У ЦРУ «не бачаць доказаў» падрыхтоўкі Расіі да ядзернай атакі

Аднак легкадумна ставіцца да магчымасці прымянення ядзернай зброі не варта, лічыць дырэктар ЦРУ.

cru.jpg

Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленне ЗША не бачыць прыкмет таго, што Расія рыхтуецца разгарнуць тактычную ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны, паведамляе www.unian.net.

Пра гэта на канферэнцыі, арганізаванай Financial Times, заявіў дырэктар ЦРУ Біл Бернс.

"Як выведвальная супольнасць мы не бачым на гэты момант практычных доказаў таго, што Расія плануе разгортванне або нават патэнцыйнае прымяненне тактычнай ядзернай зброі", — сказаў Бернс.

"Улічваючы бразганне зброяй, якое мы чулі ад расійскага кіраўніцтва, мы не можам легкадумна ставіцца да гэтых магчымасцей. Таму мы як выведвальная служба вельмі сканцэнтраваныя... на гэтых магчымасцях у той момант, калі стаўкі для Расіі вельмі высокія", — кажа ён.

Бернс запэўніў, што адсачыць падрыхтоўку ядзернага ўдару цалкам магчыма — у прыватнасці, праз спадарожнікавыя здымкі.

Раней кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў ускосна намякнуў, што ў будучыні яго дзяржава можа ўжыць ядзерную зброю супраць Украіны. Пазней ён зноў не выключыў такую магчымасць, аднак у МЗС РФ заявілі, што ядзерную зброю выкарыстоўваць не будуць.