З чаго пачынаецца 249-ты дзень вайны Расіі ва Украіне
Узброеныя сілы Украіны працягваюць паспяхова наносіць паразы ворагу і адбіваць свае тэрыторыі.
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі пяць ракетных, 23 авіяцыйныя ўдары і больш за 100 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ад абстрэлаў пацярпелі 45 населеных пунктаў, у тым ліку Славянск і Северск у Данецкай вобласці, Запарожжа і Новааляксандраўка ў Херсонскай вобласці. У Нікапалі трапілі ў прадпрыемства па вывазе бытавых адходаў — згарэла аўтамабільная тэхніка.
Каля Херсона расійскія войскі працягваюць уладкоўваць абарончыя пазіцыі, а на тэрыторыі Новай Кахоўкі іх спецслужбы актыўна праслухоўваюць тэлефонныя размовы грамадзянскага насельніцтва. Таксама Расія працягвае перамяшчаць войскі на тэрыторыю Беларусі: 26 кастрычніка зафіксавана прыбыццё на чыгуначную станцыю Брэст эшалона ваеннай тэхнікі з РФ, сярод якіх — прыхільнікі кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.
Украінскія падраздзяленні адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў: Якаўлеўка, Бахмут, Бахмуцкае, Александропаль, Каменка, Аўдзееўка, Першамайскае, Краснагораўка, Мар'інка, Новаміхайлаўка Данецкай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ.
Пад Луганскам Узброеныя сілы Украіны знішчылі цэлую батарэю расійскіх самаходных артылерыйскіх установак 152 мм. Верагодней за ўсё, над знішчэннем 5 баявых машын працавалі «Himars».
Супольнасць «GeoConfirmed» апублікавала ў «Твітары» расследаванне, у якім гаворыцца, што беспілотнікі USV нанеслі ўдар як мінімум па трох караблях Чарнаморскага флоту Расіі. На адно з відэа, якое было ў расследавальнікаў, трапіла атака на караблі класа «Адмірал Грыгаровіч» і «Адмірал Макараў», а таксама на тральшчык «Іван Галубец». Верагодна, беспілотнікам усё ж удалося ўрэзацца ў судны. Расійцы спрабавалі іх збіць з дзвюх пазіцый — і, хутчэй за ўсё, два БПЛА яны «дасталі».