Аляксандр Азараў: Падрыў расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах — сумесная аперацыя ByPol і СБУ

Аляксандр Азараў заявіў у інтэрв’ю Таццяне Мартынавай, што падрыў расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах быў сумеснай апэрацыяй ByPol і СБУ.

Аляксандр Азараў. Фота: Павел Хадзінскі

Аляксандр Азараў. Фота: Павел Хадзінскі

Аляксандр Азараў заявіў, што ў лютым ByPol удзельнічаў у аперацыі па пашкоджанні расійскага самалёта А-50, піша «Свабода».

«Цяпер я ўжо магу сказаць, што гэта была аперацыя не толькі ByPol. Мы садзейнічалі СБУ. Гэта была сумесная аперацыя. У той момант нам казаць нельга было», — пракаментаваў Азараў.

Кіраўнік ByPol зазначыў, што першапачаткова аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў вырашыла не браць на сябе адказнасць за дыверсію і не казаць пра яе.

«Паколькі, вядома, правядзенне акцый у Беларусі ўспрымаецца адмоўна сярод нашых партнёраў за мяжой. Але пасля, падчас перамоў з нашымі ўкраінскімі партнёрамі, было прынята рашэнне ўсё ж такі ўзяць адказнасць за акцыю на сябе, не згадваючы ўкраінскі бок. І таму атрымаўся такі дысананс. Пасля гэтага ў нас пачаліся вялізныя праблемы. Фінансаванне поўнасцю было спынена. Нашы міжнародныя партнёры, донары казалі за вуглом: "Аляксандр, ты малайчына", а калі выходзілі да грамадскасці, казалі: "Мы з вамі адносін ніякіх мець не можам, фінансавання больш у вас не будзе". Без фінансавання і пачаліся праблемы ў калектыве — людзі патрабавалі зарплаты», — сказаў Азараў.


Глядзіце таксама

Мартынава таксама спытала, ці сапраўды польскія спецслужбы выклікалі Азарава да сябе ў сувязі з інцыдэнтам у Мачулішчах і папярэдзілі, што «яшчэ адна такая акцыя і паедзеш дадому».

«Я не буду ўдакладняць, але я скажу, што правядзенне акцый з тэрыторыі Польшчы на тэрыторыі Беларусі — гэта фактычна падрыхтоўка вайны замежнай дзяржавай, у дадзеным выпадку Польшчай — у Беларусі. Любыя акцыі, якія плануюцца з Польшчы, Літвы, Латвіі на тэрыторыі Беларусі, забаронены мясцовымі спецслужбамі і правядзенне іх, мякка кажучы, не вітаецца», — патлумачыў Азараў.

На пытанне, чаму ён зараз заявіў аб супрацоўніцтве з СБУ, кіраўнік арганізацыі адказаў, што ўжо прайшоў час і ён атрымаў дазвол украінскага боку.

Глядзіце таксама

Нагадаем, у канцы зімы на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах прагрымеў выбух, пашкодзілі расійскі вайсковы самалёт для выведкі А-50У.

Брытанская выведка адзначала, што расійскі самалёт «забяспечваў інфармацыю аб сітуацыі для знішчальніка МіГ-31K FOXHOUND D, мадыфікаванага для запуску балістычнай ракеты паветранага старту AS-24 KILLJOY («Кінжал». — Рэд.), якую Расія разглядае як ключавы стратэгічны патэнцыял».

26 лютага 2023 года ByPol і лідары апазіцыі ў выгнанні паведамілі, што расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі беспілотнікаў на авіябазу ў Мачулішчах. «У выніку двух выбухаў пашкоджанні атрымалі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджаны авіёніка і радыёлакацыйная антэна. Пашкоджанні сур'ёзныя, самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць», — гаварылася ў паведамленні ініцыятывы былых сілавікоў.

Глядзіце таксама

Адразу пасля інцыдэнту ў Мачулішчах па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў, арыштавалі некалькі дзясяткаў чалавек. За інцыдэнт у Мачулішчах беларускія сілавікі завялі крымінальную справу паводле 3 часткі 289 артыкула Крымінальнага кодэкса «Акт тэрарызму, здзейснены групай асоб».