Прыступкі будынку КДБ ператварыліся ў сцяну жалобы (фота)
Па прапанове
лідара Маладога фронту Змітра Дашкевіча да галоўнага будынку КДБ прыйшлі
людзі, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў, закатаваных сталінскімі
апрычнікамі.
![kdb2_1_logo.jpg kdb2_1_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kdb2_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Удзельнікі
жалобнай акцыі моўчкі трымалі партрэты рэпрэсаваных, запальвалі знічы і ставілі
іх на прыступкі параднага уваходу велічнага будынку, што сімвалізуе прыналежнасць
нашай краіны да самай бесчалавечнай імперыі мінулага стагоддзя. Дзе-нідзе
узняліся бел-чырвона-белыя сцягі.
Менавіта тут, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, 79 гадоў таму, у адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, былі расстраляныя больш за 100 лепшых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлектуальнай эліты — літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.
![kdb4_logo.jpg kdb4_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kdb4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У акцыі памяці ўдзельнічала каля 12 чалавек. Сярод прысутных былі заўважаныя Мікола Статкевіч, Марына Адамовіч, Зміцер Дашкевіч, Павал Пракаповіч, Максім Вінярскі, Наталля Гарачка-Басалыга, Вольга Мікалайчык, Ніна Багінская, Леанід Кулакоў. На большасць з іх былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы. Была таксама правакацыя і спроба затрымання Паўла Пракаповіча.
![kdb20_logo.jpg kdb20_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kdb20_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, 29 кастрычніка грамадскасць адзначае ў Беларусі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Агулам, паводле падлікаў гісторыкаў, ад сталінскіх рэпрэсій у Беларусі пацярпела ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек.