У Кіеве прызналі датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах

Расійскі самалёт А-50 на беларускім вайсковым аэрадроме Мачулішчы, які быў пашкоджаны ў лютым 2023 года, падвергся нападу двух дронаў падчас дыверсійнай аперацыі Службы бяспекі Украіны. Пра гэта паведаміў кіраўнік СБУ Васіль Малюк у эксклюзіўным інтэрв'ю ICTV.

Скрыншот відэа BYPOL

Скрыншот відэа BYPOL

«У працы СБУ шмат напрамкаў, у тым ліку і дыверсійны. Тут мы можам многае расказаць. У якасці прыкладу — у Беларусі адпрацавалі аэрадром у Мачулішчах, расійскі самалёт А-50, які ажыццяўляў глыбокую радыёлакацыйную разведку. Ён быў адпаведна дыверсійна адпрацаваны», — распавёў Васіль Малюк.

Паводле яго слоў, радыёлакацыйная сістэма самалёта была назаўжды выведзена са строю.

Малюк назваў гэта «хірургічным спрацоўваннем па антэны».

«Аператыўны склад на сваім слэнгу называе яе «патэльняй», таму што яна мае форму талеркі. Два нашы ўдарныя беспілотнікі нанеслі паспяховую агнявую паразу. Было таксама шмат іншых дыверсій», — дадаў Малюк.

Нагадаем, 26 лютага 2023 года двума дронамі атакавалі расійскі самалёт ДРЛВ А-50 на беларускім вайсковым аэрадроме Мачулішчы, які размешчаны за 12 км ад Мінска.

У выніку выбухаў былі пашкоджаныя пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, а таксама авіёніка і антэна РЛС.

Глядзіце таксама

Аб сваёй датычнасці да дыверсіі таксама паведамляў BYPOL. Прадстаўнік ініцыятывы Аляксандр Азараў таксама казаў, што ў спецаперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі СБУ.

Беларускі рэжым некалькі дзён адмаўлялі факт інцыдэнту, але ўсё ж прызналі яго.

Лукашэнка заявіў, што самалёт атрымаў «нязначныя пашкоджанні». Таксама ён сказаў, што загадаў правесці агульнанацыянальную «зачыстку» для затрымання дыверсантаў, «датычных да тэрактаў унутры краіны». Тэлеканал АНТ са спасылкай на намесніка кіраўніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанціна Бычака паведаміў, што ў справе пра інцыдэнт з самалётам на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах — каля 30 фігурантаў, ім можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Паведамлялася пра затрыманне IT-спецыяліста Дзмітрыя Маставога, якога потым асудзілі на 10 гадоў зняволення.

Пашкоджаны самалёт у выніку прыбралі з тэрыторыі Беларусі. СМІ паведамлялі, што яго транспартавалі ў Таганрог нібыта для рамонту.