Кругазварот у сістэме
З аднаго боку адпусцілі, з іншага — тузанулі. У выніку баланс палітычнай сістэмы захоўваецца. Быццам бы не ўсё так кепска, але і радаснага мала.
З аднаго боку адпусцілі, з іншага — тузанулі. У выніку баланс палітычнай сістэмы захоўваецца. Быццам бы не ўсё так кепска, але і радаснага мала.
З добрых навін — амністыя чарговага ўдзельніка «працэсу 14-ці» Аляксандра Баразенкі. Раней пад амністыю патрапілі Міхаіл Пашкеівіч, Павел Вінаградаў, Міхаіл Субач. Алесю
Чарнышову і Алесю Стральцову пакаранне абмежаваннем волі замянілі на папраўчыя работы. Тацяна Цішкевіч пасля вынясення прысуду з’ехала вучыцца ў Польшчу, і цяпер пасля перасячэння беларускай
мяжы яе, як і Арцёма Дубскага, могуць асудзіць за парушэнне правілаў адбыцця пакарання. Радзіма сустрэне кайданкамі...
З аднаго боку, кіраўніцтва дзяржавы на кожным кроку гаворыць пра дэбюракратызацыю і антыкарупцыйную кампанію — раз-пораз з’яўляецца інфармацыя пра судовыя працэсы над кіраўнікамі
прадпрыемстваў, якіх абвінавачваюць у хабары. З другога — як ладану баіцца антыкарупцыйных настрояў у грамадстве. Суд Баранавічаў пакараў штрафамі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі
«Малады фронт» Арцёма Ластавецкага, Пятра Рузава, Сямёна Былінскага і Юрыя Багдановіча за расцяжку «Не — карупцыі». Няма логікі ў дзеяннях уладаў
— апазіцыю не любяць і падтрымкі народнай не хочуць.
Класіка жанру: хочаш штраф — вазьмі ў рукі нацыянальны, гістарычны бел-чырвона-белы сцяг і атрымай спагнанне. Для разнастайнасці можна караць і за сцяг Еўрасаюза. Адміністрацыйная камісія
Савецкага раёна Гомеля аштрафавала актывістку руху «За свабоду» Зінаіду Шуміліну на 175 тысяч рублёў. Чальцы камісіі і яе старшыня, намеснік кіраўніка адміністрацыі раёну Міхаіл
Шышкоў, палічылі, што спадарыня Шуміліна не мела права вывешваць на сваім прыватным доме беларускі нацыянальны сцяг і сцяг ЕС, а таксама расцяжку «Галадоўка пратэсту». А пасольствам
краін ЕС вывешваць сіні сцяг з зорачкамі дазволена, дый чыноўнікаў пад шумок «лібералізацыі» бачылі на фоне гэтага сцяга. Але што дазволена Юпіцеру...
Перманентная ціхая барацьба вядзецца з пратэстантамі: то пастыраў вышлюць, то суполку ліквідуюць, то будынак царквы адабраць пагражаюць. Чарговая эпапея з храмам мінскай пратэстанцкай суполкі
«Новае жыццё» — судовыя выканаўцы ўручылі распараджэнне аб тым, што паводле рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда вернікі мусяць вынесці сваю маёмасць і да 21 жніўня пакінуць
свой храм — былы калгасны кароўнік на ўскрайку Мінску. Вернікі, згубіўшы надзею адстаяць сваю маёмасць (кароўнік выкуплены і адрамантаваны за кошт прыхаджан), вырашылі звярнуцца за
падтрымкай у міжнародныя структуры. Дарэчы, эпапея з гэтым кароўнікам-храмам доўжыцца некалькі гадоў: і судзіліся, і галадалі, а вось жа нічога нікому тут не даказалі...
Гавораць, што няма ў Беларусі палітвязняў. Але міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» лічыць інакш. У месцах не надта далёкіх знаходзіцца Арцём Дубскі, які
быў асуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці» за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў зімой 2008
года. Мець палітвязняў іміджава няправільна, але эканамічна выгодна. Пры нагодзе можна парачку новых набраць, а старых выпусціць, ды яшчэ крэдыт атрымаць ці казырнуць, што цяпер Беларусь —
не тэрыторыя рэжыму, а «белая і пухнатая». Баланс, адным словам.