Непадцэнзурны Кастусь Каліноўскі
На мінулым тыдні ў Вільні перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Падавалася б, для Беларусі гэта павінна быць падзеяй нацыянальнага маштабу. Усё ж Каліноўскі заўсёды быў «нашым» героем: «Люблю Беларусь! — То ўзаемна!». Але афіцыйныя беларускія СМІ надалі гэтаму непрапарцыйна мала ўвагі. Дый яшчэ і падцэнзуравалі рэпартажы з падзеі, абрэзаўшы з кадраў бел-чырвона-белыя сцягі.
Даволі дзіўнае стаўленне да асобы Кастуся Каліноўскага. Нават у савецкія часы яго постаць не без скрыпу, але ўпісвалася ў афіцыйную ідэалогію і афіцыйную гісторыю — як барацьбіта з царызмам і ініцыятарам вызвольнага паўстання. Падавалася б, калі Беларусь — краіна, злепленая па савецкіх лякалах (што заўсёды падкрэсліваецца нашым правадыром: «Мы ўзялі ўсё лепшае ад СССР»), то і стаўленне да героя павінна быць адпаведным.
Але ж не. Нават тыя рэпартажы, якія асвятлялі гэту падзею, былі нейкія «вокамгненныя». Нібыта, перапахаванне такой постаці ў беларускай гісторыі — шараговая з’ява.
Чаму ў афіцыйных мас-медыя краіны не адбылося належнага рэзанансу? Можа быць, таму, што Каліноўскі змагаўся супраць Расійскай імперыі? А тая імперскасць цяпер у трэндзе ў нашай суседкі, якая намагаецца адрадзіць «былую веліч». У той жа час, мы ці імкнёмся ўвайсці ў гэтую імперыю праз незразумелыя інтэграцыі, ці не імкнёмся, кажучы, «на храна нам такі саюз». Можа быць, замоўчванне такой гістарычнай падзеі — нежаданне злаваць «вялікага брата»?
Але такі падыход у чарговы раз паказвае, што нашы дзяржаўныя СМІ, як гэта адзначалася ўжо неаднаразова, працуюць не на нашу дзяржаву. А на дзяржаву-суседку, якая не хавае планаў далучыць да сябе Сінявокую. А некаторыя ў суседзяў нават адкрыта кажуць не пра «далучэнне», а пра «паглынанне». Праўда, пакуль яны не ведаюць, навошта ім дадатковыя шэсць датацыйных рэгіёнаў, што яны будуць з імі рабіць і ці здолеюць «праглынуць»… Але для «імперскай велічы» прагматычныя пытанні не вельмі істотныя. Тут варта задаволіць пачуццё асабістай важнасці, а падумаць можна будзе пасля (калі ёсць чым думаць).
А можа, постаць Каліноўскага не даспадобы сённяшнім беларускім уладам? Усё ж такі Кастусь Каліноўскі — арганізатар, кажучы сучаснаю моваю, «майданаў», рэвалюцыянер, падпольшчык, што выступаў супраць дзейснай на той момант улады.
Да таго ж Каліноўскі — правадыр, як пісалі ў падручніках па гісторыі, «нацыянальна-вызвольнага паўстання» (ключавое слова тут — «нацыянальны»), звяртаўся да «мужыкоў», пісаў на беларускай лацінцы (страшна падумаць!) і выступаў супраць таго, каб беларусы выпраўлялі сваіх дзяцей на чужыя войны. Дый яшчэ гэта: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!» А ў нас на носе прэзідэнцкія выбары — і правакацыйных лозунгаў нам тут не трэба… Па сённяшніх мерках улады, Каліноўскі — не проста ідэйны апазіцыянер, а поўны «адмарозак».
Таму пра яго і трэба казаць як мага менш — як у час нядаўняй імітацыі парламенцкіх выбараў здымалі з эфіру перадвыбарчыя ролікі з-за «жорсткай крытыкі ўлады і яе палітыкі».
Але такі падыход — вельмі заганны для дзяржавы. І справа нават не ў тым, што, калі мы на афіцыйным узроўні цураемся сваіх герояў, іх прысабечвае нехта іншы — ці палякі, ці літоўцы.
Справа зусім у іншым. Чаму ў Беларусі так і не выпрацавалі такую рэч, як «дзяржаўная ідэалогія»? Чаму нашыя незалежнасць і суверэнітэт перманентна пад пагрозай? Чаму пад пагрозай апынаецца існаванне беларусаў як нацыі? І чаму, урэшце, усе гэтыя вайсковыя парады на 3 ліпеня, «лініі Сталіна», «патрыятычнае выхаванне», БРСМ і гэтак далей не даюць аніякага плёну?
Проста таму, што гісторыя, насамрэч — штука непадзельная. Яе нельга падзяліць на «ідэалагічна слушную» і «ідэалагічна варожую». Так, быў у нас і Кастусь Каліноўкі, і Марат Казей. Быў Вацлаў Ластоўскі і Панцеляймон Панамарэнка. Быў Мікалай Дземянцей і жывы, дзякуй Богу, Станіслаў Шушкевіч. І ў гісторыі яны звязаныя непарыўна.
Калі дзяржава ўпарта ігнаруе адны старонкі гісторыі, то пад пагрозай аказваюцца і іншыя. Можна колькі заўгодна не надаваць увагі спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, адмаўляць ці замоўчваць Кастуся Каліноўскага і казаць пра тое, што стваральнікі БНР былі «нямецкімі шпіёнамі». Але ў такім разе варта рыхтавацца да таго, што будуць абясцэненыя і подзвігі партызанаў, і «дзед Талаш», і аперацыя «Баграціён». Замоўчванне гісторыі ў адным непазбежна прыводзіць да недаверу ў іншым — тым, чым дзяржава хацела б ганарыцца.
Немажліва сабраць аўтамабіль, выкінуўшы палову дэталяў рухавіка. Немажліва казаць пра станаўленне беларускай нацыі, адкідаючы Каліноўскага і Касцюшку. Немажліва казаць пра «беларусізацыю 1920-х» і «ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі», абмінаючы калектывізацыю і Курапаты. Нельга казаць пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці без згадак пра пакт Молатава і Рыбентропа. Адкідаючы «непрыемнае» ў гісторыі, мы заблытаемся ў гісторыі «прыемнай».
А ў выніку — не будзем мець ніякай гісторыі. Не кажучы ўжо пра «дзяржаўную ідэалогію».