Прапанова краін Афрыкі аб спыненні вайны ва Украіне дае вялікую надзею Беларусі

Гэта сігнал, што дыпламатычнае рашэнне канфлікту з вялікай імавернасцю будзе ўключаць беларускае пытанне, піша на «Нашай Ніве» Васіль Гарбацюк.

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

«Агенцтва Reuters атрымала доступ да непублічнага спіса папярэдніх умоў, які дэлегацыя афрыканскіх краін збіраецца прапанаваць прэзідэнтам Украіны і Расіі «для ўмацавання даверу паміж імі», — адзначае Васіль Гарбацюк. — У якасці першага кроку там прадугледжваецца вывад расійскай тактычнай ядзернай зброі з Беларусі. Сёння з візіту ў Кіеў пачалася міратворчая місія афрыканскіх прэзідэнтаў.

Пакінем за дужкамі пытанне, ці тая зброя ў Беларусі рэальна стаіць ці будзе стаяць — лягчэй за ўсё ўвезці макеты і іх жа вывезці ў якасці жэсту добрай волі. Гаворка пра іншае.

Нават калі б Беларусі ўсяго толькі ўдалося пазбыцца ядзернай зброі, гэта ўжо вялізная палёгка, бо выводзіць нашу краіну з зоны патэнцыйнага ўдару ў адказ. Калі ж Беларусі ўдасца вызваліцца і з-пад расійскага кантролю — гэта ўвогуле быў бы гістарычны пералом. Ці здарыцца гэта па выніках вайны, якая ператвараецца ў катастрофу для Крамля?

Пасля таго, як з Беларусі на Украіну напалі, Кіеў не будзе адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль такі сцэнар можа паўтарыцца. Пераход Беларусі з-пад расійскага кантролю ў нейтральны статус — надзённая патрэба Кіева, Варшавы з Вільняй таксама. Прапановы кіраўнікоў Афрыкі паказваюць, што гэта разумеюць не толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсім свеце.

Калі б вайна скончылася новай жалезнай заслонай, а Беларусь засталася па той бок яе, было б кепска нам яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў наперад.

А вось тое, што Беларусь апынаецца на стале перамоў аб сканчэнні вайны ва Украіне, — добры знак. Гэта сігнал, што перамога Украіны і дыпламатычнае рашэнне канфлікту па яе выніках з вялікай імавернасцю будзе ўключаць беларускае пытанне. Штосьці беларусы ад таго выйграюць — не вялікае, то хоць зернетка малое».

Нагадаем, днямі Кіеў наведалі лідары шэрагу краін Афрыкі. У склад дэлегацыі ўвайшлі прэзідэнты Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамафоса, Каморскага Саюза Азалі Асумані, Сенегала Макі Саль, Замбіі Хакаіндэ Хічылема. Сярод іншага, яны наведалі Бучу, дзе паставілі свечкі на брацкай магіле ахвяр расійскай агрэсіі.

Адметна, што якраз падчас іх візіту ва ўкраінскую сталіцу расійцы здарылі абстрэл горада. Афрыканскім палітыкам давялося хавацца ў бамбасховішчы.

Мір ва Украіне важны для Афрыкі ў кантэксце вырашэння пытанняў з харчаваннем. Шмат краін кантыненту купляюць збожжа менавіта ва Украіне, але экспарт праз ваенныя дзеянні зараз працуе складана.

Паведамлялася, што пасля Кіева дэлегацыя афрыканскіх лідараў адправіцца ў Маскву, дзе чакаюцца іх перамовы з Пуціным.