«Нават асобы, схільныя да карупцыйных злачынстваў, не сумняваюцца ў перамозе ўкраінскай арміі»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» на прыкладзе Ганібала і няўдалага ўкраінскага хабарніка паказвае, як выглядае вера ва ўласныя сілы. Нічога агульнага з беларускімі генераламі!
Учора здарылася гісторыя, у якой ёсць усе шанцы праз шмат гадоў стаць папулярным гістарычным анекдотам. Ва Украіне прад'явілі афіцыйнае абвінавачванне былому дэпутату Вярхоўнай рады, які спрабаваў даць хабар мэру Дняпра, каб атрымаць кантракт на будаўніцтва метро. Хабар — 22 мільёны еўра. А гэта, між іншым, афіцыйна зарэгістраваны рэкордны памер хабару.
Гэта значыць, чалавек гатовы быў заплаціць рэкордныя грошы, каб атрымаць кантракт на будаўніцтва ў горадзе, які ўвесь час абстрэльваюць расійскія войскі. Заўваж, гэта не валанцёр, а зусім наадварот, карупцыянер. Чалавек, мабыць, не самых высокіх маральных вартасцей. І калі ўжо ён збіраўся аддаць 22 мільёны еўра, то, відавочна, у цвёрдай упэўненасці, што гэтыя выдаткі яму шматкроць акупяцца.
Ведаеш, што мне гэта нагадала? Як Ганібал прывёў войска да сцен Рыма, разлічваючы, што, убачыўшы яго, рымляне папросяць міру. Вось армія стаяла каля гарадскіх сцен, а рымляне ўсё ніяк не прасілі. Ганібал ужо сам пачаў намякаць пра мірнае ўрэгуляванне, каб пазбегнуць бессэнсоўных ахвяр, усе справы. Усё роўна без толку. А потым Ганібал даведаўся, што поле, на якім размясцілася яго армія, было прададзена ў Рыме па звычайнай цане. Гэта значыць, наогул без дысконту. Ганібал быў разумны чалавек. Ён зразумеў, што, пакуль рымляне так вераць у сваё войска, бессэнсоўна спадзявацца на капітуляцыю, і адвёў войска ад гарадскіх сцен.
Так што цалкам можа быць, што калі-небудзь гісторыю пра няўдалую спробу хабару будуць пераказваць нароўні з гісторыяй пра прададзенае разам з Ганібалам поле. Гэты былы дэпутат, заўваж, таксама не папрасіў сабе дысконту на той падставе, што ідзе вайна. Ён гатовы быў заплаціць хабар па максімальных тарыфах. Прагаласаваў 22 мільёнамі еўра за УСУ. Таму што метро павінны былі будаваць на грошы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Гэта значыць, калі раптам у Днепр прыходзіць «рускі мір», то не відаць былому дэпутату ні метро, ні грошай.
Хоць малодшы саюзнік, па-мойму, ужо наогул ні на што не спадзяецца. Там учора генералы, якія вандруюць па гарадах з псіхатэрапеўтычным турам, распавялі ўжо не толькі адкуль, але і куды рыхтуецца напад. Аказваецца, вораг, сіламі 100-300 баевікоў, збіраецца захапіць Маларыту. А ад Маларыты, «наносячы страты праваахоўнікам», ужо будзе рухацца ў напрамку Мінска. Сіламі ад ста да трохсот баевікоў. Ад Маларыты — да Мінска.
Гэта значыць, з аднаго боку, у беларускіх улад ёсць армія ў 70.000 чалавек, тэрытарыяльная абарона ў 120.000, міліцыя, АМАП, пажарныя, паляўнічыя з рыбаловамі і народнае апалчэнне. Увогуле нехта выхваляўся, што можа паставіць пад ружжо паўмільёна. А з іншага боку, ёсць 100-300 баевікоў. І беларускім уладам усё роўна настолькі неспакойна, што яны папрасілі ў саюзніка яшчэ 9.000 салдат для дадатковага падмацавання.