У дачыненні да ўдзельнікаў акцыі ля КДБ міліцыя складае пратаколы

Праз пяць хвілін пасля пачатку акцыі ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая праходзіць ля будынка КДБ у Мінску, супрацоўнікі міліцыі пачалі складаць пратаколы ў дачыненні да яе ўдзельнікаў.

Здымак belsat.eu

Здымак belsat.eu


У гэты час блізу КДБ сабралася прыкладна 15 чалавек, у ліку якіх былы палітвязень Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч. Статкевіч адмовіўся размаўляць з супрацоўнікамі міліцыі, якія падышлі да яго для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, запатрабаваўшы, каб яны размаўлялі з ім па-беларуску. «Мы прыйшлі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных, а міліцыя нас адганяе, яна — паслядоўнік тых карнікаў, якія знішчалі ў 1937 годзе гонар нацыі», — заявіў апазіцыйны палітык.
Акцыя арганізаваная зарэгістраваным у Чэхіі аб'яднаннем «Малады фронт» з нагоды дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які беларуская дэмакратычная грамадскасць штогод адзначае 29 кастрычніка.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе сёння размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, урачоў, грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў, работнікаў сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю.
Паводле БелаПАН