Расія выкарыстоўвае супрацькарабельныя ракеты праз недахоп больш дакладнай зброі
Брытанская выведка паведамляе, што Расія працягвае выкарыстоўваць супрацькарабельныя ракеты паветранага базавання ў якасці дапаможных пры наземных нападах. Верагодна, гэта звязана са скарачэннем запасаў больш дакладнай сучаснай зброі. Пра гэта гаворыцца ў ранішнім паведамленні Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.
![Ракетны ўдар па Адэскай вобласці, 01.07.2022 Ракетны ўдар па Адэскай вобласці, 01.07.2022](/img/v1/images/2747052_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ракетны ўдар па Адэскай вобласці, 01.07.2022
Аналіз запісаў з камер відэаназірання паказвае, што ракета, якая ўдарыла ў Крэменчуцкі гандлёвы цэнтр 27 чэрвеня, з вялікай імавернасцю была ракетай Х-32 [расійская крылатая ракета паветранага базавання]. Гэта мадэрнізаваная версія савецкай Х-22 [савецкая і расійская крылатая супрацькарабельная ракета паветранага базавання, кодавае пазначэнне NATO — AS-4 «Kitchen»].
«Хаця некалькі характарыстык Х-32 былі палепшаныя ў параўнанні з Х-22, Х-32 па-ранейшаму не аптымізаваная для дакладнага паражэння наземных цэляў, асабліва ў гарадскіх умовах. Гэта значна павялічвае верагоднасць дадатковых страт, калі мэтай з'яўляюцца шчыльна забудаваныя раёны», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Вялікабрытаніі.
Далейшыя ўдары 30 чэрвеня ў Адэскай вобласці, верагодна, былі нанесеныя ракетамі Х-22.
«Гэтая зброя яшчэ менш дакладная і непрыдатная для кропкавых удараў і амаль напэўна неаднаразова прыводзіла да ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ў апошнія тыдні», — гаворыцца ў паведамленні брытанскай выведкі.
Расійскія самалёты ў ноч на пятніцу выпусцілі тры ракеты па курортным пасёлку ў ваколіцах Адэсы — пра гэта паведамляў украінскі бок. Адна з ракет часткова разбурыла жылы дзевяціпавярховы дом, дзве іншыя трапілі ў базы адпачынку. 21 чалавек загінуў, уключаючы 12-гадовага хлопчыка, яшчэ каля 40 чалавек пацярпелі. Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійская армія не цаляе па грамадзянскіх аб'ектах.
Таксама ў паведамленні брытанскай выведкі гаворыцца, што расійскія вайскоўцы працягваюць дамагацца нязначных поспехаў вакол Лісічанска, наносячы авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары. Украінскія войскі, верагодна, працягваюць блакаваць расійцаў на паўднёва-ўсходняй ускраіне Лісічанска.