён меў да звальнення, на перыяд да працаўладкавання ў іншую арганізацыю, але не больш чым на дванаццаць месяцаў з дня звальнення». Перайшла, да прыкладу, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РБ на пасаду ткачыхі ў ААТ «Камволь», а права на льготнае абслугоўванне ў Рэспубліканскім медыцынскім цэнтры захоўваецца за ёй яшчэ на працягу года. Дробязь, а прыемна.

Справядліва? Справядліва. Былых дзяржслужачых не бывае. І грошы тут не пры чым. Грошы — яны са свету рынкавай эканомікі. А ў нас рынак не тое, каб знаходзіцца ў зачаткавым стане. Ён іншы. Ён адміністрацыйны — і галоўнай валютай на ім з’яўляюцца статусы і сувязі.

Сацыялогія скаргаў

Абсалютнасць справядлівасці не звалілася на беларусаў з неба. Яна гарантуецца манапольным правам аднаго чалавека вызначаць, што лічыць справядлівым, а што не. Але паколькі адначасова гэты ж чалавек надзелены манаполіяй на размеркаванне рэсурсаў, дык прынцыповых пярэчанняў, як правіла, не ўзнікае. Канфліктаваць з размеркавальнікам рэсурсаў — сабе даражэй. У крайнім выпадку можна аформіць сваю незадаволенасць у выглядзе скаргі. Для гэтага і прыдуманы закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

Скаргі і скаржнікі — па-за палітыкай. Яны — наш залаты фонд. Дзякуючы сваёй актыўнасці, скаржнікі забяспечваюць «дзяржаве для народа» зваротную сувязь з народам. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што дзяржаўная сацыялогія не абыходзіць сваёй увагай такую важную для падтрымання стабільнасці тэму.

Пальма першынства ў такіх даследаваннях па праву належыць сацыёлагам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ. Дзякуючы іх прафесіяналізму і працавітасці, кожны ахвочы мае магчымасць у два-тры клікі даведацца, што «...грамадзяне Беларусі пры звароце ў дзяржаўныя арганізацыі ў два разы часцей сутыкаюцца з праявай станоўчых якасцяў супрацоўнікаў, чым адмоўных (61% і 32% адпаведна). Яны перш за ўсё адзначаюць уважлівасць, адказнасць і паважлівае стаўленне да наведвальнікаў. Сярод негатыўных якасцяў — фармалізм, раўнадушша, абыякавасць. Дадзеная тэндэнцыя прасочваецца на працягу апошніх трох гадоў».

Пры правядзенні сацапытанняў рэспандэнты не толькі ацэньвалі працу дзяржаўных органаў са зваротамі, але і выказвалі прапановы па паляпшэнні такой працы: «У большай ступені яны тычыліся асабістых якасцяў супрацоўнікаў, якія працуюць з грамадзянамі: «больш памяркоўнасці да людзей, уважлівасці, тактоўнасці». Далей ідзе арганізацыйна-прававы фактар: «трэба працаваць больш аператыўна», «скараціць аб’ём даведак, дакументазвароту», «часцей праводзіць кансультацыі» і інш.».

* * *

У рэсурснай — гэта значыць у нярынкавай — эканоміцы фармуецца асаблівы тып дэмакратыі («суверэнны», згодна з тэрміналогіяй расійскіх ідэолагаў). У беларускім варыянце гэтая асаблівасць палягае ў здольнасці ўлады адэкватна рэагаваць на запыты грамадзян. І тут я не магу не ўтрымацца ад цытавання самай сур’ёзнай газеты краіны, таму што лепш і не скажаш: «У канчатковым рахунку, у тых, хто каментуе сацыяльную палітыку ў Беларусі, здзіўленне выклікае зусім не «чысціня вуліц», а тое, што калі сярэднестатыстычны беларус звярнуўся з матываванай просьбай у дзяржаўны орган, мясцовую ўладу, рэдакцыю СМІ, то да яго звароту абавязаны паставіцца з усёй адказнасцю і грунтоўнасцю».

Усё зразумела? Праблема не ў дзяржаве. Праблема ў грамадстве. Далёка не ўсе яго прадстаўнікі авалодалі мастацтвам матываванасці просьбаў.