Украінку, якая ў Расіі шукала выкрадзеных дзяцей, дэпартавалі ў Беларусь

Вольгу Гурулі затрымалі расійскія спецслужбы. Жанчына прыехала ў РФ у пошуках дэпартаванага хрэсніка і яго брата, але ў выніку двое сутак правяла на допытах і сама была дэпартаваная... у Беларусь.

Аўтобус з украінскімі дзецьмі, якіх гвалтоўна вывезлі з Ізюма ў Белгарад

Аўтобус з украінскімі дзецьмі, якіх гвалтоўна вывезлі з Ізюма ў Белгарад


Украінка, якая прыехала ў Расію, спадзеючыся арганізаваць рэпатрыяцыю свайго хрэсніка і яго брата з акупаванай Херсонскай вобласці, была арыштаваная, яе дапытвалі цягам двух дзён і пагражалі адпраўкай у папраўчую калонію перад дэпартацыяй у Беларусь.

Пра затрыманне Вольгі Гурулі першапачаткова паведамілі расійскія СМІ, якія памылкова выказалі здагадку, што яна была супрацоўніцай «Save Ukraine» — няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае сваякам вярнуць дзяцей, незаконна дэпартаваных Расіяй.

Між тым Гурулі была часткай групы мацярок, якія ехалі праз Расію на акупаваную Херсоншчыну, каб нарэшце ўз'яднацца са сваімі дзецьмі, піша «The Guardian».

Паводле даных украінскага ўрада, 16 226 дзяцей былі дэпартаваныя ў Расію, з якіх 10 513 былі знойдзеныя, больш за 300 — вярнуліся. Таксама ёсць асцярогі, што можа быць заніжана колькасць зніклых без вестак.


Міжнародны крымінальны суд (МКС) расследуе дзеянні прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, якая трактуецца як ваеннае злачынства. Іх бацькі вымушаныя самастойна шукаць сваіх дзяцей, і некаторым з тых, хто з гэтай мэтай прыехаў у Расію, удалося вярнуць дэпартаваных дзяцей. У той час як дзеці, якія страцілі бацькоў падчас аблогі Марыупаля і засталіся сіротамі, бясследна зніклі ў санкцыянаванай Крамлём сістэме.

Паводле звестак «Save Ukraine», Вольга Гурулі была затрыманая тыдзень таму. У відэароліку, размешчаным у Інтэрнэце РІА «Навіны», Гурулі патлумачыла, што прыехала ў Расію, каб узяць апеку над двума дзецьмі ў Генічэску Херсонскай вобласці, дадаўшы, што пасля афармлення апякунства яна планавала вывезці дзяцей у Германію.

Паводле слоў прэс-сакратаркі «Save Ukraine» Вольгі Ярохінай, Гурулі цяпер знаходзіцца па-за межамі Расіі і ў бяспецы, але яна не змагла забраць хлопчыкаў з сабой.

Арышт і допыт Гурулі — гэта апошняя з вядомых спраў па выкрадзеных украінскіх дзецях, і публічнае раскрыццё інфармацыі пра арышт, відаць, заклікана адбіць у і без таго напалоханых украінскіх бацькоў ахвоту ездзіць у Расію на пошукі зніклых дзяцей.


Дзве ўкраінскія маці, у якіх «The Guardian» таксама нядаўна ўзяў інтэрв'ю, назвалі досвед паездак па Польшчы, Беларусі і Расіі ў пошуках сваіх дачок «жахлівым».

Выкарыстанне гэтага патэнцыйна небяспечнага маршруту — адзіны спосаб для многіх сем'яў знайсці выкрадзеных дзяцей, часам з дапамогай валанцёраў.

Былы ўкраінскі амбудсмен Мікола Кулеба асцерагаецца за ўкраінскіх дзяцей, якія былі гвалтоўна дэпартаваныя ў Расію:

«Гэта не толькі дзеці, якіх ніхто не суправаджае і якія былі адпраўленыя ў лагеры ў Расіі, але і дзеці, выкрадзеныя са школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў. Мы не ўпэўненыя, пра якую колькасць з іх ідзе гаворка. У некаторых выпадках мы гаворым пра дзяцей, якія знаходзіліся на акупаваных тэрыторыях, а астатняя частка іх сем'яў заставалася на тэрыторыях, што кантралююцца Украінай, і гэтыя сем'і страцілі сувязь са сваімі дзецьмі.

Цяпер яны баяцца, што ніколі больш іх не ўбачаць. Мы павінны гаварыць пра дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ў Расіі і пра якіх мы нічога ня ведаем. Дзеці, чые бацькі былі змешчаныя ў турмы пасля таго, як іх разлучылі ў фільтрацыйных лагерах, або чые бацькі былі забітыя — у прыватнасці, падчас аблогі Марыупаля.

Мы больш за ўсё турбуемся за тых дзяцей, якія зніклі без вестак на працягу шасці месяцаў і больш. Расійскія ўлады падрыхтавалі пасведчанні аб нараджэнні і пашпарты і адправілі іх у прыёмныя сем'і».

Вольгу Гурули затрымалі больш за тыдзень таму ў аэрапорце Дамадзедава ў Маскве. Супрацоўнікі ФСБ забралі ў жанчыны дакументы і тэлефон і два дні дапытвалі яе, пагражаючы турмой. Пасля гэтага жанчыну адправілі ў Мінск і там адпусцілі. Забраць хрэсніка і яго брата ёй не ўдалося.


Нагадаем, што Украіна расследуе ролю Беларусі ў гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей з акупаванай Расіяй Данецкай вобласці. Іх прывозяць у лагеры адпачынку ў Беларусь, і рэжым называе гэта «аздараўленнем» і «рэабілітацыяй». У асноўным у Беларусь прывозяць дзяцей ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў. Паводле інфармацыі расследавальнікаў, гэтым займаецца фонд Аляксея Талая, прадстаўнікі якога заяўлялі, што некаторыя з гэтых дзяцей — сіроты.

Як заяўляе кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення»Павел Латушка, гэта дзеці не толькі з так званых «ЛДНР», гэта і Запарожская вобласць, і многія гарады, якія былі акупаваныя ўжо ў другой фазе вайны:

«Мы ведаем месцы, дзе знаходзяцца ўкраінскія дзеці: ёсць тры месцы ў Мінскай вобласці і адно — у Гомельскай. Мы ведаем колькасць, колькі дзяцей вывозілі летась — ад 1150 да 1500. Мы ведаем, колькі ўжо вывезена, ведаем планы да канца года».

Усё гэта ўлады спрабуюць прадставіць як гуманітарную дапамогу, але насамрэч паводле Жэнеўскай канвенцыі, дзеянні ўладаў Расіі і Беларусі з'яўляюцца ваеннымі злачынствамі.