Восень у Філадэльфіі

Рэформы ў расколатым грамадстве праводзяцца не з мэтай задавальнення запатрабаванняў пэўных сацыяльных груп, а ў адказ на рост дэзарганізацыі эканомікі. (На здымку: Філадэльфія. Сяргей Нікалюк з унукам)



d47619b92cebc6ebfa07969ab5370ae6.JPG

Рэформы ў расколатым грамадстве праводзяцца не з мэтай задавальнення запатрабаванняў пэўных сацыяльных груп, а ў адказ на рост дэзарганізацыі эканомікі.

(На здымку: Філадэльфія. Сяргей Нікалюк з унукам)


Мая службовая камандзіроўка ў Амерыку заканчваецца. З чытаннем курсу паліталогіі майму ўнуку, мяркуючы па адсутнасці прэтэнзій з яго боку, я паспяхова справіўся. На сямейнай нарадзе заключную лекцыю было вырашана прачытаць на радзіме амерыканскай дэмакратыі ў Філадэльфіі ў будынку Індэпэндэнс-хола, дзе ў 1776 годзе была прынята Дэкларацыя незалежнасці, а ў 1787-м — Канстытуцыя ЗША. Пасля заканчэння лекцыі адбылася экскурсія па горадзе з наведваннем мэрыі. Сустрэча з мэрам прайшла ў сяброўскай атмасферы, г. зн. фармальна і нічым асаблівым не запомнілася. Значна цікавей падаліся гутаркі з амерыканцамі, якія разбілі перад будынкам мэрыі намётавы лагер.
Замужжа як індыкатар дэмакратыі
Намётавы лагер у цэнтры Філадэльфіі — адзін з элементаў агульнанацыянальнага руху «Захапі Уол-стрыт», ініцыяванага, дарэчы, канадскай пратэстнай арганізацыяй «Адбустэрс». Замежныя карані руху — не нагода абвінаваціць яго амерыканскіх прыхільнікаў у прыналежнасці да «пятай калоны», як і не падстава ліквідаваць намётавыя лагеры, якія растуць сёння як грыбы па ўсёй краіне.
Права амерыканцаў пратэставаць зафіксавана ў першай папраўцы да Канстытуцыі. Прывяду яе тэкст цалкам: «Кангрэс не павінен выдаваць ніводнага закона, які тычыцца ўсталявання рэлігіі ці забараняе свабоднае спавяданне яе, ці абмяжоўвае свабоду слова ці друку або права народа мірна збірацца і звяртацца да ўрада з петыцыямі наконт задавальнення скаргаў». Адсутнасць законаў, што парушаюць правы грамадзян, — справа важная, але ёсць яшчэ і праваўжывальная практыка. На варце амерыканскага правасуддзя стаіць судовая сістэма на чале з Вярхоўным судом, і, мяркуючы па намётавым лагеры ў Філадэльфіі, з абавязкам гаранта Канстытуцыі яна спраўляецца.
Тут будзе дарэчы гістарычная даведка. Пасля прыняцця амерыканскай Канстытуцыі вельмі хутка выявілася яе сур’ёзная загана — адсутнасць артыкулаў, якія гарантуюць грамадзянскія правы. Адпаведныя дзесяць паправак, што атрымалі пазней нефармальную назву «Біль аб правах», былі прыняты ўжо ў 1791 годзе. Усяго ж за больш чым 200-гадовую гісторыю амерыканскай Канстытуцыі ў яе занесена ўсяго 27 паправак (апошняя ў 1992 годзе).
Беларусам свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян, таксама гарантуецца Канстытуцыяй. У якасці гаранта выступае дзяржава (артыкул 35). Пра тое, як яна спраўляецца са сваім канстытуцыйным абавязкам, суддзя Чыгуначнага райсуда г. Віцебска Алена Грабянчук растлумачыла ў кастрычніку мясцовым апазіцыйным актывістам. Яны патрабавалі, каб суд даў ацэнку дзеянням кіраўніка адміністрацыі раёна, які не задаволіў за год ніводнай заяўкі на мітынг ці пікет. Суддзя, натуральна, скаргу адхіліла.
Тут я не магу ўтрымацца, каб не даць слова «адзінаму палітыку» (АП): «Подлинная демократия — это гарантированный государством уровень жизни. Истинная демократия — это великое достижение и достояние человечества. Демократия — если просто говорить, это то общество, где женщина может чувствовать себя женщиной, спокойно выйти замуж, создать семью, гарантированно и спокойно родить детей, воспитывать их, дать образование и так далее, и так далее — вот суть демократии».
Беларускі варыянт дэмакратыі, калі зыходзіць не з Канстытуцыі, а з яе трактоўкі АП, наяўнасць у грамадзян палітычных правоў не прадугледжвае. Здавалася б, ну і Бог з імі. Галоўнае, каб дзяржава гарантавала ўзровень жыцця. Але вось тут і ўзнікаюць пытанні. Па-першае, не зразумела, пра які ўзровень жыцця ідзе гаворка. Не ўпэўнены, што паміж большасцю беларусаў і АП тут магчымы кансенсус. Мяркуеце самі: «Нашим людям много не надо, молока купить, хлебушка, ну может мяса деткам на праздник». Па-другое, няма ніякай гарантыі, што з малака і «хлебушка» беларусам ужо хуткім часам не прапануюць перайсці на «хлебушек» і ваду.
Або калапс, або рэформы
Усё сказанае вышэй — толькі нагода падступіцца да ключавога для сапраўднай «Азбукі паліталогіі» слова «рэформа» (лат. reformo — пераўтварэнне, якое ўводзіцца заканадаўчым шляхам). Ці здольная беларуская ўлада рэфармаваць сваё ўласнае тварэнне — «беларускую эканамічную мадэль развіцця»? Перш чым паспрабаваць даць адказ на гэта пытанне, неабходна адзначыць, што рэформы на Захадзе карэнным чынам адрозніваюцца ад рэформаў у расколатых грамадствах з незавершанай мадэрнізацыяй.
На Захадзе рэформы грунтуюцца на зваротнай сувязі паміж грамадствам і кіроўнай элітай. Яны з’яўляюцца адказам на палітычны і эканамічны ціск пэўных груп інтарэсаў. Намётавы лагер, які я назіраў у цэнтры Філадэльфіі, — элемент такога ціску. Яго канчатковай мэтай з’яўляецца не дэстабілізацыя ў краіне, а пошук найбольш эфектыўных шляхоў развіцця грамадства і дзяржавы ў сучасных дынамічных умовах. Гучыць парадаксальна, але для захавання стабільнасці сёння неабходна ўвесь час змяняцца.
За якія змены выступаюць прыхільнікі руху «Захапі Уол-стрыт»? Звернемся да макраэканамічнай статыстыкі. За апошнія 30 гадоў унёсак фінансавага сектара ў прыбыткі амерыканскіх карпарацыі павялічыўся з 20 да 50 працэнтаў. Фінансавы сектар з дапаможнага ператварыўся ў дамінантны сектар эканомікі. Але гэта толькі частка праблемы. У шматлікіх амерыканскіх кампаній адлічэнні ў бюджэт у выглядзе падатку на прыбытак меншыя, чым сума выплат выканаўчым дырэктарам. Калі ў 2009 годзе суадносіны заробку шараговых супрацоўнікаў і кіраўнікоў складалі 263 да 1, то летась выраслі — 325 да 1. Адсюль асноўны лозунг маніфестантаў: «Нас — 99%». Маецца на ўвазе, што фінансавая эліта, складаючы ўсяго 1% насельніцтва, атрымлівае львіную частку створаных у краіне багаццяў.

Філадэльфія. Палатачны лагер


Чым вышэй прыбыткі, тым вышэй норма зберажэння. Фінансавыя сродкі, канцэнтруючыся ў руках невялікай часткі насельніцтва, не спараджаюць адэкватнага росту попыту на тавары і паслугі. Гэта яны складаюць аснову спекулятыўнага капіталу, ім фондавыя рынкі абавязаны перыядычным надзіманнем бурбалак, а сыравінныя тавары — коштам, што ніяк не звязаныя з суадносінамі попыту і прапановы.
Ёсць праблема, ёсць і рэакцыя грамадства на яе. Ці азначае гэта, што амерыканскія заканадаўцы пачнуць актыўна на яе адгукацца, у прыватнасці, рэспубліканская большасць у Кангрэсе перастане блакаваць спробы дэмакратаў павялічыць падаткі заможным? Хутчэй за ўсё, не. Але для гэтага і існуе працэдура выбараў. Хто сказаў, што цяперашнія суадносіны прыхільнікаў і апанентаў падвышэння падаткаў у амерыканскім парламенце ёсць велічыня аднойчы і назаўсёды дадзеная?
А зараз вернемся на родную зямлю. Практычна ўсе каналы зваротнай сувязі паміж грамадствам і ўладай у нас ці перакрытыя, ці адсутнічаюць зусім. Групы інтарэсаў ці не развітыя, ці душацца на корані. Адзіны легальны спосаб, з дапамогай якога насельніцтва ў стане данесці свае праблемы наверх, — скаргі. Аднак іх тэматыка строга абмежавана побытавымі праблемамі. Скардзіцца ў Адміністрацыю на суддзю Алену Грабянчук бессэнсоўна.
Але не ўсё так безнадзейна. Звернемся да досведу рэформаў у СССР. Яны ініцыяваліся зверху неаднаразова, але не з мэтай задавальнення запатрабаванняў пэўных сацыяльных груп, а ў адказ на рост дэзарганізацыі эканомікі. У адной з «Азбук паліталогіі» я ўжо пералічваў піруэты, якія давялося здзейсніць Леніну за сваё нядоўгае жыццё ва ўладзе. Праз пяць гадоў пасля смерці правадыра яго паплечнікі былі вымушаныя зноў кардынальна змяніць курс эканамічнага развіцця. Як і яго папярэднікі, новы курс упэўнена павёў краіну ў гістарычны тупік, выйсці з якога спрабавалі ўжо пад кіраўніцтвам Хрушчова, потым Брэжнева і Гарбачова.
Ініцыятары рэформаў кожны раз спадзяваліся на паскарэнне эканамічнага развіцця, грамадства ж разлічвала на перамогу прынцыпу ўраўняльнасці, успрымаючы яго як крыніцу рознага кшталту выгод. Фактычна народ чакаў ад рэформаў цуду. Аўтар гэтых радкоў яшчэ памятае, як у канцы 50-х асноўным элементам візуальнай агітацыі стаў «рог изобилия». Пасля таго, як сваю гістарычную місію ён выканаў, яго давялося замяніць сімволікай, якая адлюстроўвае поспехі ў заваяванні космасу.
Тое, што «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця» бліжэйшым часам не пазбегнуць рэфармавання, з кожным днём робіцца ўсё відавочней. «Зайчык» быў асуджаны даскакацца да адзінага курсу, і гналі яго не патрабаванні крэдытораў, а патрабаванні эканомікі, якая апынулася на грані поўнай дэзарганізацыі. Нядаўняе адкрыццё віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка з нагоды падвышэння пенсійнага ўзросту варта разглядаць у якасці арыі з той жа оперы. І ў дадзеным выпадку выбіраць даводзіцца з двух варыянтаў: або калапс пенсійнай сістэмы, або яе рэфармаванне. Улада абярэ рэформы. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца.
Пра тое, якім чынам ажыццяўляюцца рэформы ў расколатых грамадствах, — тэма асобнай гаворкі.
Замест пасляслоўя
На зваротнай дарозе ад будынка мэрыі я заўважыў сярод сухога жоўтага лісця зялёную паперку. Падняў — 10-доларавая купюра. Сапраўды, Амерыка — краіна неабмежаваных магчымасцяў.