«Вы разумееце, што сёння ноччу здзейснілі дзяржаўны пераварот?»

Непадобна, што ў беларускіх уладаў сёння нешта трасецца. Лукашэнка стаіць на сваім — яму нічога іншага не застаецца. Прыкметаў панікі не відаць і ў яго сілавым атачэнні. Але і народ не здаецца, збіраючы рэкордныя маніфестацыі і паказваючы беспрыкладную салідарнасць і мужнасць. Такое бывае, калі людзі адчуваюць за сабой праўду — гістарычную, палітычную і маральную.

photo_2020_08_16_15_52_16_logo_1.jpg


29 гадоў таму ў СССР адбыўся путч — трыгер да распаду савецкай дзяржавы. Якія паралелі з сёняшнімі беларускімі падзеямі ў тым можна разгледзець?
Калі вы яшчэ малады, і амаль усё жыццё пражылі пры моцнай і квітнеючай стабільнасці, то пра падзеі 19 жніўня 1991-га вам лепей пачытаць у вікіпедыі. Калі вы больш сталага веку, і хаця б дзіцячымі вачыма бачылі славутыя “гонкі на лафетах”, то тыя тэктанічныя зрухі на адной шостай частцы сушы добра памятаеце і зараз.
Але ўсе мы — старыя і малыя — жывём у 2020 годзе, і назіраем, што адбываецца навакол па ўсёй Беларусі. Не заўважыць сэнсавых і эстэтычных перакрыжаванняў мінулага і сучаснага, бадай, немагчыма.

hkczp_1.jpeg


Усё ж трохі гісторыі. 29 гадоў таму, скарыстаўшыся адсутнасцю прэзідэнта Міхаіла Гарбачова (той знаходзіўся на адпачынку ў крымскім Фаросе), група таварышаў вырашыла ратаваць СССР, які памалу развальваўся ва ўмовах перабудовы і галоснасці. Ключавыя фігуры, якія разлічвалі прыпыніць гістарычныя працэсы, выглядалі важка — старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў, віцэ-прэзідэнт Геннадзь Янаеў, міністр абароны Дзмітрый Язаў, міністр унутраных спраў Барыс Пуга, прэм’ер-міністр Валянцін Паўлаў, галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Валянцін Варэннікаў… Усяго каля паўтара дзясятка не надта маладых людзей — буйных чыноўнікаўі партыйцаў з акцэнтам на сілавы блок.
Яны стварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС), ад імя якога тое самае надзвычайнае становішча і паспрабавалі абвясціць. Яго асноўныя параграфы, па сутнасці, зводзіліся да таго, каб узяць пад татальны міліцэйскі і ваенны кантроль цэлыя тэрыторыіі Саюза. Прыпыненне дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый.Забарона на шэсці, мітынгі, дэманстрацыі ды іншыя формы вулічнай актыўнасці. Забарона на страйкі. Жорсткі кантроль над СМІ, якая падняла галаву падчас гарбачоўскіх рэформаў.
Аб сур’ёзнасці намераў скараспелай хунты сведчыў увод войск у Маскву.

1825fdd5f418ea6607e415ad8aaa6572.jpg


З гэтага, уласна кажучы, і пачынаюцца падабенствы савецкага 1991-га з беларусім 2020-м. Аляксандр Лукашэнка надзвычайнае становішча не ўводзіць і, здаецца, такога намеру яшчэ не агучваў. Але яго ўлада таксама грунтуецца спрэс на людзях у пагонах. Як сказаў былы дыпламат і кіраўнік Купалаўскага тэатру Павел Латушка, “краінай фактычна кіруюць сілавікі, перш за ўсё КДБ”.
Другая паралель — перадгісторыя хваляванняў па ўсёй краіне. Беларусь затрэсла ад пачатку года, калі да нашага “клочка земли” без перашкод дакацілася пандэмія каранавірусу. Беларусам аўтарытэтна рэкамендавалі лчыцца з дапамогаў прагрэсіўных сродкаў — чаркай гарэлкі, дымам вогнішча, трактарам. Не зважаючы на небяспеку, улада праводзіла Парад Перамогі і іншыя захапляльныя мерапрыемствы, футбольны чэмпіянат праводзіўся з заўзятарамі на трыбунах. А беларусы штодзень чакалі дадзеных па захварэлых і памёршых. І відавочна трывожыліся, а потым і злаваліся, калі ўсплываў чарговы выпадак махлярства са статыстыкай.

izt3hekrobdm0dewo1unmg.jpg


Няма сумневу: грамадска-палітычныя жарсці ў Беларусі пачалі ўскіпаць менавіта тады — у лютым і сакавіку, калі вертыкаль грэбліва паставілася да бяспекі і здароўя сваіх грамадзян. Да гэтага дадавалася тое, з чым беларусы яшчы сяк-так мірыліся. Перш за ўсё, зразумела, састарэлыя эканамічныя праблемы і паўзучая інфляцыя. І асабліва — падазроная мітусня с “дарожнымі картамі”, стварыўшая рызыку страты суверэнітэту.
У познім СССР крытычная маса пачала назапашвацца таксама загадзя і спакваля. І той жа 1991 год, каб глыбей не капаць, быў ліхаманкавым ад самага пачатку. Разумеючы, што камуністычны рэжым сябе цалкам вычарпаў, супраць яго паўсталі рэгіёны. Паводле вынікаў нацыянальнага рэферэндума аб аднаўленні суверэнітэту абвесціла Грузія. На глебе тых жа памкненняў хадзілі ходырам Літва і Латвія. Масква ўпіралася рогам, гінулі людзі. Саюз дажываў апошнія гады, але па законах гістарычная развіцця яшчэ павінен быў выбухнуць фінальным параксізмам агоніі. Ім і выявіўся путч у жніўні 1991-га.
Гэтак як у сёняшняй Беларусі, адпор аджыўшаму цемрашальству ў Маскве давалі простыя грамадзяне. Шматтысячная калона яшчэ ясным днём сабралася на Цвярской і рушыла ў бок Белага дома. Да вечара колькасць дэманстрантаў павялічылася настолькі, што супраць іх выставілі бронетранспарцёры і танкі. На прылеглых вуліцах у поўнай баявой гатоўнасці стаялі войскі, узброеныя па апошняму слову ваеннай тэхнікі.
Выхаваныя на кананізаваным міфе пра народны супраціў 1917-га, пратэстоўцы, не згаворваючыся, пачалі шпарка будаваць барыкады. У ход ішлі смеццевыя кантэйнеры, вулічныя лаўкі ды іншыя падручныя сродкі. У выніку процістаянне працягнецца некалькі дзен. Вайскоўцам не ставала толькі злачыннага прыказу, каб штурмаваць сваіх жа суайчыннікаў. На шчасце, ніхто з правадыроў ДКНС такую адказнасць на сябе ўзяць не здолеў. Дзякуючы гэтаму, ахвярамі тых падзей сталі толькі тры чалавекі, загінуўшыя ў танэлі на Садовым Кальцы.
На гэты момант ад паслявыбарный агрэсіі сілавікоў у Беларусі загінулі таксама толькі тры чалавекі. Але нешта падказвае: ахвяраў будзе больш — пра некаторых людзей нама звестак, дый увогуле сітуацыя напружаная. Але што дакладна адрознівае путчыстаў ад сучасных беларускіх начальнікаў у пагонах — тады, 29 гадоў назад, яны не былі такія жорсткія. Збіццё, здзекі, катаванні — гэта не паданні мінулы гадоў. Гэта наша сучасная Беларусь, ад якой здрыгануўся ўвесь свет.
Адзін з магутных сімвалаў тых дзён — балет “Лебядзінае возера” ва ўсесаюзным тэлеэфіры. Яго круцілі на ТВ ў перапынках паміж выпускамі навінаў, і музыку Чайкоўскага паспела вывучыць уся агромністая, гінучая краіна.
На беларусім тэлебачанні сёння — падобныя сімптомы. Да Чайкоўскага пакуль не даходзіць, але страйкуюць аператары, звальняюцца журналісты. Самі гавораць: надакучыла хлусіць і скажаць рэальнасць. Іх патрымліваюць людзі, што збіраюцца на пікеты на Макаёнка і Камуністычнай. Адміністрацыя на варце дзяржаўнай ідэалогіі стаіць непахісна, але эфір дзе-нідзе рвецца. Так, на канале “Беларусь 1” у адзін з дзён панавала фонавая музыка, а ў кадры паказвалі пустую канапу.
Яшчэ з эстэтычнага аздаблення Масквы-1991 — паўсюдныя сцягі-трыкалоры. Пратэстоўцы аддавалі ім перавагу перад савецкім кумачом. Аналагічна ў сёняшняй Беларусі: колер пераменаў — бел-чырвона-белы, колер старога парадку — звыклы чырвона-зялёны. Трыкалор з 1991-га ў рэшце рэшт зрабіўся афіцыйным у паслясавецкай Расіі. Што будзе з беларускай сімволікай у будучыні — пытанне адкрытае.
І яшчэ. Супраць путчу тры дзясяткі гадоў таму выступілі людзі культуры. На бок народа паўсталі Мсціслаў Растраповіч, Андрэй Макарэвіч, Аляксандр Гарадніцкі, Таццяна Друбіч і многія іншыя. У гэтыя дні салідарнасць са свабоднымі беларусамі таксама транслююць свету іх знакамітыя суайчыннікі — ад Святланы Алексіевіч і Лявона Вольскага да Макса Каржа і Аляксандры Борціч. Залішне казаць, што патрымка селебрыці ідзе наогул адусюль, і з іншых краін. У глабалізаваным свеце нават Ілон Маск дасылае Беларусі простае жыццёвае пытанне: “Чым мы можам дапамагчы?”
І асобнай чырвонай ніткай праз той савецкі жнівень і гэты беларускі праходзіць постаць Віктара Цоя. Ён не дажыў да распаду Саюза, і не чуў, як у неспакойнай Маскве людзі спявалі “Перамен”. Прайшло амаль трыццаць гадоў, але вечнае не іржавее — тое ж самае зараз надзвычай папулярна і ў Беларусі, дзе скрозь паўсюды “вместо тепла зелень стекла”.
Сілавы марш “Назад у СССР” у сівавалосых камуністаў не атрымаўся. У рашаючы момант путчысты разгубіліся і ад крывавай лазні адмовіліся. Барыс Ельцын пераможна залез на танк, штурхнуў палымяны спіч за дэмакратыю і зрабіў гіганцкі крок насустрач свайму прэзідэнтству ў дэкамунізаванай Расіі. Танк той, дарэчы, належаў вядомай Таманскай дывізіі. Яе частка своечасова перайшла на бок дэманстрантаў, і гэта стала адным з тых фактараў, што вырашылі лёс супрацьстаяння на карысць будучыні.
Так, путчыстам нечага не хапіла — ці то жорсткасці, ці то смеласці. Тое было заўважна ўдзень 19 жніўня, калі ўсё яшчэ толькі пачыналася. “Вы разумееце, што сёння ноччу здзейснілі дзяржаўны пераварот?” — знакамітае пытанне маладой журналісткі Таццяны Малкінай на прэс-канферэнцыі. Ад яго ў віцэ-прэзідэнта Янаева затрэсліся рукі.

01_36.png


Непадобна, што ў беларускіх уладаў сёння нешта трасецца. Лукашэнка стаіць на сваім — яму нічога іншага не застаецца. Прыкметаў панікі не відаць і ў яго сілавым атачэнні. Але і народ не здаецца, збіраючы рэкордныя маніфестацыі і паказваючы беспрыкладную салідарнасць і мужнасць. Такое бывае, калі людзі адчуваюць за сабой праўду — гістарычную, палітычную і маральную.
Як і ў 1991-м, такое вядзе да перамогі — справа толькі ў тэрмінах.