Пуцін фактычна ўзаконіў выкраданне дзяцей з Украіны?

Пра гэта заявілі ў Міністэрства замежных спраў Украіны і заклікалі міжнародную супольнасць узмацніць санкцыі супраць Расіі.

Фота www.severreal.org

Фота www.severreal.org

Міністэрства замежных спраў Украіны адзначае, што прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін сваім указам пра спрошчаны прыём у расійскае грамадзянства ўкраінскіх дзяцей-сірот фактычна ўзаконіў выкраданне дзяцей з тэрыторыі Украіны, паведамляе УНІАН.

Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Украіны. "Разглядаем указ прэзідэнта Расійскай Федэрацыі аб спрашчэнні прыёму ў расійскае грамадзянства ўкраінскіх дзяцей-сірот ці тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі, як спробу Крамля легалізаваць незаконнае перамяшчэнне на тэрыторыю РФ ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных расійскай арміяй тэрыторый Украіны. Сваім указам Пуцін фактычна ўзаконіў выкраданне дзяцей з тэрыторыі Украіны", — адзначаецца ў заяве.

У прыватнасці, дзеянні РФ груба парушаюць Жэнеўскую канвенцыю аб абароне цывільнага насельніцтва падчас вайны ад 1949 года, якая прадугледжвае абавязацельства дзяржавы-акупанта не мяняць статус дзяцей, а таксама Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці ад 1989 года.

У МЗС Украіны падкрэслілі, што згодна з міжнародным правам, дзеянні Расіі могуць таксама кваліфікавацца як гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую. "З пачатку шырокамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны расійскія захопнікі прымусова перамясцілі на тэрыторыю РФ сотні тысяч грамадзян Украіны, у тым ліку і ўкраінскіх дзяцей. Заклікаем міжнародную супольнасць прыняць рашучыя меры супраць Масквы, у прыватнасці ўзмацніць санкцыйны ціск, каб прымусіць яе спыніць агрэсію супраць Украіны і грубыя парушэнні міжнароднага права", — адзначаецца ў заяве.