«Высокадакладныя» ракеты: як чатырохгадовая дзяўчынка загінула ў Вінніцы
Рэпартаж «Бі-бі-сі» з Вінніцы, дзе пазаўчора ў выніку ракетнага ўдару загінулі каля 20 чалавеку, у тым ліку маленькая дзяўчынка Ліза.
На траве перад згарэлымі руінамі дома быту «Юбілейны» ляжыць на баку ружовы дзіцячы вазок, запэцканы крывёю.
Гэта быў вазок маленькай дзяўчынкі па імені Ліза.
Чатырохгадовая Ліза — адна з траіх дзяцей, якія загінулі ў чацвер у выніку расійскага ракетнага ўдару па цэнтры Вінніцы.
Яе маці, Ірына Дзмітрыева, атрымала цяжкія раненні.
Пацверджана гібель 23 чалавек у выніку гэтага ўдару, і восем ўсё яшчэ лічацца зніклымі без вестак. Дзясяткі людзей па-ранейшаму ў бальніцы.
Незадоўга да ракетнага ўдару Ірына выклала ў інтэрнэт відэа. Быў цудоўны сонечны дзень, Ліза ўсміхалася і штурхала перад сабой свой ружовы вазок, яны гаманілі з маці пра паход да лагапеда.
«А маці, яна ўсё сэрца ўклала. Дачка была для яе сэнсам жыцця. Яна шалёна яе любіла, і я проста не магу ўявіць, якая гэта трагедыя для сям'і. Яна жыла гэтым дзіцём»,— расказала «Бі-бі-сі» Валерыя Кароль.
Валерыя Кароль кіруе цэнтрам для дзяцей з адмысловымі патрэбамі «LogoClub».
«Дзяўчынка была вельмі разумная, вельмі здольная. Яна была вельмі вясёлая, вельмі любіла да нас хадзіць. Вельмі радавалася — дзяўчынка вельмі добрая», — расказвае Валерыя.
У дзяўчынкі быў сіндром Дауна, і ў профілі яе маці ў «Instagram» засталося мноства фотаздымкаў, якія яна стала размяшчаць там неўзабаве пасля нараджэння сваёй адзінай дачкі. Пад першым з іх стаяў подпіс: «Знаёмцеся, гэта маленькі анёльчык Ліза».
Той раніцай Ліза, як звычайна, таксама пайшла з маці у «LogoClub».
Клуб знаходзіцца ўсяго ў квартале ад плошчы Перамогі, куды трапілі ракеты, і супрацоўнікі цэнтра пры гуках сірэны паветранай трывогі адвялі дзяцей у сховішча. Але Ліза з маці, як і многія іншыя людзі, заставаліся на вуліцы.
Калі пачалася вайна, яны вярнуліся з Кіева ў Вінніцу з меркаванняў бяспекі, таму што горад быў далёка ад лініі фронту. Але сёння ва Украіне ўжо няма бяспечных месцаў.
Валерыя расказала, што Ірына зусім не хавала таго факту, што ў дзяўчынкі сіндром Дауна. Яна хацела, каб людзі ведалі, што такія дзеці нічым не адрозніваюцца ад іншых, што яны вельмі слаўныя і добрыя, кажа Валерыя.
У выніку гэтага ракетнага ўдару былі забітыя таксама два хлопчыкі.
Сямігадовы МаксімЖарый загінуў разам з маці Вікторыяй. Жыхароў вёскі, дзе жылі хлопчык з маці, запрасілі ў пятніцу выйсці на вуліцу і праводзіць у апошні шлях труны з іх целамі.
Паводле ўкраінскай паліцыі, Максім з маці былі на прыёме ў лекара ў медыцынскім цэнтры на першым паверсе «Юбілейнага». Ад гэтай клінікі не засталося нічога, акрамя абгарэлых сцен.
Імя яшчэ аднаго загінулага васьмігадовага хлопчыка не называецца. Ён чакаў свайго дзядзьку ў прыпаркаванай машыне і загінуў, патрапіўшы пад шквал агню ад выбуху.
На месцы ракетнага ўдару яшчэ застаюцца каркасы выгаралых аўтамабіляў. Выбух быў такой сілы, што адну з машын нават павярнула вакол апорнай калоны будынка.
Міністэрства абароны Расіі ў пятніцу зрабіла заяву з нагоды гэтага ракетнага ўдару, у якой нічога не гаварылася пра гібель дзяцей.
Замест гэтага сцвярджалася, што Расія выкарыстоўвала «высокадакладныя» ракеты і нібыта знішчыла тых, хто сабраўся на пасяджэнне ўкраінскіх ваенных і замежных чыноўнікаў, якія абмяркоўвалі пастаўкі зброі.
Пры гэтым на месцы ўдару не было нічога, што магло б гэта пацвердзіць.
На самай справе Расія нанесла ўдар па Доме афіцэраў на плошчы Перамогі. Аднак акрамя назвы, якая засталася яшчэ з савецкіх часоў, у гэтым будынку нічога ваеннага няма.
Там праводзяцца канцэрты, і ў чацвер вечарам там павінна было адбыцца чарговае шоу. Калі ракеты трапілі ў будынак, адзін з удзельнікаў гурта, які павінен быў выступаць, наладжваў гук. Ён памёр у бальніцы ад атрыманых ран. Іншыя музыкі атрымалі раненні звонку будынка.
Паводле слоў украінскіх афіцыйных асоб, з пачатку развязанай Расіяй вайны ва Украіне загінулі 352 дзіцяці і яшчэ сотні атрымалі раненні. Уладзімір Зяленскіназваў гібель людзей у выніку гэтага апошняга абстрэлу актам тэрарызму.
Маці Лізы Ірына па-ранейшаму знаходзіцца ў бальніцы.
«Гэта жахліва. Ні дзеці, ні іх маці не павінны пакутаваць і паміраць», — гаворыць зрывістым голасам Валерыя.
«Я не ведаю, ці ведае ўжо Ірына пра Лізу, расказала яе сям'я ці не. Я сама маці і не ўяўляю, як камусьці можна такое паведаміць, я проста не ведаю», — сказала яна «Бі-бі-сі».
«Гэта жахлівая трагедыя».