Украіна абвінаваціла ўсіх чальцоў Савета Федэрацыі РФ у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць краіны
СБУ працягвае расследаванні супраць расійскага кіраўніцтва і дэпутаатаў. Цяпер завочна абвінавацілі ўсіх чальцоў расійскага Савета Федэрацыі ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і спрыянні агрэсіўнай вайне.

Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла пра падазрэнне ўсім чальцам Савета Федэрацыі, якія падтрымалі «далучэнне» да РФ часова акупаваных рэгіёнаў Украіны. Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
СБУ падазрае сенатараў па артыкулах аб замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і дапамаганні ў вядзенні агрэсіўнай вайны. Прэс-служба таксама ўдакладняе, што СБУ і офіс генеральнага пракурора сабралі «маштабную доказную базу» на 170 сенатараў, якія садзейнічалі акупацыі рэгіёнаў Украіны.
У прыватнасці, сенатарам ставіцца ў віну тое, што ў лютым 2022 года яны падтрымалі ратыфікацыю «Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе» паміж Расіяй і самаабвешчанымі ЛНР і ДНР. Таксама прэс-служба нагадвае, што чыноўнікі падтрымалі зварот Пуціна аб выкарыстанні войска за межамі РФ.

Акрамя таго, у кастрычніку мінулага года сенатары аднагалосна падтрымалі анексію акупаваных Расіяй раёнаў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей.
У сваю чаргу, кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі РФ па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Андрэй Клішас пракаментаваў рашэнне СБУ і заявіў, што прад'яўленыя абвінавачанні не ствараюць ніякіх прававых наступстваў: «Як і ордэр Міжнароднага крымінальнага суда, ніякіх прававых наступстваў падобныя палітычныя абвінавачванні не ствараюць», — сказаў Клішас.
Нагадаем, як пісаў «НЧ» раней, 11 красавіка, Служба бяспекі Украіны завяршыла спецыяльнае дасудовае расследаванне ў дачыненні да 10 суддзяў Канстытуцыйнага суда Расіі.
А ў канцы сакавіка 2023-га ўкраінскі суд вынес прысуд для 20 дэпутатаў Дзярждумы РФ. Усе яны атрымалі па 15 гадоў турмы. Пачатак тэрміну адбыцця пакарання для асуджаных дэпутатаў — з дня іх фактычнага затрымання.