Проста памятаць…
«Крывавая ноч беларускай гісторыі», «чорная ноч беларускай літаратуры», «крыштальная ноч беларускай інтэлігенцыі»… Гэта ўсё пра адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Пра яе чамусьці амаль не згадваюць у сучасных падручніках гісторыі.
Як вядома, у гэтую ноч у сутарэннях КДБ былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Гэта літаратары Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны ды іншыя (агулам 22 чалавекі!), наркамы асветы і юстыцыі БССР Аляксандр Чарнушэвіч і Максім Ляўкоў, рэктар БДУ Ананій Дзьякаў, загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Якаў Сандамірскі, начальнік Вышэйшай школы Наркамата асветы БССР Вадзім Башкевіч, студэнт БДУ Саламон Лямперт і дзясяткі іншых.
На наступны дзень смяротныя прысуды былі выкананыя ў дачыненні яшчэ да 30 чалавек, сярод якіх былі наркам унутранага гандлю Нохім Гурэвіч, палкавы камісар 16-га стралковага корпуса Іван Паплыка, прафесар Віцебскага ветэрынарнага інстытута Іван Троіцкі, пробашч Касцёла кармелітаў у Чавусах Павел Казюнас, праваслаўны святар Аляксандр Раеўскі…
У Архіве прэзідэнта Расіі захоўваецца «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда СССР». У беларускім раздзеле, падпісаным 15 верасня 1937 года асабіста Сталіным і Молатавым, прозвішчы 103 «ворагаў народа», асуджаных да смерці, і яшчэ шасці — да канцлагераў на 10 і болей гадоў. Тое, што спіс рэпрэсаваных значна большы, тлумачыцца проста: да «сталінскага» спісу мясцовыя камуністы дадалі «сваіх» ворагаў.
Пры ўсім гэтым, па словах даследчыка гісторыі рэпрэсій Леаніда Маракова, 90 працэнтаў следчых, якія катавалі людзей, выбівалі з іх паказанні не толькі на сябе, але і прымушалі паклёпнічаць на іншых, былі не мясцовымі. Іх, як і суддзяў — «двойкі» ды «тройкі», — дасылалі ў Мінск з Расіі вахтавым метадам. Яны прыязджалі сюды на некалькі дзён, зачытвалі пару сотняў смяротных прысудаў і зноў з’язджалі.
Гэтая з’ява дагэтуль не атрымала належнага асэнсавання нават у тых, хто прафесійна займаецца расследаваннем сталінскіх рэпрэсій.
Толькі за тры восеньскія месяцы ў 1937-м карныя органы СССР рэпрэсавалі больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў краіны, а ў перыяд са жніўня 1937 па снежань 1938, які гісторыкі называюць «крывавым тунелем смерці», забілі звыш 10 тысяч чалавек.
Дзіўна, што пасля ўсяго гэтага ў нас увогуле засталася літаратура і культура.
Між тым, тэма сталінскіх рэпрэсій па-ранейшаму замоўчваецца. Наўрад ці мы пабачым тэлеперадачы, прысвечаныя гэтай тэме. У падручніках гісторыі тэме рэпрэсій прысвечаныя лічаныя радкі — зусім несупастаўляльныя з маштабамі забойстваў. Той жа Леанід Маракоў, выдаўшы шматтомную энцыклапедыю з біяграфіямі 25 тысяч рэпрэсаваных, прыйшоў да высновы, што ў тыя часы былі расстраляныя ці высланыя ў канцлагеры 90 працэнтаў беларускіх літаратараў, 100 працэнтаў святароў, кожны трэці настаўнік, амаль усе дырэктары заводаў, інжынеры, эканамісты, разам — каля 5000 службоўцаў.
Бадай, гэта быў самы жахлівы час у беларускай гісторыі. Але менавіта пра гэта ўлада ўпарта спрабуе забыцца. 29 кастрычніка сімвалічным Днём памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій абвясціла грамадскасць. На дзяржаўным узроўні пра такі дзень — маўчанне. У той жа час, як ва ўсіх постсавецкіх краінах (акрамя Беларусі, зразумела), вызначаны Дні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Нават у Расіі, дзе зараз ідзе «пераасэнсаванне» ГУЛАГу і яго ідэйная рэстаўрацыя, Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій адзначаецца з 1992 года, і акурат 30 кастрычніка.
Дарэчы, у канцэпцыі ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якую прыняў расійскі ўрад, гаворыцца пра недапушчальнасць «спробаў апраўдаць рэпрэсіі асаблівасцямі часу або наогул адмаўляць іх як факт нашай гісторыі».
У Беларусі няма ані спробаў іх апраўдаць, ані спробаў іх адмовіць. Проста ў нас пра гэта апошнімі часамі не кажацца нічога. Па словах другога гісторыка, Ігара Кузняцова, пры ўсёй глыбіні тэмы за 20 гадоў у краіне не абаранілі ніводнай дысертацыі, якая б аналізавала перыяд сталінскіх рэпрэсій.
Чаму ж гэтай гісторыі выракаемся мы, тыя, хто ці не найбольш пацярпеў ад гэтых рэпрэсій? Мы ж кажам пра тое, што незалежнасць краіны адбылася. Ужо і чыноўнікі па тым жа тэлебачанні разважаюць пра магчымую «рэабілітацыю» бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага. Асцярожна пакуль, з аглядкай, але ж, як кажуць, ідэя ёсць. А ў дачыненні да сталінскіх рэпрэсій яшчэ працуе інерцыя мыслення — тэма лічыцца забароненай.
Колькі часу трэба, каб пра яе пачалі казаць уголас? Кажуць, народ, які не памятае сваёй гісторыі, вырачаны перажыць яе наноў. Толькі б не спазніцца з гэтай памяццю — каб гэтыя «забытыя» старонкі зноў не перажываць…