Неразменны рубель
Калі 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, гэта не было праявай нейкай асаблівай незалежніцкай пазіцыі.
Мусіць, наменклатурная большасць дэпутатаў нават не зусім разумела, што робіцца ў белым свеце і што яны самі, уласна кажучы, робяць. Як гэта так, партыя ў СССР адна, армія адзіная, а саюзны ўрад мае
столькі паўнамоцтваў і пераваг перад рэспубліканскімі, што яго належыць лічыць і самым магутным і адзіным. Карацей, які суверэнітэт, калі ўсе грошы ў Маскве.
Калі 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, гэта не было праявай нейкай асаблівай незалежніцкай пазіцыі.
Мусіць, наменклатурная большасць дэпутатаў нават не зусім разумела, што робіцца ў белым свеце і што яны самі, уласна кажучы, робяць. Як гэта так, партыя ў СССР адна, армія адзіная, а саюзны ўрад мае
столькі паўнамоцтваў і пераваг перад рэспубліканскімі, што яго належыць лічыць і самым магутным і адзіным. Карацей, які суверэнітэт, калі ўсе грошы ў Маскве.
Цікава, што ў адным з інтэрв’ю праз многа гадоў пасля змушанага зыходу ў адстаўку Вячаслаў Кебіч, са спасылкай на тыя ж абставіны, тлумачыў, што не зусім разумеў сэнс дакументаў, якія
падпісваў ад імя беларускага ўрада. Што зробіш, не стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці постаці буйных палітычных дзеячаў. Хоць фармальна Кебіча можна лічыць адным з айцоў-заснавальнікаў
сучаснай Беларускай дзяржавы.
Я свядома выключаю з гэтага шэрагу грамадскіх дзеячаў, якія незалежнасць рыхтавалі, але ў афіцыйнай палітыцы ўдзельнічаць не маглі. Тым не менш, імёны Вячаслава Кебіча і Станіслава Шушкевіча, лічу,
занялі свае выключныя месцы ў гісторыі. Мяркую, што з цягам часу стане відавочным для ўсіх — месцы пачэсныя. А вось многія з сучасных дзеячаў, якія так няўклюдна
«прыгандлёўваюць» беларускай дзяржаўнасцю, удзячных слоў ад нашчадкаў не пачуюць.
Лёс такі і час такі. Дэкларацыю трэба было прымаць, бо гэта ўжо зрабілі іншыя «братнія рэспублікі», і мінская наменклатура відавочна баялася ў канкурэнцыі з імі пагоршыць
свае пазіцыі перад Саюзным урадам. А пераразмеркаванне рэсурсаў абяцала быць вялікім. Бо перш-наперш Эстонія, Латвія і Літва, а за імі Грузія ўжо рашуча адмовіліся трываць крамлёўскае апякунства.
Прынамсі, калі ў снежні 1990 года ў Вільню завітаў Міхаіл Гарбачоў з жонкай ды папрасіў «проявить терпение и не рубить с плеча», то пачуў у адказ: «Дайце нам нарэшце
магчымасць спакойна памерці ад голаду».
Жартавалі насамрэч, бо ведалі: горай не будзе.
А сярод беларусаў, ды нават украінцаў, такога разумення сітуацыі не было. Тым больш, што 17 сакавіка 1991 года адбыўся ініцыяваны Гарбачовым «усесаюзны» рэферэндум аб захаванні
СССР. На яго хітра складзенае пытанне быў атрыманы станоўчы адказ большасці грамадзян. Але палітыка ў СССР ніколі не будавалася на выснове грамадскай думкі. Часцей было наадварот — улада ўсё
рабіла насуперак пажаданням грамадства. І тое, што Крэмль звярнуўся да псеўдадэмакратычных метадаў захавання сітуацыі, яскрава сведчыла пра яго слабасць. Калі цэнтральная ўлада пытаецца ў мясцовых
наконт жадання і надалей падпарадкоўвацца ёй, то гэта сведчыць, што насамрэч кіраваць імі яна ўжо больш не здатная. Сам факт правядзення рэферэндуму адразу зрабіў сумнеўным прынцып непарушнасці
саюза.
Пасля правалу жнівеньскага путчу 1991 года амаль уся наменклатура на месцах зразумела, што Масквы больш можна не баяцца, гэтак жа, як нельга разлічваць і на яе дапамогу.
Нават не вельмі кемлівыя таварышы кіраўнікі з Мінска або Ташкента, назіраючы за тым, што вырабляе ў Маскве Ельцын, зразумелі — зваротнага шляху няма. Якія б хто сувязі не меў, колькі за іх
не заплаціў — усё гэта ў адзін момант абрынулася. Як, кажуць, лёс гуляе чалавекам. Вядома, кожны па-рознаму ставіцца да яго паваротаў. Да таго ж і абставіны ў кожнага розныя.
Прыкладам, аграрным эканомікам Грузіі ды Малдовы дзяржманаполія знешняга гандлю надзейна гарантавала статус манапалістаў на агромністым усесаюзным рынку садавіннай ды гародніннай прадукцыі. Тона
прададзеных у Маскве мандарынаў давала грузінскаму селяніну магчымасць прыдбаць «жыгулі». Калі ж СССР знік, межы адкрыліся і мыты зменшыліся, то імгненна развалілася і эканоміка
Грузіі, не здольная канкурыраваць з краінамі з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі. Але ж грузіны не шукалі паратунку ў «аднаўленні былых народна-гаспадарчых сувязей».
Можна па-рознаму ставіцца да незалежніцкага досведу краін Балтыі. Мусіць, менавіта іх унёсак у «развал СССР» самы вялікі. Але, з іншага боку, не трэба было ў свой час заганяць іх у
«брацкую сям’ю» з дапамогай пакта Молатава—Рыбентропа. Ганебная дамова праз паўстагоддзя адпомсціла за тых, каго некалі выракла на смерць. Факт застаецца фактам
— ужо больш дваццаці гадоў краіны Балтыі з крамлёўскай далоні нічога «за так» не атрымліваюць. Выстаялі і ўмацаваліся. Нават з улікам глыбокага крызісу ў Латвіі,
абумоўленага паскоранай канцэнтрацыяй капіталу ў банкаўскай сферы гэтай краіны, усе пачуваюцца досыць упэўнена.
Як і большасць рэспублік, «кропку незвароту» БССР прайшла пасля краху ГКЧП, калі 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. На яго аснове былі
зроблены адпаведныя змены у Канстытуцыю, і БССР ператварылася ў Рэспубліку Беларусь. Нараджэнне новай незалежнай дзяржавы адбылося ў вельмі спрыяльных знешнепалітычных умовах, якія гарантавалі ёй
абсалютнае і безумоўнае прызнанне міжнароднай супольнасцю, літаральна кожнай краінай.
Такім чынам, 27 ліпеня і 25 жніўня (не зважаючы на рэферэндумныя маніпуляцыі з пераносам Дня незалежнасці на 3 ліпеня) — гэта вельмі важныя для лёсу сучаснай Беларусі даты, якія патрабуюць
да сябе большай дзяржаўнай і грамадскай увагі.
Беларусь па ўсіх параметрах (памер тэрыторыі, насельніцтва, кліматычныя ўмовы ды іншае) з’яўляецца сярэдняй еўрапейскай краінай. Мусіць, адзінай, якая ў сваёй палітыцы не выкарыстоўвае
ўласнае геаграфічнае становішча.
Возьмем тую ж эканоміку. Пра што сведчаць дадзеныя плацежнага балансу? У гандлі з галоўным партнёрам, з Расіяй, у нас самае вялікае адмоўнае сальда. Яно меншае, чым год таму. Але застаецца самым
значным з першых гадоў незалежнасці. І кожны раз сітуацыю даводзіцца выпраўляць коштам палітычных саступак. Ці браць у пазыку ў таго, хто дасць. А аддаваць з кожным годам усё больш складана. У адных
пазычаем, іншым аддаём.
Буйнейшым асацыяваным партнёрам Беларусі стаў Мытны саюз. Але ў гандлі з ім у Беларусі таксама велізарнае адмоўнае сальда. Зразумела, што ўсё там вызначае Расія, паколькі прыбыткі на
«казахстанскім напрамку» не могуць быць значнымі па вызначэнні.
Панаванне Расіі ў агульнай постсавецкай эканамічнай прасторы пазбаўляе Беларусь усялякіх надзей на паспяховае супрацоўніцтва з СНД. З ім у нас, зноў жа, велізарнае адмоўнае сальда.
Так яно і было з пешага дня. Але вось што важна. Маючы мінусы ў гандлі на постсавецкім рынку, Беларусь мела плюсы ў гандлі з астатнім светам. Зараз жа і тут дадатнае сальда змянілася адмоўным.
Нягледзячы на тое, што сёлета аднавіўся экспарт калійных угнаенняў, цалкам замарожаны ў мінулым годзе.
А больш гандляваць няма чым. Акрамя незалежнасці. Бо яна для краіны насамрэч з’яўляецца тым неразменным рублём, які, колькі ты яго не выдавай, ён усё ж застаецца цэлым у кішэні. Такі гандаль
ёсць звычайнай палітыкай, якую праводзяць усе ўрады свету. Калі з розумам — то з вялікім плёнам.