Кошт імперскага сіндрому
Выдаткі адных — гэта адначасова і прыбыткі другіх. Гэты прынцып справядлівы не толькі на побытавым узроўні, але і на геапалітычным.
Пачну з анекдота. Вядуць асуджанага на пакаранне смерцю. Ён пытае: «Які сёння дзень?» — «Панядзелак». — «Нішто сабе, як тыдзень
пачынаецца!»
Выдаткі адных — гэта адначасова і прыбыткі другіх. Гэты прынцып справядлівы не толькі на побытавым узроўні, але і на геапалітычным.
Пачну з анекдота. Вядуць асуджанага на пакаранне смерцю. Ён пытае: «Які сёння дзень?» — «Панядзелак». — «Нішто сабе, як тыдзень
пачынаецца!»
Пагадзіцеся, штосьці падобнае адбылося і з планамі Улады. Пад Новы год яна ўзгадала пра сваё абяцанне ўзняць да канца пяцігодкі заробак сярэднестатыстычнага беларуса да 500
«зялёных». Мазгамі паварушыла, на канцылярскіх лічыльніках косткі туды-сюды перакінула і вырашыла, што росту ВУП на 11–13 працэнтаў для гэтага будзе дастаткова. Столькі і
запланавала. А тут і сусветны фінансава-эканамічны крызіс, здаецца, скончыўся. Прынамсі, так Уладзе здалося.
Але надышоў студзень, а з ім і новыя ўмовы пастаўкі расійскай нафты. Эканамісты падлічваюць, колькі мільярдаў усё тых жа «зялёных» гэтыя новыя ўмовы будуць каштаваць беларускай
эканоміцы. Атрымліваецца — ад 2,5 да 4, у залежнасці ад тэмпераменту эканаміста.
Нішто сабе, як год пачынаецца! Кіраўніку Нацбанку Пятру Пракаповічу 27 студзеня на прэс-канферэнцыі на гэты конт засталося толькі развесці рукамі і ўразіць журналістаў прызнаннем: «Мы гэтага
не чакалі». Ну проста як Юлій Цэзар у мініспектаклі Віктара Шэндэровіча: «І ты, Брут?» — «І я». — «Не чакаў!»
— «Сюрпрыз».
Прадуманая, шматхадовая, імперская
Але вернемся да новых умоў пастаўкі нафты. Сябар сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка, напрыклад, палічыў іх «вынікам прадуманай шматхадовай імперскай палітыкі Масквы і пройгрышам палітыкі
Лукашэнкі». У тым, што Лукашэнка, прынамсі, не выйграў, сумнявацца не даводзіцца, але вось характарыстыка «імперская» ў дачыненні да палітыкі Масквы вымагае пэўнага
каментару.
Паводле падпісанай дамовы, 6,3 мільёна тон нафты беларусы атрымаюць без экспартнай мыты, за астатнія 15 мільёнаў плаціць давядзецца па поўнай праграме, і праграма гэта на 1 лютага прадугледжвае
выплату дадаткова 270,7 долара за кожную тону. Думаю, і без эканамічнай адукацыі канчатковы вынік падлічыць нескладана, калі знойдзецца калькулятар пад рукой.
І вось тут хацелася б задаць чытачам пытанне на кемлівасць. Якая частка нафты будзе пастаўлена ў Беларусь у адпаведнасці з імперскай палітыкай Масквы — тая, што абкладаецца мытам, або тая,
што не абкладаецца? Не спяшаецеся з адказам. Я прапаноўваю своеасаблівую падказку-маячок.
Скіруем свой позірк на адну з нафтаздабываючых краін, напрыклад, Нарвегію. Падазраваць яе ў імкненні праводзіць прадуманую шматхадовую імперскую палітыку ў дачыненні да Беларусі, нават маючы хворае
ўяўленне, даволі складана. Дапусцім, адзін з беларускіх НПЗ вырашыць закупіць у Нарвегіі нафту. Якая верагоднасць, што нашчадкі суровых вікінгаў пагодзяцца прадаць яе без экспартнай мыты? Пытанне
наіўнае да дурасці. Нават калі дэлегацыю ўзначаліць галоўны беларускі перагаворшчык, першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, разлічваць на поспех няма ніякага шанцу.
У лістападзе мінулага года, сустракаючыся з беларускімі журналістамі, прэзідэнт Расіі паведаміў,
што, «па падліках экспертаў, з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці аб’ем расійскіх прэферэнцый у выглядзе палёгкавых коштаў на сыравінныя рэсурсы склаў 50 мільярдаў
долараў». Тое, што беларускія незалежныя эканамісты называюць «датацыямі», расійскі прэзідэнт — «прэферэнцыямі». Гучыць не так крыўдна, але
сутнасць ад гэтага не мяняецца, як не мяняецца і сума ў 50 мільярдаў долараў. Менавіта ў гэтую суму і абышлася расійскай эліце і расійскаму грамадству імперская палітыка, але я б не назваў яе
прадуманай і шматхадовай.
Імперыя імперыі розніца
Ад канстатацыі фактаў пяройдзем да азбукавага паліталагічнага аналізу, мэта якога — зразумець прыроду расійскіх прэферэнцый/датацый.
У тым, што Расія з’яўляецца імперыяй, сумнявацца не даводзіцца. Аднак навука ведае два тыпы імперый: традыцыйныя і каланіяльныя. Апошнія маладзей за першыя. Яны паўсталі ў
XVIII–XIX стагоддзі ў лідзіруючых дзяржавах Еўропы і спынілі сваё існаванне ў 60-х гадах мінулага стагоддзя.
Калі казаць сучаснай мовай, каланіяльныя імперыі — гэта тыповыя бізнес-праекты, якія распрацоўвалі і ажыццяўлялі эліты нацыянальных еўрапейскіх дзяржаў. Заўсёды мэта падобных праектаў
— атрыманне прыбытку з каланіяльных, як правіла, заморскіх тэрыторый.
Тут самы час звярнуцца да цытавання: «Каланіяльныя імперыі развіваюць калоніі выключна настолькі, наколькі гэта неабходна для выпампоўвання з іх рэсурсаў, для рашэння задач кіравання і
ўтрымання ўлады. Гэта датычыцца і інфраструктуры, і кадраў, і прамысловасці, і культуры» (Ігар Якавенка, культуролаг). На пэўным этапе ў калоніях пачынаюць фармавацца нацыянальна-вызваленчыя
рухі. З гэтай прычыны баланс прыбыткаў і выдаткаў становіцца адмоўным. З гэтага моманту каланіяльныя імперыі асуджаныя.
У адрозненне ад каланіяльных, традыцыйныя імперыі заўсёды ствараліся дзеля прасоўвання нейкай трансцэндэнтнай мэты. Расійская імперыя несла заваяваным народам ідэю праваслаўя, Савецкая —
ідэю камунізму. За права несці заваяваным народам ідэю метраполія вымушана плаціць. Таму няма нічога дзіўнага, што ў гісторыі Расіі, як адзначае ўжо цытаваны вышэй культуролаг, «з моманту
заваявання Сярэдняй Азіі не было ніводнага года, калі сума падаткаў і прыбыткаў казны хоць бы зраўнялася з сумай выдаткаў на ўтрыманне калоніі».
У гады перабудовы ў нашых паўднёвых суседзяў было папулярнае пытанне наконт украінскага сала, якое быццам хтосьці з’еў. Нацыянальнасць галоўнага едака пры гэтым у таямніцы не трымалася.
Аднак перабудова прайшла, а рынкавыя кошты засталіся, і адразу стала зразумела, хто ж на самай справе і ў якой колькасці еў чужое сала.
Традыцыйныя імперыі (Атаманская, Аўстра-Венгерская і інш.) не перажылі першай сусветнай вайны. Яны разваліліся пад ціскам нацый, якія зараджаліся ў іх нетрах. Развалілася і Расійская імперыя, але
бальшавікі здолелі яе аднавіць, хай і не ў поўным аб’ёме. Прычына павароту кола гісторыі назад ляжыць на паверхні — яна ў слабасці нацыянальных рухаў. Невыпадкова да абноўленай
імперыі не атрымалася далучыць заходнія правінцыі (Польшчу, Фінляндыю, Прыбалтыку, Бесарабію), г. зн. тэрыторыі, на якіх працэс фармавання нацый да таго часу быў найбольш паспяховым.
Сучасная Расія — апошняя з традыцыйных імперый, што захаваліся. Ад сваіх папярэдніц яна адрозніваецца адсутнасцю ідэі. Мэтанакіраваныя спробы яе «знайсці» ні да чаго не
прыводзілі. Але калі за права прасоўваць сваю ідэю даводзіцца плаціць, то за права ўтрымліваць народы ў сферы свайго ўплыву плаціць мусіш у падвойным памеры, што сёння і назіраецца. Дастаткова
ўзгадаць Чачню, на ўтрыманне якой з федэральнага бюджэту штогод выдаткоўваецца больш за 2 мільярды долараў, балазе ёсць нафтавая і іншая прыродная рэнта.
Агучаная расійскім прэзідэнтам сума прэферэнцый/датацый — з той жа оперы. Дык якія ж мы маем надзеі на іх пралангацыю, і ці варта чакаць палітыкі аншлюсу ў дачыненні да Беларусі?
Што да прэферэнцый/датацый, дык у сярэднетэрміновай перспектыве іх аб’ем будзе дыктавацца дынамікай сусветнага крызісу. Узровень імперскіх прэтэнзій Расіі заўсёды наўпрост залежаў ад
колькасці рэсурсаў, якія Крэмль мог выкарыстаць для забеспячэння працэсу «ўставання з кален». Знакамітыя словы Ельцына: «Бярыце столькі суверэнітэту, колькі зможаце
праглынуць», — відавочнае пацвярджэнне гэтага. На дварэ тады стаяў жнівень 1990 года, і дзяржаўная казна была пустая.
А вось наконт аншлюсу паспяшаюся супакоіць. І пры 140 доларах за барэль нафты да палітыкі знешняй экспансіі справа не дойдзе. Максімум, на што сёння здольная расійская эліта, — гэта стварыць
санітарны кардон супраць заходніх уплываў. Таму мы і назіраем такую хваравітую рэакцыю на ўдзел Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства».
Палітычная мігрэнь
Не буду адмаўляць: пасля рэферэндуму 1996 года, які перакроіў Канстытуцыю, я спадзяваўся, што вецер дэмакратычных зменаў можа падзьмуць на Беларусь і з Усходу. Маю надзею спарадзіла неразуменне
азбукавай ісціны: слабая дэмакратыя вельмі падобная да слабога аўтарытарызму. Я прыняў жаданае за сапраўднае, але, як кажа прыказка, «нарадзіцца дурным не сорамна, сорамна памерці
дурнем», таму давялося патраціць не адзін год, каб пазбавіцца ад паліталагічных ілюзій.
Кожны ўрад мае патрэбу ў грошах. Адсюль падаткі, але адсюль і галаўны боль любога сучаснага ўрада — падаткаплатнікі. У наш час з іх патрэбамі і запытамі даводзіцца лічыцца, таму існуе
наўпроставая залежнасць паміж узроўнем дабрабыту насельніцтва і ўзроўнем дэмакратыі. Але з гэтага правіла выпадаюць краіны, якія Бог шчодра надзяліў прыроднымі рэсурсамі. У 2007 годзе ВУП на душу
насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці склаў у Расіі 13 432 долара. Нароўні з нафтавымі Эміратамі Расія ўваходзіць у лік найбагацейшых сучасных не-дэмакратый.
Мне запярэчаць, а як жа Нарвегія? Сапраўды, па аб’ёме экспарту нафты яна трывала размясцілася сярод сусветных лідэраў, але здолела пры гэтым падзяляць агульнаеўрапейскія каштоўнасці.
Нарвегія — асаблівы выпадак. У палітыцы, у адрозненне ад матэматыкі, змяненне месцамі складовых здольнае змяніць суму. У Нарвегіі нафту дадалі да дэмакратыі, паколькі яе позна адкрылі, а не
наадварот — дэмакратыю да нафты.
У Беларусі нафты няшмат, але ёсць калійныя солі, а галоўнае — расійскія прэферэнцыі/датацыі, аб’ём якіх дазваляў Лукашэнку на працягу шаснаццаці гадоў выконваць сацыяльныя
абавязанні. Звернемся да табліцы. У далёкім 1995 годзе прыбыткі кансалідаванага бюджэту не дацягвалі да 30% ВУП. За 7 гадоў нічога прынцыпова не змянілася, але ў 2003 годзе адбыўся скачок адразу на
9,7 пункта.
Адкуль такая бюджэтная дабрадаць? Яна з «нафтавага афшору». Але — звярніце ўвагу, — атрымаўшы дадатковую крыніцу прыбыткаў, Улада не знізіла падаткі
суб’ектам гаспадарання. Права распараджацца дадатковымі прыбыткамі яна пакінула за сабой. Ці варта пасля гэтага дзівіцца высокаму рэйтынгу Лукашэнкі. Гэта ж ён падвышае зарплату бюджэтнікам,
пенсіі пенсіянерам і стыпендыі студэнтам (спіс можна працягнуць).
Праблема, аднак, у тым, што такая палітыка спараджае ўтрыманства, узровень якога ўвесь час узрастае. А вось магчымасць канцэнтраваць рэсурсы, наадварот, зніжаецца (глядзі табліцу). Адсюль галаўны
боль беларускай улады, і без анестэзіі ў выглядзе імперскіх амбіцый Расіі ад яе ў сярэднетэрміновай перспектыве не пазбавіцца.